Вход/Регистрация
Ваенны лётчык
вернуться

Сент-Экзюпери Антуан де

Шрифт:

Да таго ж я перакананы, што поле дзеяння свядомасці вельмі абмежаванае. За адзін раз яно ахоплівае толькі адну праблему. Калі вы пусцілі ў ход кулакі і апанаваны стратэгіяй бою, вы не адчуваеце болю ад удараў. Калі я неяк пацярпеў аварыю на гідраплане і быў упэўнены, што тану, ледзяная вада здалася мне цёплай. Ці, дакладней, мая свядомасць не рэагавала на тэмпературу вады. Яна была заклапочана іншым. Тэмпература вады не пакінула ў маёй памяці ні следу. Так і свядомасць Сагона была завалодана тэхнікай скачка. Свет Сагона звузіўся да рукаяткі адкіднога люка, да колца парашута, якое ён ніяк не мог знайсці, да дэталей выратавання экіпажа. «Вы ўжо выскачылі?» Маўчанне. «Ёсць хто-небудзь на борце?» Маўчанне.

— Я вырашыў, што застаўся адзін. Я вырашыў, што можна скакаць (твар і рукі яго былі ўжо апалены)… Я прыўстаў, перакінуў нагу за борт кабіны і затрымаўся на крыле. Яшчэ раз нагнуўся ўперад: штурмана не было.

Штурман, забіты напавал чаргою знішчальніка, ляжаў у глыбіні кабіны.

— Тады я адступіў назад, гляджу — стралка таксама няма…

Стралок таксама быў мёртвы.

— Я вырашыў, што застаўся адзін…

Ён разважаў:

— Калі б я ведаў… Я мог бы зноў улезці ў кабіну… Гарэла не гэтак ужо й моцна… Я доўга ліпеў на крыле… Перш чым пакінуць кабіну, я паставіў самалёт на кабрыраванне. Машына ішла правільна, дыхаць сяк-так можна было, і я не зусім пагана адчуваў сябе. Так, я даволі доўга трымаўся на крыле… Я не ведаў, што рабіць…

Перад Сагонам зусім не паўставалі нейкія невырашальныя праблемы: ён думаў, што застаўся на борце адзін, самалёт яго гарэў, а знішчальнікі ўсё заходзілі і заходзілі на яго, усё палівалі кулямі. 3 расказу Сагона нам стала ясна адно: ён не адчуваў ніякіх жаданняў. Ён нічога не адчуваў. Часу ў яго было аж занадта. Яму выключна не было чаго рабіць. I спакваля да мяне даходзіў гэты незвычайны душэўны стан, які часам суправаджае немінучасць блізкай смерці: раптам выяўляецца, што табе зусім няма чаго рабіць… Як усё гэта не падобна на ўсялякія байкі пра галавакружэнне, пра кулянне потырч у небыццё! Сагон пачуваў сябе там, на крыле свайго самалёта, быццам ён адрынуты па-за межы часу.

— А потым я скокнуў, — сказаў ён, — скокнуў няўдала. Мяне крутанула, бы ў віры. Я баяўся зарана тузнуць за колца, каб не заблытацца ў парашуце. Счакаў, пакуль не выраўняюся. О, чакаў я доўга…

Такім чынам, Сагону запомнілася, што ад пачатку да канца падзеі ён нечага чакаў. Чакаў, пакуль полымя стане мацнейшае. Потым невядома чаго чакаў накрыле. I ў свабодным падзенні на вертыкалі таксама чакаў.

I гэта быў Сагон, так, гэта быў самы звычайны Сагон, яшчэ спакайнейшы, чым заўсёды, Сагон, які стаяў над прорвай і з недаўменнем і злосцю таптаўся на месцы.

Х

Вось ужо дзве гадзіны, як мы лунаем у атмасферы, дзе ціск на чвэрць ніжэй нармальнага. Экіпаж спакваля знясільваецца. Мы амаль не размаўляем. Разы са два я яшчэ паспрабаваў асцярожна націснуць на педаль. Але я не настойваў. Штораз мяне апаноўвала ранейшае адчуванне саладжавай знямогі.

Дзютэртр загадзя папярэджвае мяне пра віражы, якія патрэбны яму для фотаздымкі. Я сяк-так выкручваюся, хоць штурвал амаль зусім прымёрз. Я нахіляю самалёт і бяру штурвал трохі на сябе, машына сяк-так уваходзіць у віраж, і Дзютэртр паспявае зрабіць кадраў з дваццаць.

— Якая вышыня?

— Дзесяць дзвесце…

Я зноў думаю пра Сагона… Чалавек заўсёды застаецца самім сабою. Усе мы розныя людзі. I ў сабе самім я выяўляў толькі самога сябе. Сагон ведаў толькі аднаго Сагона. Той, хто памірае, памірае тым, кім ён быў. I калі смерць спасцігла звычайнага шахцёра, памірае звычайны шахцёр. Дзе яно, тое дзікае вар'яцтва, якое выдумляюць пісьменнікі, каб уразіць нас?

У Іспаніі я бачыў, як з-пад руінаў разбітага снарадам дома дасталі чалавека, якога адкопвалі некалькі дзён. Маўкліва і неяк прыцішана, як мне здалося, абступіў натоўп таго, хто вярнуўся ледзь не з таго свету. Зацярушаны пяском і смеццем, ледзьве жывы ад задухі і голаду, ён нагадваў нейкае дапатопнае страхоцце. Калі сёй-той асмеліўся падысці да яго з роспытамі, а ён з тупой увагай пачаў прыслухоўвацца нясмеласць натоўпу абярнулася пачуццём нейкай балючай няёмкасці.

Ключы, якімі спрабавалі адамкнуць свядомасць уратаванага, не падыходзілі, бо ніхто не ведаў, пра што ж трэба ў яго спытацца. У яго дапытваліся: «Што вы адчувалі… Што думалі… Што рабілі…» — быццам наўздагад кідалі масткі цераз прорву. Гэтак хапаюцца за першы-лепшы сродак, каб прыцягнуць увагу агорнутага моракам глуханямога сляпка, якога намагаюцца выратаваць.

I калі чалавек адчуў, што можа адказваць, ён сказаў:

— Праўда-праўда, я чуў працяглы трэск…

I:

— Мне было вельмі цяжка. Гэта так доўга цягнулася… Ох, як доўга…

I яшчэ:

— У мяне ўсё балела, так балела…

I гэты чалавек расказваў нам толькі пра гэтага чалавека. Больш за ўсё ён гаварыў пра свой згублены гадзіннік…

— Я шукаў яго, так шукаў… Ён мне вельмі дарагі, але ў такой цемрадзі, што хоць вока выкалі…

Канечне, жыццё навучыла яго адчуваць плынь часу і любіць звыклыя рэчы. I для ўспрымання свету, хай сабе і абмежаванага абвалам і цемрай, у ягоным распараджэнні меліся пачуцці толькі таго чалавека, якім ён быў. I на галоўнае пытанне, якое ніхто так і не здолеў яму задаць, але якое круцілася ўва ўсіх на языку: «Кім вы былі? Каго вы там выявілі ў сабе?» — ён змог бы адказаць толькі адно: «Самога сябе…»

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: