Вход/Регистрация
1984
вернуться

Оруэлл Джордж

Шрифт:

— Нічога не зробіш, — шапнула яна, як толькі адчула, што можна гаварыць не баючыся. — Я маю на ўвазе заўтра.

— Што?

— Заўтра ўвечары я не змагу прыйсці.

— Чаму?

— А, звычайная прычына. Гэты раз пачалося раней.

На нейкі момант яго ахапіла шалёная злосць. За гэты месяц, што яны сустракаліся, яго пачуццё да яе змянілася. Спачатку ў ім было мала сапраўднага жадання. Іх першы палавы кантакт быў проста валявым учынкам. Але пасля другога разу ўсё змянілася. Пах яе валасоў, смак яе вуснаў, дотык яе скуры, здавалася, напоўнілі яго самога і паветра вакол яго. Яна стала фізічнай неабходнасцю, нечым, чаго ён не проста хацеў, а адчуваў, што мае на гэта права. Калі яна сказала, што не зможа прыйсці, яму здалося, быццам яна яму здраджвае. Але якраз у гэты момант натоўп прыціснуў іх адно да аднаго і іх рукі выпадкова сустрэліся. Яна хуценька паціснула кончыкі яго пальцаў, каб абудзіць у ім не жаданне, а пяшчотную прыязнасць. Ўінстану прыйшла думка, што, калі жывеш з жанчынай, гэтыя перыядычныя расчараванні — звычайная рэч. Глыбокая пяшчота, якую ён яшчэ ніколі да яе не адчуваў, апанавала яго. Яму хацелася б, каб яны былі жанатыя ўжо дзесяць гадоў. Яму хацелася б, каб яны маглі гуляць па вуліцы, так як цяпер, але адкрыта, не баючыся, і гаварыць пра звычайныя рэчы, купляючы нейкую дробязь для гаспадаркі. А больш за ўсё хацеў, каб у іх было месца, дзе яны маглі б заставацца адны, не мусячы пры кожнай сустрэчы займацца каханнем. Але ідэя наняць пакой у пана Чэрынгтана прыйшла яму не тады, а праз дзень. Калі ён сказаў пра гэта Джуліі, яна згадзілася з нечаканай гатовасцю. Абое ведалі, што гэта вар'яцтва. Яны нібы самахоць наблізіліся да магілы. І пакуль ён сядзеў на краі ложка і чакаў, яму зноў падумалася пра сутарэнні Міністэрства Любові. Было дзіўна, як гэты непазбежны наканаваны жах то з'яўляўся, то знікаў са свядомасці. Ён быў тут, у найбліжэйшай будучыні, ён непазбежна папярэднічаў смерці, як дзевяноста дзевяць папярэднічае сотні. Пазбегнуць гэтага было немагчыма, можа, толькі адкласці; аднак жа час ад часу людзі свядома, наўмысна скарачалі час, што ім заставаўся да жахлівага наканавання.

Са сходаў пачуліся хуткія крокі. Джулія ўварвалася ў пакой. Яна трымала ў руцэ торбу з грубага бурага палатна, ён часта бачыў яе з гэтай торбай у міністэрстве. Ён кінуўся, каб абняць яе, але яна хуценька вырвалася з абдымкаў, усё яшчэ трымаючы торбу.

— Хвілінку, — сказала яна. — Я толькі пакажу табе, што я прынесла. Ты прынёс гэтую паскудную каву «Перамога»? Я так і думала. Можаш выкінуць яе. Яна нам не спатрэбіцца. Глядзі.

Яна ўпала на калені, адкрыла торбу і выкінула адтуль ключы і шрубакрут, што ляжалі зверху. Пад імі было некалькі чыстых папяровых пакецікаў. Першы пакецік, які яна падала Ўінстану, выклікаў дзіўнае, але неяк няясна знаёмае пачуццё. У ім было цяжкае сыпкае рэчыва, мяккае навобмацак.

— Што гэта? Цукар? — спытаўся ён.

— Сапраўдны цукар. Не сахарын — цукар. А вось бохан хлеба, сапраўднага белага хлеба, а не гэтага паскудства, а вось — слоік з варэннем. А вось малако. Але глядзі! Гэта сапраўдная раскоша. Я мусіла нават абгарнуць тканінай, бо…

Але ёй не трэба было казаць, нашто яна абгарнула. Пах ужо разліўся ў пакоі — багаты і густы пах, падобны да пахаў ранняга маленства, які часам сустракаўся нават і цяпер. Часам ён чуўся ў нейкім праходзе, пакуль з грукатам не зачыняліся дзверы; ён загадкава лунаў у натоўпе людзей, паяўляўся і губляўся зноў.

— Гэта кава, — прашаптаў ён, — сапраўдная кава.

— Гэта кава для сябраў Унутранай Партыі. Тут цэлы кілаграм, — сказала яна.

— Як ты ўсё гэта дастала?

— Гэта ўсё прадукты для Ўнутранай Партыі. У гэтых свінняў ёсць усё, абсалютна ўсё. Але, вядома, афіцыянты, слугі, людзі крадуць патроху і… Глядзі, тут яшчэ ёсць пакецік з гарбатай.

Ўінстан прысеў побач з ёй. Ён абарваў ражочак пакета і раскрыў яго.

— Гэта сапраўдная гарбата. Не парэчкавае лісце.

— Нядаўна завезлі вялікую партыю гарбаты. Яны заваявалі Індыю ці нейкую іншую краіну, — сказала яна няпэўна. — Але паслухай, любы мой. Адвярніся, калі ласка, на тры хвіліны. Сядзь на той край ложка. Не надта блізка да акна. І не паварочвайся, пакуль я не скажу.

Ўінстан няўважна глядзеў праз муслінавую фіранку. Унізе, у двары, жанчына з чырвонымі рукамі ўсё яшчэ сноўдалася паміж балеяй і вяроўкай. Яна дастала з рота дзве драўляныя зашчапкі і натхнёна заспявала:

Кажуць, з часам загояцца раны І не ўспомніш пра боль, пра ману. Але слёзы і смех тых забытых уцех Закрануць майго сэрца струну.

Здавалася, яна ведала на памяць усе словы гэтай ідыёцкай песні. Яе голас, мілагучны і шчасліва-сумны, гучаў у цёплым летнім паветры. Здавалася, што яна і сапраўды шчаслівая, толькі б гэты чэрвеньскі дзень цягнуўся бясконца, а балея з бялізнай была бяздонная; яна мела б за шчасце заставацца тут тысячу гадоў, развешваць пялюшкі і спяваць розную лухту. Ўінстана ўразіў дзіўны факт: ён ніколі не чуў, каб сябра Партыі спяваў адзін і сам сабе. Гэта здалося б трошкі нядобранадзейным, гэта быў бы небяспечны выбрык, як размова з самім сабой. Можа, толькі людзям, якім пагражае галодная смерць, няма чаго баяцца, і яны спяваюць.

— А цяпер можаш павярнуцца, — сказала Джулія.

Ён павярнуўся і нейкую хвіліну не мог яе пазнаць. Ён чакаў убачыць яе голую, але яна была не голая. Перамена, што адбылася ў ёй, была значна дзіўнейшая. Яна нафарбавала твар.

Напэўна, яна зайшла ў нейкую крамку ў пролаўскіх кварталах і купіла поўны касметычны набор. Вусны ў яе былі цёмна-чырвоныя, шчокі нарумяненыя, нос напудраны. Нават пад вачыма было нешта, што дадавала ім бляску. Зроблена гэта было не надта ўмела, але Ўінстанавы веды ў гэтай галіне каштавалі няшмат. Ніколі раней ён не бачыў і не мог сабе ўявіць партыйную жанчыну з нафарбаваным тварам. Перамена ў яе абліччы была неверагодная. Усяго некалькі штрыхоў там, дзе трэба, і яна зрабілася не толькі прыгажэйшая, але і больш жаноцкая. Кароткія валасы і хлапечы камбінезон толькі ўзмацнялі ўражанне. Калі ён абняў яе, у нос яму ўдарыў пах штучных фіялак. Ён прыгадаў прыцемкі кухні ў сутарэнні і пусты рот жанчыны. Парфума была такая самая, але цяпер, здавалася, гэта было неістотна.

— І парфума таксама! — сказаў ён.

— Так, каханы, і парфума. А ведаеш, што я зраблю другім разам? Я дастану сапраўдную жаночую сукенку і надзену яе замест гэтых ідыёцкіх штаноў. У мяне будуць шаўковыя панчохі і туфлікі на высокіх абцасах. У гэтым пакоі я буду жанчынай, а не таварышам па Партыі.

Яны раздзеліся і залезлі ў вялізны ложак з чырвонага дрэва. Упершыню Ўінстан раздзяваўся перад ёй. Дагэтуль ён саромеўся свайго бледнага і худога цела, разбухлых жыл на нагах і бясколернай плямы над костачкай. Бялізны не было, але коўдра, на якую яны леглі, была працертая і гладкая. Памеры і мяккасць ложка ўразілі іх абаіх.

— Гэты ложак, напэўна, поўны клапоў? — сказала Джулія.

Такіх ложкаў на дваіх болей нідзе нельга было ўбачыць, хіба што толькі ў пролаў. У дзяцінстве Ўінстану даводзілася спаць у такім ложку. Джулія, наколькі яна памятала, ніколі на такім ложку не ляжала.

Яны на хвілінку заснулі. Калі Ўінстан прачнуўся, стрэлкі на гадзінніку ўжо перасунуліся на лічбу «дзевяць». Ён не варушыўся, бо Джулія спала, паклаўшы галаву яму на плячо. Большая частка касметыкі была цяпер на Ўінстанавым твары і на падушцы, але лёгкае ружовае адценне яшчэ трымалася, падкрэсліваючы прыгажосць яе твару. Жоўты прамень закатнага сонца ўпаў на ложак і асвятліў камін, дзе ў рондалі кіпела вада. Унізе, у двары, жанчына ўжо не спявала, але адтуль даляталі прыглушаныя крыкі дзяцей. Ўінстан задумаўся, ці ў скасаванай мінуўшчыне лічылася нармальным, калі свежым летнім вечарам мужчына і жанчына ляжалі вось у такім ложку раздзетыя і займаліся каханнем, калі хацелі, гаварылі, пра што хацелі, не адчуваючы патрэбы ўставаць, проста ляжалі і слухалі спакойныя гукі з вуліцы. Напэўна, не было такіх часоў, калі б гэта лічылася натуральным… Джулія прачнулася, працерла вочы, прыўзнялася і абаперлася на локаць, каб паглядзець на керагаз.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: