Сент-Экзюпери Антуан де
Шрифт:
Яна адчула, што за ёю назіраюць. Падняла на мяне вочы. Мне здалося, што яна ўсміхнулася мне… Гэта было падобна на лёгкі павеў на чуйнай роўнядзі вод… Я ўсхваляваны. Я адчуваю прысутнасць непаўторнай душы, якая загадкава існуе толькі тут, і нідзе болей. Я п'ю асалоду спакою і думаю: «Вось ён, спакой царства невымоўнасці…»
Я бачыў праменнае святло пшаніцы.
Твар пляменніцы стаў прадонны, поўны таямніц. Фермерша ўздыхае, азіраецца і маўчыць. Фермер, агорнуты думкамі пра заўтрашні дзень, замыкаецца ў сваім роздуме. I за маўчаннем гэтых людзей тоіцца ўнутранае багацце, вясковая спадчына, — і над гэтым таксама завісла небяспека.
I я з уразлівай яскравасцю ўсведамляю сваю адказнасць за гэтыя нябачныя скарбы. Я выходжу з дому. Я нетаропка крочу. Я нясу ў сабе гэты груз, і ён не гняце мяне, ён прыемны мне, быццам на руках у мяне закалыханае дзіця, якое прыпала да маіх грудзей.
Я абяцаў сабе размову з маёй вёскай. Але цяпер мне няма чаго казаць. Я нагадваю плод, звязаны з дрэвам, пра якое я думаў некалькі гадзін таму назад, калі да мяне вярнуўся спакой. Я проста адчуваю сябе неаддзельным ад сваіх людзей. Я неаддзельны ад іх, як яны неаддзельныя ад мяне. Калі мой фермер дзяліў хлеб, ён нічога не адрываў ад сябе. Ен дзяліў і абменьваў. Нас сілкавала адна і тая ж пшаніца. Фермер не бяднеў. Ён багацеў, бо ён смачнеў, ягоны хлеб, ператвораны ў спажытак за агульным сталом. Калі ўдзень я і дзеля гэтых людзей вылецеў на баявое заданне, я таксама нічога не аддаў ім. Мы, лётчыкі нашай групы, нічога ім не аддаём. Мы — тое, чым яны ахвяруюць на вайне. Я разумею, чаму Ашэдэ ваюе без напышлівых слоў, нагадваючы вясковага каваля, які працуе для сваіх аднавяскоўцаў. «Хто вы?» — «Я тутэйшы каваль». Каваль працуе, і ён шчаслівы.
I калі мяне поўніць надзея, а іх, магчыма, роспач, я і тады нічым не рознюся ад іх. Я проста ўвасабляю іншую долю надзеі. Канечне, мы пераможаны ўжо. Усё ледзьве ліпіць. Усё касуецца. Але мяне не пакідае спакой пераможцы. Я пярэчу сам сабе? А мне начхаць на словы! Я гэткі ж, як Пеніко, Ашэдэ, Аліяс, Гавуаль. Мы не можам растлумачыць, адкуль узялося гэтае пачуццё перамогі. Але мы адчуваем адказнасць. Немагчыма адчуваць адказнасць і кідацца ў роспач.
Паражэнне… Перамога… Я кепска разбіраюся ў гэтых формулах. Ёсць перамогі, якія натхняюць, ёсць і такія, што прыніжаюць. Адны паражэнні нясуць пагібель, другія — абуджаюць да жыцця. Жыццё выяўляецца не ў стане, а ў дзеянні. Адзіная перамога, у якой я не магу сумнявацца, гэта перамога, якая затоена ў моцы зернейка. Зернейка, кінутае ў чарназём, ужо перамагло. Але патрэбен час, каб ягоная перамога закрасавала пшаніцай.
Сёння зранку мы бачылі толькі разбітую армію і бязладны натоўп. Але бязладны натоўп, калі ў ім маецца хоць адзін чалавек, у чыёй свядомасці натоўп з'яднаны, перастае быць бязладным. Каменне на будоўлі здаецца бязладнай кучай толькі на першы погляд, раз недзе на будоўлі маецца хоць адзін чалавек, які ўяўляе сабе будучы храм. Я спакойны, калі на ўгноеным полі знайшло прытулак зерне. Зерне спажыве яго сокі і прарасце.
Той, хто ўзвысіўся да сузірання, становіцца зернем. Той, каму адкрываецца нейкая ісціна, цягне іншага за рукаў, каб увесці ў гэтую ісціну і яго. Той, хто нешта вынаходзіць, імкнецца хутчэй расказаць пра сваё вынаходніцтва людзям. Я не ведаю, як выкажа сябе такі чалавек, як Ашэдэ, калі ён пачне дзейнічаць. Але для мяне гэта не мае значэння. Ён перадасць усяму свету сваю спакойную веру. Цяпер я лепей разумею, у чым сэнс перамогі: той, хто марыць пра месца рызнічага ці брамніцы ў будучым храме, — пераможаны. Той жа, хто носіць у сваім сэрцы вобраз будучага храма, — ужо пераможца. Перамога — плён любові. Адной любові адкрываюцца рысы яшчэ нявылепленай статуі. Адзіна любоў водзіць рукой яе творцы. Розум набывае вартасць толькі тады, калі ён служыць любові.
Мы надта доўга ашукваліся адносна ролі інтэлекту. Мы грэбавалі сутнасцю чалавека. Мы лічылі, што хітрыкі прайдзісветаў могуць садзейнічаць трыумфу высакароднай справы, што спрытны эгаізм здольны натхніць на самаахвяраванне, што душэўная чэрствасць і нікчэмная балбатня могуць заснаваць братэрства і любоў. Мы занядбалі Сутнасць. Зерне кедра некалі стане кедрам. Зерне цярноўніку стане цярноўнікам. Я адмаўляюся судзіць людзей па довадах, якія апраўдваюць іхнія рахубы. Надта лёгка ашукацца ў праўдзівасці слоў, гэтаксама як і ў сапраўднай мэце ўчынкаў. Чалавек вяртаецца дахаты: я не ведаю, што ён нясе туды — сварку ці любоў. Я павінен задумацца: «Што гэта за чалавек?» Толькі тады мне стане зразумела, да чаго ён схільны і куды ён ідзе. Урэшце, кожны прыходзіць да таго, да чаго ён схільны.
Парастак, аблашчаны сонцам, заўжды праб'е сабе дарогу ў камяністым грунце. Чысты логік, якога не прыцягвае ніякае сонца, заблытваецца ў нераце праблем. Я давеку запомню ўрок, пададзены мне ворагам. У якім кірунку павінна рухацца танкавая калона, каб захапіць тылы праціўніка? А хто яго ведае. Чым павінна быць танкавая калона? Яна павінна быць морам, якое напірае на дамбу.
Што трэба рабіць? Вось гэта. Або нешта зусім адваротнае. Або яшчэ нешта. Не існуе ніякай наканаванасці. Чым трэба быць? Вось самае галоўнае пытанне, бо толькі дух апладняе розум. Дух кідае ў яго зерне будучага твора. Розум завершыць усё астатняе. Што павінен зрабіць чалавек, каб упершыню збудаваць карабель? Адказ на гэтае пытанне быў бы занадта складаны. Карабель народзіцца з тысячы ўзаемавыключных спроб. Але кім павінен быць ягоны творца? Тут я падступаю да самых вытокаў стваральнай працы. Ён мусіць быць купцом ці салдатам, бо з любові да далёкіх вандраванняў ён немінуча натхніць механікаў, назбірае рабочых і аднойчы спусціць-такі свой карабель на ваду! Што трэба зрабіць, каб знік цэлы лес? О, гэта неверагодна цяжка… Чым для гэтага трэба быць? Трэба быць пажарам!
Заўтра нас паглыне морак. Толькі б мая краіна дажыла да той пары, калі зноў заднее! Што трэба зрабіць, каб выратаваць яе? Як знайсці адпаведнае рашэнне? Яно ўпіраецца ў супярэчнасць. Неабходна выратаваць духоўную спадчыну, бо іначай загіне дух народа. Неабходна выратаваць народ, бо без гэтага загіне спадчына. Логікі, не могучы знайсці словы, якія прымірылі б гэтую супярэчнасць, гатовы будуць ахвяраваць альбо душой, альбо целам. Мне начхаць на логіку! Я хачу, каб мая краіна і духам і плоццю дажыла да той пары, калі зноў настане дзень. Каб дзейнічаць дзеля шчасця маёй радзімы, я павінен кожнае імгненне імкнуцца да гэтага ўсёй сілай маёй любові. Мора абавязкова знойдзе сабе шлях туды, куды скіраваны яго напор.
Я ні на хвілю не сумняваюся ў выратаванні. Цяпер я лепей разумею сляпога, які прастуе да агню. Калі сляпы прастуе да агню, значыць, у ім узнікла патрэба ў агні. Агонь ужо кіруе ім. Калі сляпы шукае агонь, значыць, ён ужо знайшоў яго. Скульптар ужо стварыў свой твор, раз ён пацягнуўся да гліны. Гэтаксама і мы. Нас грэе цяпло нашых повязяў — вось чаму мы ўжо пераможцы.
Наша супольнасць ужо адчуваецца намі. Каб згуртавацца ў ёй, нам спатрэбіцца знайсці ёй моўнае ўвасабленне. А гэта ўжо запатрабуе намаганняў свядомасці і мовы. Але, каб зберагчы непарушнай аснову нашай супольнасці, мы павінны стаць глухія да шантажу, да пастаянна зменлівых слоўных пастак. I найперш за ўсё мы не павінны выракацца таго, што неаддзельна ад нас.