Шрифт:
Слоўнік А. У слоўнік А ўваходзяць словы, неабходныя ў штодзённым жыцці, напрыклад, пры ядзенні, піцці, працы, адзяванні, падніманні і апусканні па сходах, езджанні транспартам, гатаванні і гэтак далей. Ён амаль цалкам складаецца са слоў, якія мы ўжо маем, такіх як: біць, бегчы, сабака, дрэва, цукар, дом, поле — але ў параўнанні з сённяшнім слоўнікам колькасць іх абмежавана, а сэнс сцісла акрэслены. Яны былі ачышчаны ад усіх двухсэнсоўнасцяў і няяснасцяў. Наколькі гэта было магчыма, навамоўнае слова гэтага класу ўяўляла сабою просты гук стаката, які азначаў адзінае вузкаакрэсленае паняцце. Было цалкам немагчыма ўжываць слоўнік А для літаратурных мэтаў або ў палітычнай ці філасофскай дыскусіі. Ён прызначаўся для выказвання простых і мэтазгодных думак, што датычыліся звычайна канкрэтных рэчаў або фізічных дзеянняў.
Граматыка навамоўя мела дзве выдатныя асаблівасці. Першай была амаль поўная ўзаемазамяняльнасць паміж рознымі часцінамі мовы. Любое слова ў мове (гэта датычылася нават найбольш абстрактных слоў, як, напрыклад, калі або як) магло быць ужытае як дзеяслоў, як назоўнік, як прыметнік і як прыслоўе. Не было ніякае розніцы паміж формамі дзеяслова і назоўніка, калі яны паходзілі ад аднаго кораня, і ўжо адно гэта прыводзіла да знішчэння шматлікіх архаічных формаў. Слова думка, напрыклад, у навамоўі не існавала. Яно было заменена на дум, якое магло быць і дзеясловам і назоўнікам. Пры ўтварэнні такіх слоў не вытрымліваўся пэўны этымалагічны прынцып: часам у якасці адзінай бралася форма дзеяслова, а часам — назоўніка. Нават калі блізкія сэнсам дзеяслоў і назоўнік паходзілі ад розных каранёў, адзін з іх часта касаваўся. Напрыклад, не існавала слова рэзаць, яго сэнс з дастатковай поўнасцю выказваўся назоўнікам, дзеясловам нож. Прыметнікі ўтвараліся дадаваннем да назоўніка-дзеяслова суфікса — ны, а прыслоўі — суфікса — на. Так, напрыклад, прыметнік ад слова праўд быў праўдны, а прыслоўе — праўдна. Былі захаваныя некаторыя цяперашнія прыметнікі, напрыклад, добры, дужы, вялікі, чорны, мяккі, але іх было вельмі мала. Яны былі малаўжываныя, бо практычна любы прыметнік можна было ўтварыць, дадаўшы — ны да назоўніка-дзеяслова. Не захавалася ніводнага цяперашняга прыслоўя, акрамя невялікае колькасці тых, што ўжо канчаліся на — на. Канчатак — на быў абавязковы. Слова шмат было, напрыклад, заменена на вялікна.
Да таго ж, кожнае слова — гэта датычылася ў прынцыпе любога слова ў мове — магло прыняць адмоўную форму праз дадаванне прыстаўкі не-. Сэнс слова ўзмацняўся прыстаўкай плюс-, а найбольш — прыстаўкай звышплюс-. Так, напрыклад, нехалодны значыла «цёплы», а плюсхалодны і звышплюсхалодны значыла адпаведна «вельмі халодны» і «надзвычай халодны». Як і ў цяперашняй мове, змест амаль кожнага слова можна было змяніць, дадаўшы да яго прыстаўкі-прыназоўнікі, гэткія як перад-, па-, над-, пад— і гэтак далей. Дзякуючы ўсяму гэтаму ўдалося нязмерна скараціць слоўнік. Скажам, калі ёсць слова добры, няма патрэбы ў слове дрэнны, бо неабходны сэнс гэтак жа добра, ці нават яшчэ і лепш, выказваецца словам нядобры. У выпадку, калі два словы ўтваралі антанімічную пару, трэба было проста вырашыць, якое з гэтых слоў скасаваць. Цёмны, напрыклад, можна было замяніць на нясветлы, або светлы на няцёмны, як каму падабаецца.
Другой адметнаю рысай навамоўнае граматыкі была яе рэгулярнасць. Усе граматычныя формы, за нешматлікімі выключэннямі, падпарадкоўваліся аднолькавым правілам.
Тымі класамі слоў, якім дазвалялася змяняцца насуперак агульным правілам, былі займеннікі і дапаможныя дзеясловы. Усе яны захавалі свае ранейшыя формы, апроч займенніка каму, які быў скасаваны дзеля непатрэбнасці. Зніклі таксама мадальныя дзеясловы магу, можаш, хачу, хочаш, іх сэнс быў цалкам ахоплены дзеясловам мушу, мусіш. Былі таксама пэўныя адхіленні ў словаўтварэнні, выкліканыя патрэбамі паскарэння і спрашчэння маўлення. Слова, якое цяжка вымавіць або можна зблытаць з іншым словам, аўтаматычна лічылася дрэнным словам. Тады часам дзеля мілагучнасці ўстаўляліся дадатковыя гукі або захоўвалася архаічная форма. Асабліва выразна гэта адчуваецца ў слоўніку В. Чаму зручнасці вымаўлення надавалася такая вялікая ўвага, станецца зразумела далей.
Слоўнік В. Слоўнік В складаўся са слоў, штучна створаных дзеля пэўных палітычных мэтаў: гэта значыць слоў, якія не толькі ў кожным выпадку мелі палітычны сэнс, але і настройвалі на пажаданы манер думкі тых, хто іх ужываў. Без поўнага разумення прынцыпаў Ангсоцу было цяжка ўжываць гэтыя словы правільна. У некаторых выпадках яны маглі быць перакладзеныя на старамоўе і нават на словы са слоўніка А, але звычайна гэта патрабавала доўгіх апісальных зваротаў і заўсёды губляліся пэўныя адценні. Словы са слоўніка В былі своеасаблівай стэнаграфіяй, калі цэлы шэраг паняццяў змяшчаўся ў некалькіх складах, і разам з тым яны былі больш дакладныя і пераканальныя, чым у звычайнай мове.
Словы са слоўніка В былі ва ўсіх выпадках складанымі словамі [2] . Яны будаваліся з двух ці болей слоў або кавалкаў слоў, злучаных разам у лёгкую для вымаўлення форму. У выніку атрымліваўся заўсёды назоўнік-дзеяслоў, які падлягаў агульным правілам словазмянення. Прывядзём адзін прыклад: слова дабрадум, якое вельмі прыблізна можна перакласці як «добранадзейнасць», або, калі разглядаць яго як дзеяслоў, «думаць добранадзейна». Яно змянялася гэтак: назоўнік-дзеяслоў дабрадум; мінулы час добрадумаў; цяперашні час добрадумае; прыметнік дабрадумны; прыслоўе дабрадумна; аддзеяслоўны назоўнік дабрадумнік.
2
Складаныя словы, як, напрыклад, мовапіс, сустракаліся, вядома ж, і ў слоўніку А, але гэта былі ўсяго толькі зручныя скароты, якія не мелі адмысловай ідэалагічнай афарбоўкі.
Словы ў слоўніку В будаваліся без ніякіх этымалагічных прынцыпаў. Словы, з якіх яны складаліся, маглі належаць да любой часціны мовы, маглі быць размешчаны ў любым парадку і маглі быць зменены любым манерам, каб толькі іх было лёгка вымаўляць і можна было распазнаць зыходныя формы. У слове злачындум (думзлачынства), напрыклад, дум стаяла на другім месцы, а ў слове думпол (Паліцыя Думак) — на першым, да таго ж у другім спалучэнні слова паліцыя страціла сваю другую частку. У слоўніку В захаваць мілагучнасць было цяжэй, і таму адхіленні ад агульных правілаў сустракаліся тут часцей, чым у слоўніку А.
Некаторыя словы са слоўніка В мелі вельмі тонкія адценні значэнняў, амаль няўлоўныя для тых, хто не меў цэласнага ўяўлення пра навамоўе. Разгледзім, напрыклад, такі тыповы сказ з перадавога артыкула «Таймз» Старадумы ненутромчуюць Ангсоц. На старамоўі найкарацейшым чынам гэта можна было б перадаць так: «Тыя людзі, чый светапогляд сфармаваўся да Рэвалюцыі, не могуць дасягнуць поўнага пачуццёвага разумення прынцыпаў Ангельскага Сацыялізму». Але гэты пераклад недакладны. Па-першае, каб цалкам ахапіць сэнс працытаванага вышэй навамоўнага сказа, неабходна было мець выразнае ўяўленне пра тое, што значыць Ангсоц. Да таго ж толькі той, хто старанна засвоіў прынцыпы Ангсоцу, мог ацаніць усю вобразную моц слова нутромчуць, якое азначала сляпую, безаглядную згоду з чым-небудзь, амаль неўяўляльную сёння; або слова старадум, неадрыўна звязанага з паняццямі злачыннай заганы і ўпадніцтва. Але адмысловым прызначэннем некаторых навамоўных слоў, у тым ліку і слова старадум, было не так выказваць значэнні, як разбураць іх. Гэтыя словы, дарэчы, нешматлікія, пашырылі свае значэнні да гэткай ступені, што ўвабралі ў сябе цэлыя плоймы слоў, якія цяпер можна было скасаваць і забыць, бо для выказання іх сэнсу дастаткова аднаго добра зразумелага слова. Найвялікшай цяжкасцю, якая паўставала перад складальнікамі Слоўніка Навамоўя, было не прыдумляць новыя словы, а, прыдумаўшы іх, вызначыць, што яны значылі, а прасцей кажучы, вызначыць, якія шэрагі слоў можна выкінуць з мовы.