Вход/Регистрация
Архіпелаг Беларусь
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

«nihil»: Ваша iмя трывала з’вязваецца з радыкальнай нiгiлiстычнай канстатацыяй: «мяне няма». Гэтыя два словы сталiся амаль сімвалам сучаснасці. Няма i nihil, як судачыняюцца гэтыя паняткi? Цi маглi б вы перакласцi nihil як няма?

— Няма i nihil — словы аднаго дыскурса, але яны не тоесныя адно аднаму, у кожнага з iх свая генеза, свая семантыка, свой наратар. Слова «няма» прамаўляе анталогiя (быццё), слова «nihil» прамаўляе экзістэнцыя (бытнае). Разам з тым, здараецца дастаткова сітуацыяў, дзе яны выступаюць (цi могуць выступаць) у ролi сінонiмаў. (Вось вам прыклад:»мяне няма». Тут анталагiчнае «няма» як бы бярэ на сябе ролю «nihil», бо спрабуе вытлумачыць экзістэнцыйнае «мяне», i хаця з гэтага атрымлiваецца шмат блытанiны, але праз такую нелiнейную злучву мы адразу патрапляем у сярэдзiну анталагiчна-экзістэнцыйнага скрыжавання). Аднак нават тады, калi «няма» i «nihil» апынаюцца ў радыкальнай апазіцыi, iх апазіцыя не болей чым супрацiлежнасць паўднёвай i паўночнай скранi той самай зямной кулi. Хаця, каб па-добраму, дык перад тым, як разводзiць цi лучыць паняткi з «патойбочнага» дыскурса (няма, нiшто, nihil, адсутнасць, нежытво, дэканструкцыя, нябыт, негатыў, той свет, невараць, i г. д. i да т. п.), трэба было б прарабiць вялiкую працу па легiтымізацыi статусу кожнай з падобных i блiзкiх да iх лексемаў i дэмаркацыi iхніх межаў. Гэта значыць скласцi слоўнiк нiгiлiзму, а пазней — грунтоўную энціклапедыю. Бо пакуль тут спрэс анархiя ды партызаншчына, i таму, напэўна, нiхто нiколi не ведае ( я ў тым лiку), на якой прасторы дзе чыя ўлада.

«nihil»: Можа, ёсць некалькі «няма». «Няма», як дзеянне, учынак, традыцыйна нiгiлiстычны разбуральны акт, і «няма» як нядзеянне, нябыт. Яны могуць быць зусiм рознымі, i таму патрабаваць розных словаў i распадабнення?

— Гэта вельмi iстотнае запытанне, на якое ў мяне пакуль i блiзу няма хоць якога пэўнага адказу, бо той адказ, што ляжаць на паверхнi бiнарнай апазіцыi (унiверсальнае «няма» — сінгулярнае «няма», цi нават сума гэтай бiнарнасцi) падрыхтаваны мне структурай мовы, сфармаванай у дыскурсе Ёсць. А, магчыма, кожная аналiтыка «няма» патрабуе нейкай iншай, «негатыўнай» логiкi, мовы, тэкстуальнасцi?.. А, магчыма, i не патрабуе… Вось чаму я кажу пра неабходнасць nihil-слоўнiкаў, nihil- энцыклапедыяў, каб пакрысе пачаць разбiрацца, што там у глыбокiм ценю наўсцяж разлеглага Ёсць?..

«nihil»: Акрамя згаданых слоўнiка і энцыклапедыi, сярод вашых задумаў ёсць анталогiя нiгiлiзму. Якiя постацi i тэксты вы мяркуеце ў яе ўлучыць?

— Яе абрысы яшчэ не зусiм выразныя, аднак у агульнай канфiгурацыi яна ўжо склалася. Я нават ведаю той тэкст, якiм будзе распачынацца энцыклапедыя нiгiлiзму. Як гэта нi дзiўна, але яе запачаткуе радыкальна антынiгiлiстычны тэкст — паэма Парменiда «Пра прыроду», дзе сцвярджаецца, што ёсць толькi тое, што ёсць, а нiякага няма — няма. Уласна, анталогiя нiгiлiзму найперш i патрэбная дзеля таго, каб перасягнуць праклён Парменiда. Бо гэта толькi здаецца, што ён ужо даўно перасягнуты Кiркегарам цi Гайдэгерам.

«nihil»: Вашая анталогiя будзе складацца з герояў i тэкстаў толькi заходняй фiласофскай традыцыi?

— Так, i гэта пакуль прынцыпова. Бо нават калi б мысленьне Усходу мела тэксты, якiя б вырашалi для еўрапейскай ментальнасцi праблему Нiшто, дык я б не ўлучыў iх у гэты збор.

«nihil»: Чаму? Магчыма, ўсходняя традыцыя ўжо мае адказ на вашае запытанне пра Няма. Цi не ўхiляецеся вы ад волi да праўды, ад волi не быць падманутым, адмаўляючыся ўспрымаць веды Усходу?

— Ну, па-першае, гэта толькi нашае правакацыйна-гiпатэтычнае меркаванне, быццам недзе ў спратах Усходу прыхаваны для нас суперкаштоўны фiласофскі камень. Якраз наадварот. Нiчога каштоўнага для сябе ў гэтым сэнсе мы хутчэй за ўсё там не знойдзем, бо хаця мысленне Усходу i мае сваiх філосафаў адсутнасці, але ў ментальнай парадыгме «жоўтага чалавека» праблема Няма ад пачатку была здэактуалiзаваная шэрагам канцэптуальных збочванняў ад цэнтра гэтай праблемы, сярод якiх i любiмая намi iдэя рэiнкарнацыi. Ну скажыце, як можна ўсур’ёз быць заклапочаным наяўнасцю Нiшто, калi цябе наперадзе чакае столькi жыццяў у самых розных формах i станах? Не, калi па вялiкім рахунку, дык гэта толькi наша праблема, у пэўным сэнсе сінанімічная выключна еўрапейскаму феномену пошуку Iсцiны… А па-другое, у кожным разе мы самi мусiм прайсцi свой шлях да Няма без узгляду на здабытую ўжо кiмсьцi веду, прайсцi калi не ў якасцi месii, дык хаця б у якасцi паломнiкаў.

«nihil»: Вынікае, што для вас рух у бок прасторы Няма, да сутнасцi нiгiлiзму, — усяго толькi пэўная форма турызму.

— Зусiм верагодна, што гэта насамрэч так. Месiя iдзе на гару Сінай, каб адтуль аб’явiць свету пра здабытую Iсцiну, а турыст падымаецца тым самым шляхам, каб толькi сказаць самому сабе: я тут быў. Тое самае i з Няма. Магчыма, маё захапленне гэтым феноменам i не мае нiчога iншага на мэце, акрамя таго, што аднойчы мне хацелася б сказаць сабе: я там быў! Пэўна ж не выпадкова я чвэрць стагодздзя займаўся спартовым турызмам, у якiм найвялiкай звабай было прайсцi па тых мясцiнах (перавалах, вяршынах, пустках), па якiх да цябе не ступала нага чалавека.

«nihil»: Якiя постацi з традыцыi беларускага мыслення маглi б знайсцi месца ў гэтай анталогii? Найбліжэйшым да вашага мыслення падаецца атэiстычны філасофскі тэракт Казiмiра Лышчынскага, аднаго з першых вялiкiх нiгiлiстаў Еўропы. Трактат «Пра неiснаванне Бога» ўжо сваёй назвай сугучны вашым «Дыялогам з Богам». Цi з’яўляецца Казiмiр Лышчынскі заснавальнiкам традыцыi беларускага нiгiлiзму?

— Анталогiя нiгiлiзму бачыцца мне своеасаблiвым тунелем пад акiянам Ёсць, спраектаваным пракласцi (цi хаця б прамаркiраваць) праход ад выспы экзістэнцыйнага «мяне няма» да мацерыка анталагiчнага Няма. I таму, як пакуль уяўляецца, вектар гэтага праекта не будзе скiраваны на ўласна «нiгiлiстычныя» тэксты, на тэксты адмаўлення, як прэзумпцыi. Але нiгiлiстычнаму трактату Казiмiра Лышчынскага месца ў анталогii абавязкова знойдзецца, бо гэта падзея не прафаннага, а сакральнага нiгiлiзму, якi адсоўвае ў бок Бацьку ўсiх сімулякраў (Бога), каб Той не засціў вiдарыс Няма…

На вялiкi жаль, ад гераiчнага трактата Казiмiра Лышчынскага ацалелi адно ўрыўкi i таму мне цяжка меркаваць пра падабенствы ягонага супрацiву «хiмеры» (К. Л.) Бога i майго кулачнага бою з ценем Слова. Дый увогуле, я тут хацеў бы пазбегнуць усялякiх параўнанняў, бо лiчу атэiстычны iмператыў Казiмiра Лышчынскага адной з самых буйных iнтэлектуальных (i этычных) iнiцыятываў еўрапейскага нiгiлiзму, якая заўважна вылучалася з шматлiкiх гарэзіяў i атэiстычных авантураў як папярэднiх, гэтак i наступных эпохаў — да з’яўлення Нiцшэ. Пра надзвычайную nihil-актуальнасць гэтага тэксту сведчыць i лёс ягонага аўтара, якому ў 1689 годзе на Старым рынку Варшавы спачатку адсеклi галаву, а затым цела спалiлi на вогнiшчы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: