Вход/Регистрация
1984
вернуться

Оруэлл Джордж

Шрифт:

— Калі мяне арыштавалі, Акіянія ваявала з Усходазіяй.

— З Усходазіяй. Добра. І Акіянія заўсёды ваявала з Усходазіяй, праўда?

Ўінстан уздыхнуў. Ён раскрыў рот, каб сказаць, і не сказаў. Ён не мог адвесці вачэй ад шкалы з лічбамі.

— Калі ласка, праўду, Ўінстан. Вашу праўду. Скажыце мне, што вы памятаеце.

— Я памятаю, што яшчэ толькі за тыдзень перад тым, як мяне арыштавалі, мы ваявалі зусім не з Усходазіяй. Мы былі саюзнікамі з імі. Вайна была з Эўразіяй. Яна цягнулася чатыры гады. А перад тым…

О'Браэн знакам рукі спыніў яго.

— Яшчэ адзін прыклад, — сказаў ён. — Некалькі гадоў таму ў вас была вельмі небяспечная манія. Вам здавалася, што тры чалавекі, тры колішнія сябры Партыі Джоўнз, Эрансан і Радэрфорд — людзі, пакараныя за здраду і сабатаж пасля найпадрабязнейшых прызнанняў, — не былі вінаватыя ў злачынствах, у якіх іх вінавацілі. Вам здавалася, што вы бачылі неаспрэчны дакументальны доказ таго, што іх прызнанні былі несапраўдныя. Вы бачылі ў галюцынацыі нейкі фотаздымак. Вам здавалася, што вы і сапраўды трымалі яго ў руках. Здымак быў прыблізна такі.

Між пальцаў О'Браэна а'явілася выцягнутая газетная выцінка. Нейкіх пяць секунд яна была ў полі зроку Ўінстана. Гэта быў фотаздымак, і ў яго аўтэнтычнасці не магло быць сумненняў. Гэта быў той фотаздымак. Гэта быў яшчэ адзін асобнік фатаграфіі Джоўнза, Эрансана і Радэрфорда на партыйным мерапрыемстве ў Ню-Ёрку, на якую ён натрапіў выпадкова адзінаццаць гадоў таму і якую ён адразу знішчыў. Толькі нейкі момант яна была перад яго вачыма і пасля зноў знікла. Але ён яе бачыў, без сумнення, ён яе бачыў! Ён зрабіў адчайдушнае намаганне вызваліць верхнюю палову свайго цела. Але было немагчыма зварухнуцца хоць на сантыметр у любы бок. На хвіліну ён нават забыўся пра шкалу. Ён хацеў аднаго — зноў трымаць у руках тую фатаграфію ці хоць бы зноў яе пабачыць.

— Яна існуе! — закрычаў ён.

— Не, — сказаў О'Браэн.

Ён прайшоў праз увесь пакой да процілеглай сцяны. Там была дзіра памяці. О'Браэн падняў кратку. Маленькую палоску паперы незаўважна падхапіў паток цёплага паветра, і яна знікла ў водблісках полымя. О'Браэн павярнуўся да Ўінстана.

— Попел, — сказаў ён. — Попел, у якім ужо нічога не распазнаеш. Пыл. Яна не існуе. Яна ніколі не існавала.

— Але ж яна існавала! Яна існуе! Яна існуе ў памяці. Я памятаю яе. Вы памятаеце яе.

— Я не памятаю яе, — сказаў О'Браэн.

У Ўінстана абарвалася сэрца. Гэта было двухдумства. Ён адчуў смяротную бездапаможнасць. Калі б ён мог быць упэўнены, што О'Браэн хлусіць, было б яшчэ не страшна. Але было цалкам магчыма, што О'Браэн і сапраўды забыўся пра фатаграфію. А калі так, дык цяпер ён мусіў забыцца пра адмаўленне, што ён яе памятае, і ўрэшце забыцца пра сам акт забыцця. Як можна было з усёй пэўнасцю лічыць, што гэта простае махлярства? Можа, гэты вар'яцкі зрух у свядомасці і сапраўды быў магчымы — гэтая думка яго дабіла.

О'Браэн у роздуме глядзеў на яго. Больш чым калі ён быў падобны цяпер на настаўніка, які б'ецца над свавольным, але здатным вучнем.

— Ёсць партыйны лозунг, у якім гаворыцца пра кантроль над мінуўшчынай, — сказаў ён. — Паўтарыце яго, калі ласка.

— «Хто кантралюе мінуўшчыну — той кантралюе будучыню, хто кантралюе цяпершчыну — той кантралюе мінуўшчыну», — паслухмяна паўтарыў Ўінстан.

— «Хто кантралюе цяпершчыну — той кантралюе мінуўшчыну», — пацвярджаючы, ківаў галавою О'Браэн. — Дык вы думаеце, Ўінстан, што мінуўшчына існуе рэальна?

І зноў Ўінстана агарнула пачуццё бездапаможнасці. Ён крадком глянуў на шкалу. Ён не толькі не ведаў, які адказ — «так» або «не» — вызваліць яго ад пакуты; ён нават не ведаў, які адказ ён сам лічыў слушным.

О'Браэн ледзь заўважна ўсміхнуўся.

— Вы не метафізік, Ўінстан, — сказаў ён. — Дагэтуль вы ніколі не задумваліся над тым, што такое існаванне. Скажу больш дакладна. Ці мінуўшчына існуе канкрэтна ў прасторы? Ці ёсць дзе-небудзь месца ў свеце матэрыяльных прадметаў, дзе ўсё яшчэ адбываецца мінуўшчына?

— Не.

— Тады дзе ж існуе мінуўшчына, калі яна ўвогуле існуе?

— У пісьмовых запісах. Яна занатаваная.

— У запісах. І…?

— У свядомасці. У чалавечай памяці.

— У памяці. Цудоўна. Мы, Партыя, кантралюем усе запісы, мы кантралюем усю памяць. Значыць, мы кантралюем мінуўшчыну. Так ці не?

— Але як вы можаце зрабіць так, каб людзі нічога не памяталі? — закрычаў Ўінстан, зноў на хвіліну забыўшыся пра шкалу. — Яно ж запамінаецца само, незалежна ад чалавека. Як вы можаце кантраляваць памяць? Вы ж не кантралявалі маю памяць?!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: