Вход/Регистрация
Ваенны лётчык
вернуться

Сент-Экзюпери Антуан де

Шрифт:

— Дзютэртр, страляюць?

— Здаецца, страляюць.

Адкуль ён можа ведаць? Выбухі надта далёкія, і плямкі дымоў зліваюцца з зямлёй. Яны, вядома, і не спадзяюцца збіць нас такім недакладным агнём. На вышыні дзесяці тысяч метраў мы практычна недасягальныя. Яны страляюць, каб удакладніць наша месцазнаходжанне і, магчыма, навесці на нас знішчальнікаў. Знішчальнікаў, якія блукаюць у гэтай нябеснай прасторы, як нябачны пылок.

Тыя, што на зямлі, бачаць нас па жамчужнаму шлейфу, які самалёт, калі ён ляціць на вялікай вышыні, цягне за сабой, як вянчальны вэлюм. Сатрасенне, выкліканае палётам, крысталізуе вадзяныя пары атмасферы. I мы размотваем за сабою пёрыстую стужку ледзяных іголак. Калі атмасферныя ўмовы спрыяюць утварэнню аблокаў, гэты след будзе павольна разбухаць і ператворыцца ў вячэрняе воблака над палямі.

Знішчальнікі знаходзяць нас па бартавым радыё, па пуках выбухаў і, нарэшце, дзякуючы выхваляльнай раскошы нашага белага вэлюма. I ўсё-такі мы лунаем у амаль касмічнай пустэчы!

Мы ляцім — і я добра гэта ведаю — з хуткасцю пяцьсот трыццаць кіламетраў у гадзіну… А між тым усё замерла. Хуткасць адчувальна на бегавой дарожцы. А тут усё апушчана ў пустату. Так і Зямля: нягледзячы на хуткасць сорак два кіламетры ў секунду, здаецца, што яна паварочваецца вакол Сонца даволі марудна. Яна затрачвае на гэта цэлы год. Нас, магчыма, таксама нешта павольна даганяе, да нас таксама нешта імкнецца. Колькі самалётаў прыпадае на адзінку прасторы ў паветранай вайне? Яны — што пылінкі пад купалам храма. Самі пылінкі — мы, магчыма, прыцягваем да сябе некалькі дзесяткаў ці соцень іншых пылінак. I ўвесь гэты пыл павольна ўздымаецца ў неба, быццам дзесьці выпыльваюць дыван.

Чаго мне асцерагацца, маёр Аліяс? Унізе, па вертыкалі, праз нерухомае чыстае шкло, я бачу толькі бразготкі мінулых вякоў. Я схіляюся да музейных вітрын. Але вось я абарочваюся і гляджу проці сонца: недзе далёка-далёка на даляглядзе Дзюнкерк і мора. Але пад вуглом мне ўжо цяжка нешта разгледзець. Сонца цяпер ужо зусім нізка, і я лячу над агромністым зіхоткім люстэркам.

— Дзютэртр, вы бачыце што-небудзь праз гэту навалач?

— Па вертыкалі бачу, пан капітан…

— Эй, стралок, як там знішчальнікі?

— Нічога новага…

Я і сапраўды не ведаю, праследуюць нас ці не і ці бачна з зямлі, як за намі пластаецца мноства павуцінкавых вэлюмаў, падобных на той, які мы валачом за сабою.

«Павуцінкавы вэлюм». Гэтыя словы будзяць маё ўяўленне. Перада мною ўзнікае вобраз, ад якога я спачатку проста ў захапленні: «…недасягальныя, як дзівосная красуня, мы ганарліва крочым насустрач свайму лёсу, а за намі паважна сцелецца доўгі вэлюмны шлейф з ледзяных зорачак…»

— Ану, дайце трохі левай нагой!

А гэта ўжо ява. Але я зноў вяртаюся ў свет сваёй таннай паэзіі:

«…услед за гэтым віражом паверне і ўся гурма нашых залётнікаў…»

Даць левай… даць левай… Лёгка сказаць!

Дзівосная красуня не патрапляе зрабіць свой віраж.

— Калі будзеце спяваць… Гэта дабром не скончыцца, пан капітан!..

Няўжо я спяваў?

Зрэшты, Дзютэртр адбівае ў мяне ўсялякую ахвоту да лёгкай музыкі:

— Я амаль закончыў здымкі. Хутка можна будзе зніжацца да Араса.

Можна будзе… Можна будзе… Канечне! Трэба карыстацца спрыяльным выпадкам. Ты глянь: рукаяткі сектара газу таксама замёрзлі…

Я думаю:

«На гэтым тыдні з трох экіпажаў вярнуўся адзін». Выходзіць, шанцаў вельмі мала. Але нават калі мы і вернемся, нам не будзе чаго расказаць. Некалі мне давялося зрабіць тое, што прынята называць подзвігамі. Пракладка паштовых ліній, сутычкі ў Сахары, Паўднёвая Амерыка… Але вайна — не сапраўдны подзвіг, вайна — гэта сурагат подзвігу. У аснове подзвігу — багацце повязяў, якія ён стварае, задачы, якія ён ставіць, справы, на якія ён натхняе. Звычайная гульня ў арла і рэшку яшчэ не подзвіг, нават калі стаўка ў ёй будзе на жыццё або смерць. Вайна — не подзвіг. Вайна — хвароба. Накшталт тыфу.

Магчыма, некалі потым я зразумею, што адзіным маім сапраўдным подзвігам у вайну было тое, што звязана з маім пакоем у Арконце.

XI

У Арконце — вёсцы паблізу Сэн-Дзізье, дзе суровай зімой трыццаць дзевятага года базіравалася мая група, — я жыў у глінабітным дамку. Ноччу тэмпература ў ім падала настолькі, што вада ў маім збане ператваралася ў лёд, і перш чым апранацца, я распальваў грубку. Але для гэтага мне прыходзілася пакідаць нагрэтую пасцель, дзе я з такой асалодай скручваўся ў клубочак.

Для мяне не было нічога лепшага, чым гэты жалезны манашаскі ложак у пустым і выхаладжаным пакоі. Тут я ўпіваўся бяспекай. Нішто не пагражала мне тут. Удзень маё цела падвяргалася суровым выпрабаванням вялікай вышыні, удзень яго падсцерагалі смертаносныя асколкі. Удзень маё цела магло стаць гняздом пакут, яго маглі несправядліва пашкуматаць на кавалкі. Удзень маё цела не належала мне. Болей не належала. Яго маглі пазбавіць рук, ног, з яго маглі выпусціць кроў. Таму што — і гэта таксама толькі на вайне — ваша цела ператвараецца ў кладоўку з рэчамі, якія ўжо не ваша ўласнасць. З'яўляецца судовы выканаўца і патрабуе вашы вочы. I вы аддаяце яму сваю здольнасць бачыць. З'яўляецца судовы выканаўца і патрабуе вашы ногі. I вы аддаяце яму сваю здольнасць хадзіць. З'яўляецца судовы выканаўца і патрабуе ўсю скуру з вашага твару. I вы ператвараецеся ў патароча, аддаўшы яму, як выкуп, сваю здольнасць прыязна ўсміхацца людзям. I гэтае цела, якое ў той жа самы дзень магло аказацца маім ворагам і зрабіць мне балюча, цела, якое магло ператварыцца ў фабрыку стогнаў, — гэтае цела пакуль яшчэ заставалася маім сябрам, паслухмяным і шчыраверным, утульна ўмошчаным у пасцелі, яно драмала над нагрэтай коўдрай і прызнавалася маёй свядомасцю адзіна ў асалодзе быцця, свядомасць адзначала адно ягонае шчаслівае пасопванне. Але мне, хоч не хоч, трэба было вырваць яго з пасцелі, вымыць ледзяной вадой, пагаліць і апрануць, каб у такім бездакорным выглядзе аддаць яго на волю жалезных асколкаў. I было такое ўражанне, што я, выцягваючы сваё цела з пасцелі, нібы вырываю дзіця з матчыных абдымкаў, адрываю яго ад матчыных грудзей, ад усяго, што ў маленстве мілуе, песціць, аберагае цельца дзіцяці.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: