Шрифт:
Як мы ўжо бачылі ў выпадку са словам свабодны, словы, якія некалі мелі шкодныя значэнні, часам захоўваліся ў мове дзеля зручнасці, папярэдне ачышчаныя ад гэтых непажаданых значэнняў. Безліч іншых слоў, як, напрыклад, гонар, справядлівасць, маральнасць, інтэрнацыяналізм, дэмакратыя, навука і рэлігія, проста перасталі існаваць. Некалькі агульных слоў цалкам ахаплялі іх сэнс і, ахапіўшы, паглыналі іх. Усе словы, згрупаваныя вакол паняццяў «свабода» і «роўнасць», уліліся ў адзінае слова злачындум, а ўсе словы, што групаваліся вакол паняццяў «аб'ектыўнасць» і «здаровы розум», замяніліся цяпер адзіным словам старадум. Большая дакладнасць магла б быць небяспечнай. Ад сябры Партыі патрабаваўся погляд на свет, падобны да таго, які мелі старажытныя жыды, якія ведалі, што ўсе народы, апроч іхнага, пакланяліся «фальшывым багам». Ім не трэба было ведаць, што тыя багі зваліся Ваал, Асірыс, Малох, Аштарта і гэтак далей: відаць, чым меней яны пра іх ведалі, тым лепей было для іх прававернасці. Яны ведалі Ягвэ і прыказанні Ягвэ, і таму яны ведалі, што ўсе багі з іншымі імёнамі або іншымі атрыбутамі былі фальшывыя. Падобным чынам сябра Партыі ведаў, што лічылася добрымі паводзінамі, і вельмі цьмяна, у агульных рысах — магчымыя ад іх адхіленні. Яго палавое жыццё, напрыклад, цалкам рэгулявалася двума навамоўнымі словамі: ползлачын (палавая амаральнасць) і дабрапол (цнатлівасць). Ползлачын ахапляў усе магчымыя амаральныя палавыя ўчынкі — блудадзейства, чужаложніцтва, мужаблуддзе і іншыя праявы распусты, а таксама звычайныя палавыя зносіны, калі яны не мелі за мэту працяг роду. Не было патрэбы мець для іх паасобныя назвы, бо ўсе яны былі аднолькава злачынныя і часцей за ўсё гэтак жа аднолькава караліся смерцю. У слоўніку С, які складаўся з навукова-тэхнічнай тэрміналогіі, часам узнікала патрэба даць адмысловыя назвы пэўным палавым адхіленням, але звычайнаму грамадзяніну такія словы былі непатрэбныя. Ён ведаў, што значыла слова дабрапол — звычайныя палавыя зносіны паміж мужчынам і жанчынай з адзінаю мэтай нарадзіць дзяцей, пры гэтым без фізічнага задавальнення жанчыны, усё астатняе было ползлачынам. У навамоўі часцей за ўсё было немагчыма прасачыць развіццё шкоднай думкі далей за разуменне таго, што яна шкодная; за гэтай мяжою проста не існавала патрэбных слоў.
Ніводнае слова ў слоўніку В не было ідэалагічна нейтральнае. Вялікая частка іх была эўфемізмамі. Такія словы, напрыклад, як радлаг (лагер прымусовай працы) або Мінмір (Міністэрства Міру, г. зн. Міністэрства Вайны), значылі амаль дакладна адваротнае таму, што яны меліся значыць. З другога боку, некаторыя словы выяўлялі адкрытае і пагардлівае разуменне сапраўднай сутнасці акіянійскага грамадства. Прыклад — слова пролхарч, якое значыла танныя забавы і хлуслівыя навіны, якімі Партыя карміла масы. Іншыя ж словы былі двухсэнсоўныя і мелі «добрае» значэнне, калі ўжываліся ў дачыненні да Партыі, і «дрэннае» ў дачыненні да яе ворагаў. Да таго ж было шмат слоў, якія на першы погляд здаваліся простымі скаротамі і выводзілі сваю ідэалагічную афарбоўку не ад значэння, а ад самой структуры.
Усе словы, якія мелі або маглі мець хоць нейкае палітычнае значэнне, былі, наколькі гэта магчыма, прыстасаваны да слоўніка В. Назвы ўсіх арганізацый, таварыстваў, вучэнняў, краін, установаў, грамадскіх будынкаў скарачаліся да звыклае формы, гэта значыць да адзінага лёгкага ў вымаўленні слова з мінімальнай колькасцю складоў, неабходных для разумення сэнсу. У Міністэрстве Праўды, напрыклад, аддзел дакументацыі, дзе працаваў Ўінстан Сміт, называўся аддок, аддзел мастацкай літаратуры называўся адліт, аддзел тэлепраграм называўся адтэл і гэтак далей. Гэта рабілася не толькі з мэтай эканоміі часу. Ужо ў першыя дзесяцігоддзі дваццатага стагоддзя складанаскарочаныя словы і сказы былі адной з характэрных уласцівасцяў палітычнае мовы. Было заўважана, што тэндэнцыя да ўжывання скаротаў такога тыпу найбольш выявілася ў таталітарных краінах і таталітарных арганізацыях. Прыкладамі могуць быць такія словы, як нацы, гестапа, Камінтэрн, рабкор, агітпроп. Напачатку практыка ўжывання такіх слоў была адвольная і выпадковая, у навамоўі ж яны ўжываліся свядома. Было заўважана, што разам са скарачэннем слова звужалася і трансфармавалася яго значэнне, яно губляла большасць уласцівых яму раней асацыяцый. Словы Камуністычны Інтэрнацыянал, напрыклад, выклікаюць ва ўяўленні вобраз усеагульнага братэрства людзей, чырвоныя сцягі, барыкады, Карла Маркса і Парыжскую Камуну. Калі ж узяць слова Камінтэрн, дык яно хутчэй нагадае нам пра цесна згуртаваную арганізацыю і выразна акрэсленыя ідэалагічныя прынцыпы. За ім стаіць штосьці гэткае ж звычайнае і сцісла мэтазгоднае, як крэсла або стол. Слова Камінтэрн можна вымавіць амаль не задумваючыся, тым часам як Камуністычны Інтэрнацыянал — гэта ўжо цэлае словаспалучэнне, над якім хочаш ці не, але затрымаешся хоць на хвілінку. Гэтак жа сама асацыяцыі, выкліканыя словам Мінпраў, меншыя колькасцю і больш падаюцца кантролю, чым асацыяцыі, выкліканыя спалучэннем Міністэрства Праўды. Гэтым тлумачылася не толькі схільнасць скарачаць словы там, дзе толькі магчыма, але і залішняе дбанне аб тым, каб кожнае слова лёгка вымаўлялася.
У навамоўі зручнасць вымаўлення пераважала над усімі іншымі характарыстыкамі слова, апроч дакладнасці значэння. Дзеля яе, там, дзе гэта было неабходна, заўсёды ахвяравалі рэгулярнасцю граматыкі. І ў гэтым была свая рацыя, бо дзеля палітычных меркаванняў якраз і патрабаваліся кароткія ўрывістыя словы з беспамылкова зразумелым значэннем, якія вымаўляліся хутка і выклікалі ў галаве ў прамоўцы як найменей асацыяцый. Словы са слоўніка В нават яшчэ і выйгравалі ад таго, што амаль усе яны былі падобныя між сабою. Амаль заўсёды гэтыя словы — дабрадум, Мінмір, пролхарч, ползлачын, радлаг, Ангсоц, нутромчуць, думпол і незлічоныя іншыя — былі двух— або трохскладовымі словамі з націскам, аднастайна размеркаваным на ўсіх складах. Ужыванне такіх слоў рабіла гаворку траскатлівай, адначасова ўрывістай і аднастайнай. А гэта было якраз тое, што патрабавалася. Мэтаю было зрабіць маўленне, асабліва калі гаворка ішла на тэмы ідэалагічнага характару, як мага больш незалежным ад свядомасці. Дзеля патрэб штодзённага жыцця без сумнення было неабходна, хоць бы час ад часу, падумаць, перш чым сказаць, але калі сябру Партыі даецца слова, каб выказаць палітычныя або этычныя меркаванні, правільныя думкі і ацэнкі павінны аўтаматычна вылятаць у яго з вуснаў, як кулі з аўтамата. Гэта дасягалася старанным вышкаленнем, мова давала надзейны і просты інструмент, а структура слоў, іх рэзкаватае гучанне і нават пэўная наўмысная нязграбнасць — адпаведна духу Ангсоцу, яшчэ болей аблягчала справу.
Аблягчала справу і сціслая абмежаванасць выбару слоў. У параўнанні з цяперашняй мовай, навамоўе мела вельмі ўбогі слоўнік, а новыя спосабы яго скарачэння ўвесь час распрацоўваліся. І сапраўды, у адрозненне ад усіх іншых моў, колькасць слоў у навамоўі замест таго, каб расці з кожным годам, усё болей і болей памяншалася. Кожная страта была дасягненнем, бо чым меншы выбар, тым меншая спакуса разважаць. Канчатковай мэтай было зрабіць так, каб словы ішлі непасрэдна з глоткі, без ніякага ўдзелу вышэйшых мазгавых цэнтраў. Мэта гэтая адкрыта выказвалася ў навамоўным слове качакрак, якое значыла «кракаць як качка». Як шматлікія іншыя словы слоўніка В, качакрак мела два адрозныя значэнні. Калі толькі думкі, выкраканыя прамоўцам, былі ідэалагічна слушныя, яно значыла пахвалу і калі «Таймз» называў аднаго з партыйных прамоўцаў звышплюсдобры качакракар, дык гэта значыла сардэчны і поўны павагі камплімент.
Слоўнік С. Слоўнік С меў дапаможны характар у дачыненні да двух папярэдніх і цалкам складаўся з навукова-тэхнічных тэрмінаў. Яны нагадвалі навуковыя тэрміны, што ўжываюцца сёння, і былі пабудаваныя з тых самых каранёў, але, як звычайна, сэнс іх быў сцісла акрэслены і былі зліквідаваныя ўсе непажаданыя значэнні. Яны падпарадкоўваліся тым самым граматычным правілам, што і словы з двух папярэдніх слоўнікаў. Вельмі мала слоў слоўніка С ужываліся ў паўсядзённых гутарках або палітычных прамовах. Любы навуковец або тэхнічны спецыяліст мог знайсці ўсе патрэбныя яму словы ў адмысловым спісе, складзеным выключна для яго спецыяльнасці, і часцей за ўсё ён меў вельмі цьмянае ўяўленне пра словы, што ўваходзілі ў іншыя спісы. Толькі вельмі нязначная колькасць слоў была агульная для ўсіх спісаў, і не існавала ўвогуле слоў, якія б апісвалі функцыі навукі як складу розуму або метаду мыслення, незалежна ад нейкіх канкрэтных яе галін. Не існавала нават і слова для паняцця «навука», а ўсе значэнні, якія магло заключаць у сабе гэтае паняцце, з дастатковай поўнасцю ахапляліся словам Ангсоц.
З усяго выкладзенага вышэй можна ўбачыць, што выказаць на навамоўі нейкія нядобранадзейныя меркаванні было амаль што немагчыма. Вядома, можна было выказваць нават вельмі грубыя ерэтычныя думкі, нешта накшталт блюзнерства. Можна было б, напрыклад, сказаць: Вялікі Брат нядобры. Але гэтае сцверджанне, якое для добранадзейнага вуха гучала як відавочная бязглуздзіца, не магло быць падмацавана разумнымі аргументамі, бо адпаведных слоў проста не існавала. Варожыя Ангсоцу думкі маглі існаваць толькі ў няпэўнай, бясслоўнай форме і маглі быць выказаныя толькі вельмі агульнымі тэрмінамі, якія мяшалі ў кучу і асуджалі ўсе варожыя ідэі, пры гэтым нават іх дакладна не акрэсліваючы. Фактычна можна было ўжываць навамоўе для нядобранадзейных выказванняў, толькі перакладаючы патаемна некаторыя словы назад на старамоўе. Напрыклад, сказ Усе людзі роўныя быў цалкам прымальным сказам у навамоўі, але толькі ў тым самым сэнсе, што і старамоўны сказ Усе людзі рыжыя. У ім не было граматычнай памылкі, але ў ім гаварылася відавочная няпраўда — гэта значыць, што ўсе людзі маюць аднолькавы рост, вагу або сілу. Паняцце палітычнае роўнасці болей не існавала, і такім чынам гэтае другое значэнне слова роўны паступова знікла. У 1984 годзе, калі старамоўе ўсё яшчэ было звычайным сродкам зносін, тэарэтычна існавала небяспека, што той, хто ўжывае навамоўныя словы, можа прыгадаць іх пачатковыя значэнні. На практыцы таму, хто добра засвоіў прыёмы двухдумства, было няцяжка гэтага пазбегнуць, а праз пару пакаленняў і сама магчымасць гэткай памылкі ўжо не існавала. Той, у каго адзінаю мовай будзе навамоўе, ужо не будзе ведаць, што слова роўны мела некалі дадатковае значэнне «палітычна роўны» або што слова свабодны некалі значыла «інтэлектуальна свабодны», гэтак жа як і чалавек, які ніколі не чуў пра шахматы, ніколі не здагадаецца аб існаванні спецыяльных значэнняў у слоў кароль ці слон. Некаторыя злачынствы і памылкі ён проста не здолеў бы зрабіць, бо для іх не было наймення і таму іх было немагчыма сабе ўявіць. І можна было прадбачыць, што з цягам часу характэрныя ўласцівасці навамоўя зробяцца яшчэ больш выразнымі — слоў будзе рабіцца ўсё меней і меней, значэнні іх будуць усё вузейшыя, і небяспека ўжыць іх не так, як трэба, будзе няспынна памяншацца.
Калі старамоўе раз і назаўсёды будзе адмененае, апошняя повязь з мінуўшчынай абарвецца. Гісторыя ўжо была перапісана, але недасканала правераныя рэшткі літаратуры мінулых часоў сям-там яшчэ захаваліся, і пакуль яшчэ старамоўе канчаткова не забылася, іх можна было прачытаць. У будучыні гэткія абрыўкі мінуўшчыны, нават калі яны і выжывуць, будуць незразумелыя і неперакладальныя. Старамоўны тэкст можна было перакласці на навамоўе толькі тады, калі ён апісваў нейкі тэхнічны працэс або вельмі простыя штодзённыя дзеянні або ўжо быў сам ідэалагічна вытрыманы (на навамоўе — дабрадумны). Практычна гэта значыла, што ніводная кніга, напісаная прыблізна да 1960 года, не магла быць перакладзеная цалкам. Дарэвалюцыйная літаратура магла падлягаць толькі ідэалагічнаму перакладу — гэта значыць перакладу з трансфармацыяй сэнсу і мовы. Возьмем, напрыклад, добра вядомы ўрывак з Дэкларацыі Незалежнасці: