Вход/Регистрация
Ваенны лётчык
вернуться

Сент-Экзюпери Антуан де

Шрифт:

— Проста неверагодна!

— Стралок…

— Гм… Ага…

— Як?!.

Маё пытанне абрываецца штуршком.

— Дзютэртр!

— …тан?

— Зачапіла?

— Не.

— Стралок…

— Ага?

— За…

Такое ўражанне, што я ўрэзаўся ў жалезную сцяну. Да мяне даносіцца:

— Ну і ну!..

Я ўзнімаю вочы ўгору, прыкідваю адлегласць да хмар. Чым пад большым вуглом я гляджу, тым шчыльней грувасцяцца чорныя кучы. Калі ж глядзець па вертыкалі, яны здаюцца радзейшымі. I я бачу грандыезную карону з чорнымі разеткамі, якая ўзнікла над нашымі галовамі.

У мускулах ног тоіцца надзвычайная сіла. Я цісну на педалі так, быццам хачу пратараніць сцяну. Кідаю самалёт убок. Ён робіць рэзкі рывок улева, скрыгоча і калоціцца. Карона выбухаў саслізгнула ўправа. Я збіў яе са сваёй галавы. Я ашукаў гарматы, яны пуляюць цяпер міма. Я бачу, як справа гусцеюць ужо няшкодныя для мяне выбухі. Але раней чым я націснуў другой нагой, каб шмыгнуць у процілеглы бок, нада мной ужо зноў узнікае карона. 3 зямлі зноў прыстраляліся. Самалёт з вухканнем зноў рынуўся ў прорву. Але я зноў усім цяжарам свайго цела навальваюся на педаль. Я кінуў, ці, дакладней, ірвануў самалёт у процілеглы бок (да д'ябла каардынацыю!). I карона з'ехала ўлева.

А раптам пратрымаемся? Але доўга гэтая гульня працягвацца не можа. Як бы рэзка я ні рухаў педалямі, на мяне зноў насоўваецца лівень смертаносных коп'яў. Карона зноў навісае нада мною. Усё маё нутро зноў скаланаецца ад штуршкоў, і калі я гляджу ўніз, я зноў бачу гэтае галавакружна маруднае ўзнясенне скіраваных проста ў мяне бурбалачак. Проста неверагодна, што мы яшчэ цэлыя. I ўсё-такі я пераконваюся, што я непаражальны. Я адчуваю сябе пераможцам! Штосекунды — я пераможца!

— Зачапіла?

— Не…

Іх не зачапіла. Яны непаражальныя. Яны — пераможцы. Я камандую экіпажам пераможцаў…

Цяпер кожны чарговы выбух ужо не пагражае нам: ён загартоўвае нас. Пры кожным чарговым выбуху дзесятую долю секунды я думаю, што мая машына ператворана ў друз. Але яна ўсё яшчэ паддаецца кіраванню, і я стаўлю яе на дыбкі, як каня, і мяне агортвае патаемная невымоўная радасць. Я не паспяваю адчуць страх, я адчуваю толькі фізічнае скалананне, як ад моцнага грукату, — і адразу ж мне дорыцца ўздых палёгкі. Я павінен быў адчуць спачатку штуршок ад удару, потым страх, затым палёгку. Дзіва што! На гэта няма часу! Я адчуваю штуршок, потым палёгку. Штуршок, палёгку. Не хапае аднаго этапа: няма страху. I я жыву не чаканнем смерці ў кожную бліжэйшую секунду: я жыву ўваскрэсеннем, якое наступае адразу ж па секундзе папярэдняй. Я жыву ў нейкай плыні радасці. У няспыннай плыні невымоўнай радасці. I неспадзявана мне робіцца незвычайна хораша. Быццам кожную секунду мне дорыцца жыццё. Быццам з кожнай секундай я адчуваю яго ўсё паўней. Я жыву. Я жывы. Я яшчэ жывы. Я ўсё яшчэ жывы. Я ператвараюся ў крыніцу жыцця. Мяне апаноўвае ап'яненне жыццём. Кажуць: «Ап'яненне боем…" Але гэта і ёсць ап'яненне жыццём! О, ці ведаюць тыя, хто страляе ў нас знізу, ці ведаюць яны, што яны выкоўваюць нас?

Маслабакі, бакі з гаручым — усё папрабівана. Дзютэртр кажа: «Закончыў! Набірайце вышыню!» Яшчэ раз на вока прыкідваю адлегласць, якая аддзяляе мяне ад хмар, і кабрырую. Яшчэ раз кідаю самалёт улева, затым управа. Яшчэ раз кідаю позірк на зямлю. Мне ніколі не забыць гэтага відовішча. Уся даліна мігціць кароткімі вогненнымі кнатамі. Зеніткі, безумоўна. 3 глыбіні вялізнага сіняватага акварыума ўсё яшчэ ўзнімаюцца бурбалкі. Полымя Араса лье змрочнае барвовае святло, як жалеза на кавадле; яго шчодра сілкуюць падземныя запасы, і пот чалавека, розум чалавека, майстэрства чалавека, яго ўспаміны і спробы узнімаючыся ўгору, сплятаюцца ў калматым полымі і ператвараюцца ў чад, які разносіцца ветрам.

Я ўжо датыкаюся да першых пасмаў туману. Вакол нас яшчэ ўскідваюцца залатыя дзіды, якія распорваюць знізу вантробы хмар. Апошні раз я бачу дол у апошні прагал, калі мяне ўжо ахінае хмара. На імгненне перада мной узнікае полымны Арас, запалены нанач, як лампада ў глыбіні царкоўнага нефа. Яна служыць нейкай рэлігіі, але каштуе надта дорага. Заўтра яна знішчыць і паглыне ўсё. Сведчанне я забіраю разам з сабой — вобраз полымнага Араса.

— Ну як, Дзютэртр?

— Нармальна, пан капітан. Курс дзвесце сорак. Праз дваццаць хвілін спусцімся пад хмары. Сарыентуемся дзе-небудзь на Сене…

— Ну як, стралок?

— Гм… ага… пан капітан… нармальна.

— Ну што, запарыліся?

— Гм… не… Ага.

Ён і сам не ведае. Ён задаволены. Я ўспамінаю стралка з экіпажа Гавуаля. Неяк уночы на Рэйне восемдзесят пражэктараў узялі Гавуаля ў абцугі сваіх промняў. Яны ўзвялі вакол яго гіганцкі храм. Пачынаецца абстрэл. I Гавуаль чуе, як ягоны стралок паціху размаўляе з сабой: «Ну што, стары?.. Га?„Хіба на гражданцы ўбачыш такое?..» Ён быў задаволены, гэты стралок.

А я паволі пераводжу дух. Набіраю поўныя грудзі паветра. Як цудоўна дыхаць. Цяпер я здолею зразумець процьму ўсялякай усялячыны… Але перш за ўсё я думаю пра Аліяса. Не. Перш за ўсё я думаю пра свайго фермера. Значыць, я ўсё-такі спытаюся ў яго, колькі ў мяне прыбораў… Абавязкова спытаюся! Я не адмовіўся ад гэтага намеру. Іх сто тры. Дарэчы, як там мае паказчыкі гаручага, ціску масла?.. Калі бакі прабіты, лепей не спускаць вока з гэтага прычындалля. I я сачу за ім. Гумавыя пратэктары трошкі стрымліваюць цечу. Выключнае ўдасканаленне! Сачу і за гідрапрыборамі: гэтая хмара не дужа прыветлівая. Навальнічная хмара. Нас моцна патрэсвае.

— Ну што? Не пара зніжацца?

— Дзесяць хвілін… Давайце лепей счакаем яшчэ хвілін дзесяць.

Ну што ж, я пачакаю яшчэ дзесяць хвілін. Але ж я думаў пра Аліяса. Ці верыць ён, што мы вернемся? Неяк мы спазніліся на паўгадзіны. Паўгадзіны, дарэчы, даволі сур'ёзнае спазненне. Я спяшаюся да таварышаў, яны абедаюць. Расчыняю дзверы, сядаю на сваё месца поруч з Аліясам. Акурат у гэты момант маёр падняў відэлец, аздоблены жмукам локшыны. Ён ужо збіраўся адправіць яе ў рот. Але ён падскоквае, застывае з разяўленым ротам, глядзіць на мяне. Локшына нерухома павісла на відэльцы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: