Вход/Регистрация
Архіпелаг Беларусь
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Але, разам з тым, ці не азначае гэта і той факт, што ў Беларусі пакуль няма інтэлектуалаў? І ці лічыце вы сябе інтэлектуалам?

— Інтэлектуалаў (і ў маім, эўрыстычным разуменні) у нас даволі. Прынамсі, тыя асяродкі, у якіх я пераважна знаходжу сябе, складаюцца менавіта з іх. Магчыма і залішне самаўпэўнена, але сябе я таксама тарную з інтэлектуаламі. А як яшчэ можна назваць чалавека, які здольны закахацца ў прыгожую думку, як у прыгожую жанчыну? А можа і яшчэ мацней!..

Сёння, як вядома, адбываецца татальная мінімізацыя ролі інтэлектуала. Гэтаму свету інтэлектуал зрабіўся амаль не патрэбным. Яму даволі палітыка, паліттэхнолага і журналіста… Але нягледзячы на відавочнасць гэтай тэндэнцыі, мне ўяўляецца надзвычай істотным, каб у Беларусі выразна акрэсліўся яркі, адметны і эўрыстычны інтэлектуальны дыскурс. Без яго Беларусь назаўжды застанецца няпоўнай. Моцна няпоўнай. Поўнай адно напалову.

Вольга Шпарага: Акрамя мінулага і сучаснасці нам заўсёды хочацца мець будучае. Як мне ўяўляецца, інтэлектуал — гэта той, хто не перапаручае будучае іншаму, а сам яго стварае і сам адказвае за яго. Калі гэта так, дык якія сёння задачы мае інтэлектуал на Беларусі? На што мусяць арыентавацца беларускія інтэлектуалы? Ці патрэбная ім супольная дзейнасць і салідарнасць — у тым ліку і з іншымі стратамі грамадства?

— У інтэлектуала, што беларускага, што хоць якога яшчэ, адна задача — прарываць аблогу немагчымага. І ўжо іншая рэч, што для інтэлектуала, які аднойчы прачнуўся інтэлектуалам у Беларусі (у прасторы, якая для яго адкрылася як «terra inkognita»), за гэтым «немагчымым» не трэба далёка хадзіць, яно чакае яго літаральна «за парогам» і ён як бы a priori мусіць прарвацца праз яго, як праз сваю ўласную інтэлектуальную праблему, якую ніякім іншым чынам нельга абмінуць. Прынамсі, калі яму імпануе быць менавіта беларускім інтэлектуалам.

Вольга Шпарага: Так сталася, што ў еўрапейскай культуры, прынамсі да эпохі постмадэрна, інтэлектуаламі былі высокаадукаваныя людзі. Аднак інтэлектуаламі іх рабіла не толькі адукацыя, а разуменне неабходнасці свайго актыўнага ўлучэння ў тыя працэсы, што адбываліся ў грамадстве. У гэтым сэнсе, традыцыйным для еўрапейскага інтэлектуала быў удзел у палітыцы (аб гэтым, у прыватнасці, нагадвае і М. Фуко). Калі звярнуць увагу на філосафаў, дык сярод іх цяжка знайсці таго, хто б не кранаў пытанняў палітычнага ўладкавання і не ставіў сабе задачу асветніцтва суграмадзянаў у гэтых пытаннях. Тое ж самае можна сказаць і пра літаратуру: у ёй дзіўным чынам прыватныя калізіі прыватнай асобы адлюстроўваюць публічныя праблемы грамадства. Хаця, недзе з 60-х, сітуацыя на Захадзе мяняецца, і гэта звязана з тым, паводле Фуко, што масам робіцца непатрэбнай кіруючая роля інтэлектуала, паколькі цяпер яны і без падказак пачынаюць разумець, што адбываецца вакол. Тым не меней, праца інтэлектуала не страціла свайго значэння, паколькі ўлада і сацыяльныя сувязі патрабуюць крытыкі і асэнсавання, якія, аднак, могуць паставіць пад пытанне працэс атрымання масамі задавальненняў ад жыцця — і таму масы будуць пазбягаць гэтых пытанняў, а ўлады выкарыстоўваць гэтае адсланенне масаў ад праблемных кантэкстаў. «Новы» інтэлектуал таксама спажывае масавую культуру, але, застаючыся пры гэтым крытычным і самакрытычным, патрабуе зменаў ды інавацыяў, без якіх грамадству наканаваныя дэградацыя і гібенне. У звязку з гэтым у мяне будуць наступныя пытанні: ці магчымы інтэлектуал па-за палітыкай; ці абавязкова мусіць інтэлектуал быць гуманітарыем і філосафам; у якіх стасунках, на ваш погляд, сёння знаходзяцца філасофія і палітыка?

— Тут я хутчэй салідарызуюся з тым Фуко, які фіксуе страту інтэлектуалам сваёй ролі (і з шматлікімі іншымі ў тыпалагічна падобных аналітыках), чым з вамі, Вольга. Вы прамаўляеце: «праца інтэлектуала не згубіла свайго значэння, паколькі ўлада і сацыяльныя сувязі патрабуюць крытыкі і асэнсавання, якія, аднак, могуць паставіць пад пытанне працэс атрымання масамі задавальненняў ад жыцця». З пазіцыі чыстага тэарэтызму (прыслоненага да ідэалізму), тут, магчыма, і ёсць рацыя. Але ў сучаснай рэальнасці інтэлектуал (і ягоная праца) не патрэбныя ні ўладзе, ні масам. Хутчэй наадварот — яны ім толькі замінаюць. Калі каму сёння хоць часткова і патрэбны інтэлектуальны плён, дык гэта паліттэхнолагам (яшчэ раз нагадаем паноўную трыяду: палітык, паліттэхнолаг, журналіст), якія зрэдчас ім карыстаюцца для сваіх зусім не інтэлектуальных мэтаў. І таму на вашае запытанне: «ці магчымы інтэлектуал па-за палітыкай?», я без сумневу адказваю: толькі там яму і месца. А калі інтэлектуал ідзе ў палітыку, дык ён перастае быць інтэлектуалам. Дакладней, ён сам мусіць выкінуць на сметнік увесь свой інтэлектуалізм, бо яму, як палітыку, гэта будзе адно замінаць. З вядомых мне беларускіх інтэлектуалаў толькі Уладзімір Мацкевіч спрабаваў (і, калі не памыляюся, спрабуе) удзельнічаць у рэальнай палітычнай барацьбе. Але я зусім не ўпэўнены, што ягоны інтэлектуалізм яму там дапамагае. Дарэчы, ужо не аднойчы знаныя беларускія палітыкі звярталіся да мяне, спадзяючыся, што «філосаф» Акудовіч падкажа, як ім дапяць да ўлады. Але паколькі было не складана пралічыць, што ўлады ім пакуль не бачыць, як уласных вушэй, дык ужо пасля першага сумоўя яны гублялі ўсялякую цікавасць і да «філосафа», і да ўсёй сусветнай філасофіі ўвогуле…

І ўжо зусім іншая рэч, што інтэлектуал таксама грамадзянін. У тыя гады, калі Беларусь бурапеніла мітынгамі і шэсцямі, абсалютная бальшыня нацыянальна заангажаваных інтэлектуалаў была на вуліцах, трапляла ў пастарункі (Алесь Анціпенка), біла «амапаўцаў» (на адным з іх Ігар Бабкоў зламаў свой парасон), цярпела ад міліцыянтаў (Валянцін Акудовіч доўга ганарыўся, што пры разгоне шэсця міліцыянт добра лупцануў яго дубінкай па лытцы) і г.д. і да т.п. Але, як вы разумееце, гэта зусім розныя пазіцыі — прысутнасць інтэлектуала ў палітычным дыскурсе ў якасці грамадзяніна і ў якасці інтэлектуала.

Вольга Шпарага: І ўсё ж такі, калі інтэлектуал не ўдзельнічае ў палітычнай барацьбе наўпрост, дык ці трэба яму пазбягаць і крытыкі гэтай барацьбы, дакладней — тых кантэкстаў, у якіх гэтая барацьба адбываецца? Я цалкам з вамі згодная: разуменне таго, што ты грамадзянін, і рэальны ўдзел у палітыцы — гэта не адно і тое самае. Але ці не робяць інтэлектуалы былога Савецкага Саюза менавіта такога рода атаясамленне, бо цягам усёй гісторыі Савецкай Імперыі грамадзянамі яны былі выключна ў віртуальным сэнсе, паколькі ўся палітыка зводзілася да следавання волі бацькі ўсіх народаў? Але што самае жахлівае, вынікам падобнага атаясамлення становіцца адмаўленне палітычнай рэальнасці як рэальнасці, якая патрабуе свайго асэнсавання, а можа нават і вынаходніцтва. Вяртаючыся да вашага вызначэння інтэлектуала як «эўрыстычнай катэгорыі» і да таго, што ў ХХ стагоддзі на месцы інтэлектуала апынуліся, перадусім, паліттэхнолаг, актыўны кансюмарыст і журналіст, я пытаюся ў самой сябе, ці не ператвараецца «эўрыстычнасць» інтэлектуала ў чыстую фікцыю, калі ён спакойна пагаджаецца на тое месца, якое яму ўстанавіла гэтая «тройка», замест таго, каб актыўна выпытваць іх і супольнасць у цэлым аб тым, хто і чаму ладзіць нашае жыццё, на якія прынцыпы абапіраецца гэты лад і ці адкрыты ён крытыцы і пераменам? Інакш кажучы, ці патрэбна інтэлектуалу крытыкаваць сацыяльнае і палітычнае?

— Вольга, я бачу, што вам вельмі хочацца, каб я сказаў: так, інітэлектуалу неабходна аналізаваць, крытычна асэнсоўваць (а яшчэ лепей — ствараць новую) палітычную рэальнасць. Але праблема не стаіць гэткім чынам: трэба ці не трэба? Праблема якраз у тым, што сучаснаму беларускаму інтэлектуалу ад гэтага занятку не выкруціцца — хіба адно збегшы ў вартаўнікі ці вар’яты. Бо калі ён хоча быць публічна запатрабаваным хаця б у пэўных колах грамадства і пры гэтым яшчэ зарабляць грошы з свайго інтэлекту, дык яму толькі і застаецца займацца альбо аналітычнай журналістыкай (здаецца, атрымаўся аксюмаран), паліттэхналогіяй ці непасрэдна палітыкай (і першае, і другое, і трэцяе, як ужо казалася, кастрыруе ў ім уласна інтэлектуала). Нідзе болей і нікому інтэлектуал сёння не патрэбны і задарма. Таму дыскурс палітыкі, як глухая беларуская багна, ужо амаль праглынуў шэраг найбольш адметных беларускіх інтэлектуалаў. Да прыкладу пералічу хоць колькі прозвішчаў, згаданых похапкам: Алесь Анціпенка, Лявон Баршчэўскі, Валерка Булгакаў, Аляксандар Грыцанаў, Сяргей Дубавец, Юрый Дракахруст, Андрэй Дынько, Максім Жбанкоў, Уладзімір Мацкевіч, Аляксандар Фядута… У «інтэлектуальна жывых» засталося адно трохі тых, хто схаваўся ў даследніцкую (ці выкладніцкую) працу. Але ці можна лічыць насамрэч жывым таго, хто хаваецца?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: