Шрифт:
Акіянія ваявала з Усходазіяй. Значыць, Акіянія заўсёды дагэтуль ваявала з Усходазіяй. Такім чынам, значная частка палітычнай літаратуры апошніх пяці гадоў цяпер поўнасцю састарэлая. Розныя справаздачы і запісы, газеты, кнігі, брашуры, фільмы, дыскі, фатаграфіі — усё трэба было выправіць з маланкавай хуткасцю. І хоць не было ніякіх спецыяльных указанняў, усе ведалі, што кіраўніцтва аддзялення жадае, каб праз тыдзень нідзе не засталося ніякай згадкі пра вайну з Эўразіяй ці пра саюз з Усходазіяй. Праца была нязносна цяжкая, тым болей што неабходныя дзеянні нельга было назваць сваімі імёнамі. У аддзяленні дакументацыі кожны працаваў васемнаццаць гадзін за суткі, з двума трохгадзіннымі перапынкамі для кароткага сну. Са скляпоў прынеслі матрасы і расклалі па ўсіх калідорах. Елі бутэрброды, пілі каву «Перамога», якую развозілі на вазочках работнікі сталоўкі. Кожны раз, калі Ўінстан спыняў працу для перапынку на сон, ён стараўся ўсё дарабіць, каб нічога не пакідаць на стале. Але калі ён нявыспаны, прадзіраючы вочы, цягнуўся назад у сваю кабіну, ён знаходзіў там новую навалу скручаных трубкай паперак, якія сумётам закрывалі стол, да паловы завальвалі мовапіс і пачыналі ўжо падаць на падлогу. І таму кожны раз ён мусіў пачынаць з таго, што зграбаў паперы ў кучу і вызваляў трошкі месца. Але найгорш было тое, што праца яго не была цалкам механічная. Часта дастаткова было толькі замяніць адно імя другім, але кожная дэталёвая справаздача патрабавала ўвагі і вынаходлівасці. Вельмі істотна было нават ведаць геаграфію, каб пераносіць вайну з адной часткі свету ў другую.
На трэці дзень у яго ўжо нясцерпна балелі вочы, і ён мусіў штохвіліны праціраць шкельцы акуляраў. Ён нібы змагаўся з нейкай невыносна цяжкай фізічнай задачай, ад якой можна было і адмовіцца, але якую ён усё ж з раздражнёнай упартасцю імкнуўся выканаць. Наколькі ён мог памятаць, яго зусім не бянтэжыла, што кожнае слова, надыктаванае ім на мовапіс, кожная рыска яго чарнакрэса — чыстая хлусня. Ён, як і любы іншы ў аддзеле, дбаў адно пра тое, каб фальшаванні былі дасканалыя. Раніцай шостага дня навала папяровых скруткаў сунялася. За цэлыя паўгадзіны з трубкі пнеўматычнай пошты нічога не з'яўлялася. Пасля выпаў адзін скрутак, а тады зноў нічога. Паўсюль амаль адначасова праца спынілася. Увесь аддзел глыбока і патаемна ўздыхнуў. Была дароблена вялізная праца, пра сутнасць якое, аднак, нельга было згадваць. Цяпер ніхто ўжо не мог дакументальна давесці, што некалі адбывалася вайна з Эўразіяй. У дванаццаць нуль-нуль нечакана абвясцілі, што ўсе супрацоўнікі міністэрства вольныя ад працы да заўтрашняе раніцы. Ўінстан усё яшчэ насіў з сабою партфель з кнігай. Ён ставіў яго паміж ног, калі працаваў, і накрываў целам, калі спаў. Ён вярнуўся да сябе, пагаліўся і ледзь не заснуў у ваннай, хоць вада была ледзь цёплая.
З нейкім пажадлівым хрустам у суставах ён падняўся па сходах у пакойчык над крамай пана Чэрынгтана. Ён быў стомлены, але спаць ужо не хацелася. Ён расчыніў акно, запаліў маленькі брудны керагаз і паставіў вады на каву. Хутка павінна была прыйсці Джулія, а пакуль што перад ім была Кніга. Ён сеў у стары праседжаны фатэль і расшпіліў раменьчыкі партфеля. Гэта быў цяжкі чорны том, пераплецены саматужна, без імя аўтара і тытула на вокладцы. Друк таксама выглядаў трохі няроўным. Старонкі з краёў абтрапаліся і гарталіся лёгка, быццам кніга прайшла ўжо праз мноства рук. На першай старонцы стаяў такі надпіс:
Ўінстан прачытаў далей:
Раздзел першы
Няведанне — гэта сіла
На працягу ўсіх гістарычных эпох, па ўсёй верагоднасці з канца неаліту, у свеце існавала тры катэгорыі людзей: Вышэйшыя, Сярэднія і Ніжэйшыя. Яны ў сваю чаргу дзяліліся на розныя драбнейшыя групы, насілі незлічоную колькасць розных найменняў, іх лічбавыя прапорцыі, а таксама ўзаемныя дачыненні мяняліся ад стагоддзя да стагоддзя. Аднак фундаментальная будова чалавечага грамадства не мянялася ніколі. Нават пасля вялізных зрухаў і нібыта незваротных перамен заўсёды сама па сабе ўсталёўвалася тая самая структура, гэтаксама як гіраскоп заўсёды імкнецца да раўнавагі, у які бок яго б ні схілялі.
Мэты гэтых трох груп абсалютна несумяшчальныя паміж сабою…
Ўінстан прыпыніў чытанне, каб адчуць усю асалоду таго, што можна вось так утульна і бяспечна сядзець і чытаць. Ён быў адзін: ні тэлегляда, ні вуха пры дзвярах, ні баязлівага памкнення азірнуцца цераз плячо ці прыкрыць рукою старонку кнігі. Пяшчотнае летняе паветра лашчыла яму твар. Аднекуль здалёк прыглушана чуліся дзіцячыя галасы. У самім пакоі — ані шолаху, толькі, нібы нейкі шашаль, цікаў гадзіннік. Ўінстан залез глыбей у фатэль і паклаў ногі на камінную кратку. То была шчаснасць, то была вечнасць. І раптам, як часам робіш, калі ведаеш, што ўсё роўна прачытаеш і перачытаеш усю кнігу да апошняга слова, ён разгарнуў яе на іншай старонцы, і яму трапіўся Раздзел трэці. Ён чытаў далей:
Раздзел трэці
Вайна — гэта мір
Падзел свету на тры вялікія звышдзяржавы быў падзеяй, якую можна было прадбачыць і якая фактычна была прадказаная да сярэдзіны дваццатага стагоддзя. З далучэннем Эўропы да Расеі і Брытанскай імперыі да Злучаных Штатаў дзве з трох сучасных вялікіх дзяржаў — Эўразія і Акіянія — па сутнасці, склаліся. Трэцяя — Усходазія — вызначылася як выразная адзінка толькі пасля бязладных баёў наступнага дзесяцігоддзя. Граніцы паміж трыма звышдзяржавамі ў некаторых месцах адвольныя, у іншых яны мяняюцца залежна ад ваенных поспехаў, але ў цэлым яны адпавядаюць геаграфічным абрысам. Эўразія ахоплівае ўсю паўночную частку эўрапейскага і азіяцкага кантынентаў, ад Партугаліі да Берынгавага праліва. Акіянія ўключае ў сябе абедзве Амерыкі, выспы Атлантыкі разам з Брытанскімі выспамі, Аўстралазію і Паўднёвую Афрыку. Усходазія, меншая за дзве папярэднія, з менш выразнай заходняй граніцай, уключае Кітай з паўднёвымі прылегласцямі, Японскія выспы і вялікую, але зменлівую частку Манчжурыі, Манголіі і Тыбету.
Згрупаваныя паміж сабою тым або іншым чынам, гэтыя тры звышдзяржавы на працягу дваццаці пяці гадоў бесперапынна знаходзяцца ў стане вайны. Аднак вайна болей не з'яўляецца адчайнай барацьбой, скіраванай на знішчэнне супраціўніка, як гэта было ў першыя дзесяцігоддзі дваццатага стагоддзя. Гэта ўзброеная барацьба з абмежаванымі мэтамі паміж супраціўнікамі, якія не могуць знішчыць адзін аднаго, у якіх няма для вайны ніякіх матэрыяльных прычын і якіх не падзяляюць ніякія істотныя ідэалагічныя супярэчнасці. Гэта, аднак, не значыць, што метады вядзення вайны або агульнае стаўленне да яе сталіся менш крывавыя і больш рыцарскія. Наадварот, ваенная істэрыя лютуе няспынна і паўсюдна ва ўсіх краінах, а гвалт, рабункі, забойства дзяцей, заняволенне цэлых народаў, катаванне палонных, якое даходзіць да таго, што іх вараць і хаваюць жыўцом — усё гэта лічыцца нармальным. Гэтыя злачынствы, учыненыя сваімі салдатамі, а не ворагам, лічацца значнымі заслугамі. Але з матэрыяльнага боку ў вайне занята вельмі мала людзей, пераважна гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты, і яна прыносіць параўнаўча мала ахвяр. Барацьба, калі яна ёсць, ідзе недзе на няпэўных граніцах, аб праляганні якіх звычайны чалавек можа толькі здагадвацца, або вакол Плывучых Крэпасцяў, якія ахоўваюць стратэгічныя пункты на марскіх шляхах. У цэнтрах цывілізацыі вайна выяўляецца найперш праз няспынную нястачу прадуктаў спажывання і перыядычнае скіданне ракетных бомбаў, кожная з якіх можа забіць некалькі дзесяткаў чалавек. Змяніўся, па сутнасці, сам характар вайны. Дакладней кажучы, змяніўся іерархічны парадак прычын, якія выклікаюць вайну. Матывы, што ўжо існавалі, хоць і ў меншай меры, пад час вялікіх войнаў пачатку дваццатага стагоддзя, сталіся цяпер асноўнымі і адкрыта прызнанымі.
Каб зразумець сутнасць цяперашняй вайны — бо нягледзячы на частыя перагрупаванні супраціўнікаў гэта заўсёды тая самая вайна, — трэба найперш уявіць сабе, што яна не можа мець вырашальнага характару. Ніводная з трох звышдзяржаў не можа быць канчаткова зваяваная, нават дзвюма астатнімі разам. Занадта роўна падзелены сілы, занадта магутныя іх натуральныя сродкі абароны. Эўразія надзейна абаронена сваімі тэрытарыяльнамі абшарамі, Акіянія — вялікасцю Атлантычнага і Ціхага акіянаў, Усходазія — пладавітасцю і працавітасцю сваіх жыхароў. Па-другое, з матэрыяльнага пункту гледжання болей няма за што ваяваць. З усталяваннем самадастатковых эканамічных сістэм, пры якіх вытворчасць і спажыванне цесна счэплены між сабою, барацьба за рынкі збыту, адна з асноўных прычын колішніх войнаў, сталася непатрэбная. Разам з тым змаганне за сыравіну перастала быць пытаннем жыцця і смерці. Ва ўсялякім разе, кожная з трох звышдзяржаў дастаткова вялікая, каб здабыць у сваіх межах амаль усе патрэбныя матэрыялы. Калі толькі вайна і мае нейкія непасрэдныя эканамічныя мэты, дык гэта вайна за рэсурсы працоўнае сілы. Паміж граніцамі трох звышдзяржаў ляжыць тэрыторыя, якою ніводная з іх не валодае пастаянна. Гэта чатырохкутнік з вяршынямі ў Танжэры, Бразавілі, Дарвіне і Ганконгу, у якім жыве прыблізна пятая частка насельніцтва Зямлі. Якраз за валоданне гэтымі густанаселенымі раёнамі, а таксама за паўночны полюс, і ідзе няспынная барацьба паміж трыма звышдзяржавамі. Практычна, ніводная з іх ніколі не валодае ўсёй гэтай спрэчнай тэрыторыяй. Асобныя часткі яе пераходзяць з рук у рукі, і жаданне завалодаць тым або іншым рэгіёнам праз раптоўную здраду свайму саюзніку і прыводзіць да бясконцых перагрупаванняў.