Вход/Регистрация
1984
вернуться

Оруэлл Джордж

Шрифт:

— Гэтым разам балець не будзе, — сказаў ён. — Глядзіце ўважліва на мяне.

У гэты момант адбыўся спусташальны выбух ці нешта падобнае да выбуху, хоць і не было ясна, ці пачуўся пры гэтым нейкі гук. Прынамсі, без ніякага сумнення, асляпляльна бліснула святло. Ўінстану нічога не балела, але ён быў цалкам зняможаны. І хоць ён ужо і так ляжаў на спіне, калі гэта адбылося, у яго было дзіўнае пачуццё, што яго збілі з ног. Яго зваліў нейкі жахлівы бязбольны ўдар. І яшчэ нешта адбылося ў яго галаве. Калі да яго вярнуўся зрок, ён прыгадаў, хто ён такі і дзе ён, ён пазнаў твар, што быў перад ім; але недзе зеўрала пустка, быццам яму выразалі частку мозга.

— Гэта ненадоўга, — сказаў О'Браэн. — Глядзіце мне ў вочы. З якой краінай ваюе Акіянія?

Ўінстан падумаў. Ён ведаў, што такое Акіянія і што сам ён — грамадзянін Акіяніі. Ён памятаў таксама пра Эўразію і Ўсходазію. Але хто з кім цяпер ваяваў, ён не ведаў. Па праўдзе кажучы, ён і не заўважаў, што ідзе нейкая вайна.

— Я не памятаю.

— Акіянія ваюе з Усходазіяй. Цяпер вы памятаеце?

— Так.

— Акіянія заўсёды ваявала з Усходазіяй. Ад пачатку вашага жыцця, ад пачатку існавання Партыі, ад пачатку гісторыі гэтая вайна цягнулася няспынна, і гэта была заўсёды тая самая вайна. Памятаеце?

— Так.

— Адзінаццаць гадоў таму вы прыдумалі легенду пра трох людзей, асуджаных на смерць за здраду. Вы сцвярджалі, што бачылі кавалак паперы, які нібыта сведчыў, што яны невінаватыя. Такога кавалка паперы не існавала. Вы прыдумалі яго, а пасля самі ва ўсё паверылі. Цяпер вы памятаеце той самы момант, калі вы ўпершыню гэта ўсё прыдумалі. Памятаеце?

— Так.

— Толькі што я паказаў вам пальцы на руцэ. Вы бачылі пяць пальцаў. Памятаеце?

— Так.

О'Браэн падняў левую руку, схаваў вялікі палец і выставіў астатнія.

— Тут пяць пальцаў. Бачыце пяць пальцаў?

— Так.

І ён сапраўды бачыў іх нейкі няўлоўны момант, пакуль вобразы ў яго свядомасці не змяніліся на іншыя. Ён бачыў пяць пальцаў, і гэта была не памылка. Пасля зноў усё навокал сталася нармальным, і тады стары страх, нянавісць і замяшанне зноў вярнуліся да яго. Але да гэтага быў момант — ён не ведаў, колькі ён цягнуўся, можа, паўхвіліны, — прамяністай яснасці, калі кожнае новае слова О'Браэна запаўняла пустку ў свядомасці і рабілася абсалютнай ісцінай, калі двойчы два магло з лёгкасцю раўняцца і тром, і пяці, калі гэта неабходна. Гэтае адчуванне знікла яшчэ перад тым, як О'Браэн апусціў руку; і хоць ён не мог вярнуць яго, ён мог пра яго памятаць, як нехта памятае пра нейкі цікавы выпадак з далёкага перыяду свайго жыцця, калі ён і сапраўды быў зусім іншым.

— Цяпер вы бачыце, — сказаў О'Браэн, — што, ва ўсялякім разе, гэта магчыма.

— Так, — адказаў Ўінстан.

О'Браэн устаў задаволены. Злева за яго спінай Ўінстан убачыў, як чалавек у белым халаце абламаў ампулу і набраў яе змесціва ў шпрыц. О'Браэн павярнуўся да Ўінстана і ўсміхнуўся. І амаль як некалі, ён паправіў акуляры на носе.

— Памятаеце, як аднойчы вы напісалі ў вашым дзённіку, — сказаў ён, — што не істотна, сябар я вам або вораг, бо я чалавек, які, прынамсі, вас разумее і з якім можна пагаварыць? Вы мелі рацыю. Я люблю гаварыць з вамі. Ваш розум мяне цікавіць. Ён падобны да майго розуму, з той толькі розніцай, што ваш — нездаровы. Перш чым скончыцца сеанс, вы можаце задаць мне некалькі пытанняў, калі хочаце.

— Любыя пытанні?

— Любыя, — ён убачыў, што Ўінстан глядзіць на шкалу. — Прыбор выключаны. Ваша першае пытанне?

— Што вы зрабілі з Джуліяй?

О'Браэн зноў усміхнуўся.

— Яна здрадзіла вам, Ўінстан. Адразу, не чакаючы. Я рэдка бачыў, каб нехта пераходзіў на наш бок так хутка. Вы наўрад ці пазналі б яе, калі б пабачылі. Уся яе бунтоўнасць, уся хітрасць і безразважнасць, уся непрыстойнасць — усё было ўмомант выпалена з яе. Гэта было дасканалае наверненне, хрэстаматыйны выпадак.

— Вы катавалі яе?

О'Браэн не адказаў.

— Наступнае пытанне, — сказаў ён.

— Ці існуе Вялікі Брат?

— Вядома ж, ён існуе. Партыя існуе, Вялікі Брат — увасабленне Партыі.

— Ці існуе ён гэтаксама, як існую я?

— Вы не існуеце, — адказаў О'Браэн.

І зноў яго агарнула пачуццё бездапаможнасці. Ён ведаў або мог сабе ўявіць усе аргументы, што даводзілі яго няіснасць, але яны былі бяссэнсіцай, гульнёй слоў. Ці не змяшчала ў сабе сцверджанне «Вы не існуеце» лагічнай абсурднасці? Але што было пра гэта гаварыць. Яго мозг сціснуўся ад адной думкі пра тыя неаспрэчныя, вар'яцкія аргументы, якімі О'Браэн раздушыць яго.

— Я думаю, што я існую, — стомлена сказаў ён. — Я ўпэўнены ў сваёй сапраўднасці. Я нарадзіўся, і я памру. У мяне ёсць рукі і ногі. Я займаю пэўнае месца ў прасторы. Ніводнае іншае цвёрдае цела не можа адначасова займаць тое самае месца. Ці існуе Вялікі Брат у гэтым сэнсе?

— Усё гэта не так важна. Ён існуе.

— Ці можа Вялікі Брат калі-небудзь памерці?

— Вядома ж, не. Як жа ён можа памерці? Наступнае пытанне.

— Ці існуе Братэрства?

— Пра гэта, Ўінстан, вы не даведаецеся ніколі. Калі, скончыўшы з вамі працаваць, мы вырашым вас вызваліць і калі вы дажывяцё да дзевяноста гадоў, вы ўсё роўна ніколі не будзеце ведаць адказу на гэтае пытанне. Пакуль вы жывы, гэта застанецца ў вашай свядомасці неразгаданай загадкай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: