Вход/Регистрация
Архіпелаг Беларусь
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Ну і апошняе, вельмі неабходнае перадусім мне самому, каб паразумецца з палітызаваным чытачом, для якога дамінантнае тут слова «гульня», відаць, зніжае вартасць моладзевага супраціву, даўно сінанімічнага такім пафасным слоганам, як «жыве Беларусь», «незалежнасць Бацькаўшчыны», «змаганне за Свабоду» і г. д.

Найперш заўважу, што гульня (не блытаць з забавай) — рэч куды больш сур’ёзная і важная, чым хоць якое змаганне. Бо толькі праз гульню (у самых розных яе праявах) магчымае тварэнне культуры, а значыць і тварэнне чалавека як чалавека. Да таго ж у сваіх немудрагелістых развагах я зусім не маю намеру пазбавіць моладзевы супраціў ні гераічнага, ні патрыятычнага чыну, а толькі — палітычнага. Дарэчы, з гэтага вынікае, што, залічваючы пратэставыя акцыі моладзі на рахунак палітычнай апазіцыі, мы засланяем ад свайго бачання яе сапраўдны маштаб, рэальная велічыня якога мусіла б вылічвацца паводле формулы: агульны палітычны капітал мінус моладзевы супраціў.

Валер Карбалевіч: Моладзевы супраціў стаўся заўважнай падзеяй палітычнага і грамадскага жыцця. Але з іншага боку ёсць і масавая афіцыёзная арганізацыя моладзі БРСМ. То бок, моладзевае асяроддзе гэтак жа расколатае, як і ўсё грамадства. Дык ці ёсць нейкія асаблівасці, якія адрозніваюць моладзь у палітычным сэнсе ад астатняга грамадства?

— Безумоўна ёсьць. Бо маладыя людзі паходзяць з цалкам іншага свету, чым людзі больш сталага веку, што сфармаваліся ў савецка-камуністычнай рэзервацыі. Дык чаму тады, заўважыце вы, моладзь масава не пратэстуе супраць сістэмы, якая засталася тут з эпохі іхніх бацькоў і дзядоў?

Бадай таму, што ёй тут не так ужо і дрэнна. За апошнія гады колькасць студэнтаў падвоілася. Стыпэндыі, хай невялікія, але плацяць. У краіне практычна няма беспрацоўя. А для найбольш ініцыятыўных не закрытая дарога ў замежжа.

Дарэчы, пра моладзевую эміграцыю. Апазыцыйныя палітыкі вельмі любяць згадваць, што паводле нейкіх сацыялагічных апытанняў каля 70 % моладзі хоча з’ехаць з краіны, каб гэтым падкрэсліць неабходнасць змены ўлады. Але калі б сацыёлагі правялі апытанне, чаму маладыя людзі імкнуцца за мяжу, дык сярод прычынаў адсутнасць дэмакратычных правоў і свабодаў амаль напэўна была б на адным з апошніх месцаў. Малады чалавек ужо адно з прычыны сваёй маладосці цалкам натуральна імкнецца пабачыць іншыя краіны. Да таго ж у многіх з тых краінаў ёсць нашмат больш магчымасцяў для паўнавартаснай самарэалізацыі, чым на бацькаўшчыне. Але хто, акрамя зрэпрэсаваных моладзевых лідэраў, едзе туды па свабоду?

Валер Карбалевіч: Тады чаму вы кажаце, што моладзь прадстаўляе ўжо іншы свет? Калі праблема свабоды для маладзёнаў не з’яўляецца галоўнай, дык яны прадстаўнікі той самай савецкай-камуністычнай рэзервацыі. Хоць і адрозніваюцца ад савецкага чалавека тым, што ведаюць розныя мовы, кампутар, ездзяць за мяжу, але светапоглядна застаюцца ў мінулым.

— Мы залішне абсалютызуем палітычную складовую сучаснага жыцця. І з гэтага робім шмат памылак у аналізе яго ўнутраных працэсаў. Калі я кажу пра розныя светы, дык найперш маю на ўвазе не іх ідэалагічную, а тэхналагічную рознасць. Сучасная беларуская моладзь фармуецца ў эпоху спажывецкага рынку, і яна найперш імкнецца быць тоеснай сваёй эпосе. Гэта значыць: мець прэстыжную працу, катэдж, машыну, адпачынак на вядомых курортах і да таго падобнае. І гэта для яе галоўнае, а дэмакратычныя каштоўнасці — факультатыў: могуць быць, а могуць і не быць.

Разам з тым, спажывецкая эпоха спараджае і сваіх антаганістаў. Гэта імі поўняцца шэрагі антыглабалістаў, розныя дабрачынныя ды гуманітарныя арганізацыі і, натуральна, беларускі моладзевы супраціў, які ў дадатак мае яшчэ і такую вабу, як нацыянальнае адраджэнне краіны.

«Свабода. Беларуская газета»: Што б вы параілі маладому, дэмакратычна заангажаванаму беларусу?

— Маладосць — гэта унікальная цывілізацыя. Яна радыкальна адрозніваецца ад цывілізацыі дарослых. Бо толькі ў маладыя гады чалавек можа жыць напоўніцу самога сябе. Потым гэтую «поўніцу» абмяжуюць сям’я, дзеці, кар’ера, грошы. Таму найперш любому маладому чалавеку я б параіў максімальна скарыстацца сітуацыяй маладосці, мець шмат сяброў (і сябровак), забаваў, вандровак ды самых розных авантураў. І яшчэ, бясспрэчна, нагружаць сябе ведамі. Бо сёння толькі нагружанасць ведамі дае магчымасць адэкватна адказваць на выклікі сучаснага свету.

Натуральна, тут мне ніяк не абмінуць праблему грамадзянскай пазіцыі. Напэўна, гэта добра, калі малады чалавек яе мае, а тым больш, калі ён за яе актыўна змагаецца. Разам з тым, будзем памятаць, што кожнае змаганне — гэта няпоўнае жыццё, гэта абсяканне жыцця да памераў змагання. Як і памятаць, што кожны змагар — гэта заўсёды хоць трохі ды скалечаны змаганнем чалавек. Нават калі гэта змаганне за вартыя яго каштоўнасці свабоды і незалежнасці. І таму я параіў бы дэмакратычнай моладзі, якая нават разумеючы згубу змагання, не пакідае «барыкадаў», скарыстацца наступнай формулай: адзін дзень на тыдзень мы змагаемся за свабоду, а ўсе астатнія жывём напоўніцу. Каб хоць збольшага скампенсаваць гэты згублены на змаганне дзень.

Аляксандр Коктыш: Вы ўжо шмат год назіраеце і публічна ацэньваеце дзеянні беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Якой яна вам бачыцца сёння?

— Напэўна, тут вы маеце на ўвазе перадусім палітычную апазіцыю, якая публічна прадстаўленая партыямі, рухамі, рознымі ініцыятывамі ды акцыямі… Пакуль яе найбольшы здабытак — гэта тое, што яна ёсць. Так, палітычная апазіцыя сёння скукожаная, стомленая, зганьбаваная, зрэпрэсаваная і да т.п., але яна ёсць, і гэта неверагодна істотна. Урэшце, яе наяўнасць — гэта адзінае, што нас звязвае з палітычным кантэкстам ХХІ стагоддзя. Калі паноўнай уладзе ўзбрэндзіць канчаткова выштурхнуць палітычную апазіцыю з публічнай арэны, мы будзем татальна пазбаўленыя сучаснасці ў яе палітычным вымярэнні.

Але акрамя «афіцыйнай» апазіцыі ў краіне ёсць яшчэ і грамадзянская апазіцыя. Гэта сотні тысяч разасобленых міжсобку людзей, пра якіх амаль нічога невядома, акрамя таго, што яны ёсць і хочуць жыць не толькі добра, але і па-людску. Звычайна пра гэтую грамадзянскую апазіцыю не згадваюць і яе самастойную наяўнасць не аналізуюць, бо па старой завядзёнцы яна класіфікуецца ўсяго толькі як электарат палітычнай апазіцыі. Але гэта ўжо даўно не так. Тыя ж мізэрныя рэйтынгі «афіцыйнай» апазіцыі сведчаць, што грамадзянская апазіцыя яе не падтрымлівае. Інакш кажучы, палітычная і грамадзянская апазіцыі існуюць сёння паасобку, амаль не стасуючыся між сабой. Што праўда, на прэзідэнцкіх выбарах грамадзянская апазіцыя пераважна галасуе за кандыдатаў ад палітычнай апазіцыі, але адно таму, што не мае іншых варыянтаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: