Вход/Регистрация
1984
вернуться

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Ўінстан спыніўся і паглядзеў цераз плячо, адчуўшы, што дзверы расчыніліся. І праўда, у пакой не пастукаўшы ўвайшоў жаўтатвары слуга. Ўінстан убачыў, што ён нясе паднос з графінам і чаркамі на ім.

— Марцін — адзін з нашых, — сказаў безуважна О'Браэн. — Сюды чаркі, Марцін. Пастаў іх на круглы столік. Крэслаў хапае? Тады мы можам сесці і гаварыць. Прынясі сабе крэсла, Марцін. Мы будзем гаварыць пра справы. Можаш хвілін на дзесяць перастаць быць слугой.

Чалавечак сеў, уладкаваўся ямчэй у крэсле, але ўсё ж неяк па-прыслужніцку, як упрывілеяваны лёкай. Ўінстан разглядаў яго краем вока. Ён зразумеў, што ўсё жыццё гэтага чалавека было тэатрам і ён баяўся хоць на імгненне выйсці са сваёй ролі.

О'Браэн узяў графін за рыльца і наліў у чаркі цёмна-чырвонай вадкасці. Гэты яго рух абудзіў у Ўінстане цьмяны ўспамін аб нечым, што ён бачыў даўным-даўно на нейкім муры ці рэкламным шчыце: вялізная бутэлька з неонавых трубак, якая нібыта паднімалася і нахілялася і вылівала змесціва ў шклянку. Калі глядзець зверху, вадкасць здавалася амаль чорнай, але ў графіне яна свяцілася, як рубін. Пахла яна кісла-салодка. Ён убачыў, як Джулія ўзяла сваю чарку і са шчырай цікаўнасцю панюхала.

— Гэта завецца віном, — сказаў О'Браэн з лёгкай усмешкай. — Вы павінны ведаць пра яго з кніжак. На жаль, знешняй Партыі яго дастаецца няшмат. — Яго твар зноў зрабіўся паважны, і ён падняў чарку. — Я думаю, цяпер самая пара за нешта выпіць. За нашага Правадыра — Эмануіла Гольдштэйна!

Ўінстан нецярпліва схапіў чарку. Пра віно ён чытаў і даўно пра яго марыў. Як і прэс-пап'е, і напалову прыгаданыя панам Чэрынгтанам вершыкі, віно належала да зніклай рамантычнай мінуўшчыны, да даўніны, як ён патаемна яе называў. Чамусьці ён заўсёды думаў, што віно вельмі салодкае, як парэчкавае варэнне, і адразу п'яніць. Цяпер жа, глынуўшы, ён зусім расчараваўся. Пасля ўсіх тых гадоў, калі ён піў толькі джын, ён ужо быў няздатны адчуць смак віна. Ён апусціў на стол пустую чарку.

— Дык, значыць, чалавек, які завецца Гольдштэйн, сапраўды існуе? — спытаўся ён.

— Так. Ён існуе, і ён жывы. Дзе — не ведаю.

— А падполле? Арганізацыя? Яна сапраўдная? Ці гэта проста выдумка Паліцыі Думак?

— Не. Яна сапраўдная. Мы называем яе Братэрства. Вы ніколі не даведаецеся пра Братэрства нічога, апроч таго, што яно існуе і што вы да яго належыце. Я яшчэ буду пра гэта гаварыць, — ён зірнуў на гадзіннік. — Нават для сябраў Унутранай Партыі непажадана выключаць тэлегляд болей чым на паўгадзіны. Вам не варта было прыходзіць удваіх, ва ўсякім разе адсюль вы пойдзеце паасобку. Вы, таварыш, — сказаў ён, кіўнуўшы Джуліі, — пойдзеце першая. У нас застаецца каля дваццаці хвілін. Вы разумееце, што спачатку я мушу задаць вам некалькі пытанняў. Увогуле: што вы гатовыя зрабіць?

— Усё, на што мы толькі здольныя, — адказаў Ўінстан.

О'Браэн трошкі павярнуўся ў крэсле, цяпер ён сядзеў тварам да Ўінстана. Ён амаль зусім не зважаў на Джулію, лічачы само сабой зразумелым, што Ўінстан будзе гаварыць за абаіх. На імгненне ён апусціў павекі. Пасля пачаў ставіць пытанні ціха, безуважна, быццам гэта для яго найзвычайнейшая справа, як нейкі катэхізіс, на большасць пытанняў якога ён ужо ведаў адказы.

— Ці гатовыя вы ахвяраваць жыццём?

— Так.

— Ці гатовыя вы забіваць?

— Так.

— Учыняць акты сабатажу, якія могуць пацягнуць за сабою смерць тысяч бязвінных?

— Так.

— Здрадзіць сваёй краіне на карысць замежных дзяржаў?

— Так.

— Ці гатовыя вы абдурваць, падрабляць дакументы, шантажаваць, баламуціць розум дзецям, распаўсюджваць наркотыкі, заахвочваць прастытуцыю, разносіць венерычныя хваробы, карацей кажучы, рабіць усё, што дэмаралізуе і аслабляе ўладу Партыі?

— Так.

— Калі б спатрэбілася, напрыклад, заліць твар дзіцяці сернай кіслатой, ці былі б вы гатовыя гэта зрабіць?

— Так.

— Ці гатовыя вы страціць вашую асабовасць і прабыць да канца жыцця афіцыянтам або докерам?

— Так.

— Ці гатовыя вы скончыць самагубствам, калі б мы загадалі вам гэта зрабіць?

— Так.

— Ці гатовыя вы абое разлучыцца і ніколі больш не бачыцца?

— Не! — крыкнула Джулія.

Ўінстану здалося, што, пакуль ён адказваў, мінула шмат часу. На нейкі момант яму здалося, што яму заняло мову. Язык варушыўся бязгучна, мераючыся вымавіць то адно слова, то другое. Ён так і не ведаў, што адкажа, пакуль не пачуў свой адказ:

— Не!

— Добра, што вы мне пра гэта паведамілі, — сказаў О'Браэн. — Нам неабходна ведаць усё.

Ён павярнуўся да Джуліі і дадаў трошкі выразней:

— Вы разумееце, што нават калі ён застанецца жывы, ён будзе зусім іншай асобай? Мабыць, нам прыйдзецца змяніць яго знешнасць. Яго твар, яго рухі, форма рук, колер валасоў, нават голас будуць іншыя. Можа, і вы станеце зусім іншай асобай. Нашы хірургі ўмеюць рабіць людзей абсалютна непазнавальнымі. Часам гэта патрэбна. Часам нам прыходзіцца адняць руку ці нагу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: