Вход/Регистрация
Архіпелаг Беларусь
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Да самага апошняга часу я не мог уцяміць, чаму нашыя паэты і празаікі, патрапіўшы праз эміграцыю ў цэнтры літаратурнага жыцця Еўропы і Амерыкі, пісалі так, як быццам ніколі не вылазілі са сваіх хутароў і вёсак. Нават раўнуючы з падцэнзурнымі савецкімі калегамі на бацькаўшчыне яны выглядалі глыбока правінцыйнымі літаратарамі (натуральна, былі і выключэнні, прыкладам, Янка Юхнавец). І толькі зусім нядаўна, здаецца, зразумеў сутву гэтага феномена. Рэч у тым, што амаль ніхто з беларускіх пісьменнікаў на эміграцыі і не займаўся стварэннем літаратурных твораў. Яны проста занатоўвалі ў вершах і прозе свае «сны аб Беларусі». Па сутнасці, уся наша эмігранцкая літаратура ёсць толькі пранізлівай настальгіяй з прычыны страчанай Бацькаўшчыны, аформленай не ў тыя, дык іншыя літаратурныя формы. І цалкам слушна Барыс Сачанка, укладальнік анталогіі паэзіі беларускай эміграцыі, назваў яе «Туга па Радзіме». На жаль, шмат хто з нашых даследчыкаў літаратуры і па сёння блытае гэтую пранізлівую тугу з паэзіяй.

Міхась Скобла: Чаму ў беларускай школе забараняюць вывучаць літаратуру беларускай эміграцыі?

— Калі я не памыляюся, дык адказ тут досыць просты. У плане адукацыі дзяржаўная ідэалогія незалежнай Беларусі ўсё яшчэ застаецца цалкам савецкай. А для савецкай ідэалогіі кожны эмігрант быў куды большым ворагам, чым хоць які чужынец, паколькі эмігрант ужо адно сваёй наяўнасцю адмаўляў усе каштоўнасці савецкага ладу, з якімі не меў ахвоты ні жыць, ні паміраць. Да таго ж эмігранцкі пісьменнік, лічы, заўсёды быў палымяна заангажаваны ў нацыянальную ідэю. А для савецкай улады, хоць фармальна яна і дэкларавала нацыянальную талеранцыю, кожны чалавек, адданы сваёй этнічнай бацькаўшчыне, таксама быў смяротным ворагам. Між іншым, камуністы цалкам слушна ненавідзелі і баяліся нашых людзей у замежжы. Бо ўся беларуская эміграцыя марыла не толькі аб краху камунізму, але і пра незалежную беларускую Беларусь. Вось чаму для сучасных савецка-беларускіх ідэолагаў лягчэй змірыцца з серыйным маньякам у школьных калідорах, чым з вершамі Ларысы Геніюш на ўроках літаратуры.

Міхась Скобла: За савецкім часам беларусы не маглі свабодна выказвацца, а эмігранты жылі ў вольным ад палітычнай цэнзуры свеце. Ці напоўніцу скарысталася літаратура беларускай эміграцыі гэтай свабодай?

— Натуральна, на Захадзе магчымасцяў для свабоды выказвання было непараўнальна болей, чым у Краіне Саветаў — асабліва ў фармаце мастацкай творчасці. Але беларускай эміграцыі гэтая свабода, як выявілася, была цалкам непатрэбная. Страціўшы за камуністамі бацькаўшчыну, яна ўвесь патэнцыял свайго вольнамыслення ўклала ў антыкамунізм. А паколькі Захад тады таксама змагаўся з камунізмам, як са сваім галоўным ворагам, дык нашыя суайчыннікі ўсяго толькі дадаліся да майнстрыма змагання з «імерыяй зла». Інакш кажучы, адчайны антыкамунізм, спароджаны «тугой па радзіме», зняволіў іх можа яшчэ нават і мацней, чым палітычная цэнзура савецкага пісьменніка, навязаная таму звонку.

Таццяна Палякова: Існуе думка: усё беларускае мастацтва да самага апошняга часу было мастацтвам супраціву каланіяльным, камуністычным ці дэспатычным практыкам. А калі гэта сапраўды так, дык ці не прыводзіць падобная тэндэнцыя да спрошчвання мастацкай формы, пазбаўляючы яе філасофскай і псіхалагічнай глыбіні?

— Я з вамі згодны: сітуацыя супраціву, якая паўстае з прагі нацыянальна завершанай і дзяржаўна незалежнай Беларусі, і спрошчвае, і зніжае, і абмяжоўвае прыгожае пісьменства. Я схільны нават радыкалізаваць прыхаваную ў вашым запытанні тэзу. З майго гледзішча, нацынальная ідэя — гэта пятля на шыі беларускай літаратуры. Адсюль, перафразуючы Юліуса Фучыка, уся беларуская літаратура — гэта рэпартаж з пятлёй на шыі. Але нават усведамляючы ўвесь негатыў свайго становішча, беларускі літаратар не зможа выйсці з сітуацыі супраціву да той пары, пакуль гэтая праблематыка не будзе не тым, дык іншым чынам развязаная.

Сяргей Дубавец: 12 лютага 1974 года расійскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Аляксандр Салжаніцын піша свой зварот да сучаснікаў пад назвай «Жыць без ілжы». Нельга зменшыць ролю гэтага эмацыйнага закліку, які ў часы глыбокага застою перадаваўся з рук у рукі і падбухторваў людзей на супрацьстаянне таталітарнаму ладу.

Што да Беларусі, дык у нас артыкул Аляксандра Салжаніцына водгуку не меў, прынамсі, у хроніцы дэмакратычнай апазіцыі такіх звестак няма. Рэч у тым, што дысідэнцкія з’явы ў тагачаснай Беларусі мелі, бадай, выключна нацыянальна-дэмакратычны характар. Гаворка ішла пра адраджэнне культуры, а не пра змену палітычнага рэжыму… Сёння мы перачытваем зварот Аляксандра Салжаніцына «Жыць без ілжы» ўпершыню па-беларуску. Услухаемся ў яго і дамо магчымасць аўтару ды ягоным суайчыннікам услухацца ў нас.

— Тэкст варты, каб над ім задумацца, але не толькі ў тых аспектах, што нам прапанаваў Аляксандр Салжаніцын. І найбольш нецікавы з іх той, што вынікае з яго сённяшняга перакладу на беларускую мову, а менавіта: актуальны ці неактуальны ён для беларускай цяпершчыны? Відавочна, сёння на Беларусі казань «Жыць без ілжы» амаль гэтаксама актуальная, як і для савецкага чалавека ў пару «брэжнеўскага застою». Бо перад кожным з беларусаў зноў паўстала праблема: гаварыць ці не гаварыць праўду, маўчаць ці не маўчаць. Ці хаця б маўчаць няпраўду… Але мяне гэтая прамова турбуе зусім іншым.

Аляксандр Салжаніцын спадзяваўся, што калі адзін, два, а потым і ў мностве людзі пачнуць жыць не «по лжи», гэта значыць, калі не змогуць гаварыць праўду, то хаця б будуць асцерагацца гаварыць няпраўду, каб не ўдзельнічаць у татальнай хлусні, арганізаванай уладамі, дык гэтым свет адразу пераменіцца да лепшага.

Прамінулі гады, цалкам незалежна ад высілкаў праўдалюбцаў развалілася ці не найвялікшая ў свеце «імперыя зла», з чаго вуліцы, плошчы, газеты і тэлебачанне запоўніліся праўдзівым словам. І што? Хіба сёння расіяне і той жа Аляксандр Салжаніцын могуць сказаць, што вымаўленыя ў мностве праўдзівыя словы перарабілі іхні (і наш) свет да лепшага. Так, шмат у чым менавіта з тых словаў гэты свет стаўся іншым, але ці лепшым? Дык ці здольная «праўда выратаваць свет», ці можа жыццё не ў хлусні, а ў праўдзе нешта радыкальна змяніць у гэтым свеце? Тым і каштоўны для мяне тэкст Аляксандра Салжаніцына, што ў ягонай праекцыі вельмі выразна высвятляецца адзіна магчымы адказ: не! На вялікі жаль, свет калі і перарушвае да лепшага, дык нейкімі іншымі шляхамі, а не праз праўдзівае слова.

Аляксандр Салжаніцын піша: калі мы не можам выйсці на плошчу, калі мы не маем права вольна выбіраць сабе кіраўніцтва, дык давайце хаця б не будзем з гэтага самі сабе хлусіць. Гэта значыць, ён быў упэўнены, што з магчымасці вольнага выбару кіраўніцтва і публічна праўдзівага слова мы адразу здабудзем вартае чалавека жыццё.

Не здабылі. І плошчы для мітынгаў адкрытыя, і праўдзіваму слову хапае месца ў публічнай прасторы, і на выбарах каго хочаш выбірай (усё роўна выбярэш «Пуціна»), а праўды як не было раней, гэтаксама няма і цяпер.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: