Акудовіч Валянцін
Шрифт:
Эльза Безбілетнікава: Існуе такі выраз: «дафіласофстваваўся». Што ён азначае для вас?
— Здаецца, гэта якраз пра мяне. Я цяпер спрабую зразумець не тое, што ёсць, а тое, чаго няма: нішто, адсутнасць і да таго падобнае. І я ведаю, што тайніца вялікага анталагічнага Няма будзе вабіць мяне да маіх апошніх дзён.
Зміцер План: Наколькі складана быць філосафам увогуле і ў Беларусі ў прыватнасці?
— Калі ты свядома выбраў філасофію, як форму інтэлектуальнай працы, дык тады ад цябе самога і залежыць, якімі шляхамі рэалізоўваць свой выбар: простымі ці пакручастымі. А вось калі філасофія цябе выбрала, дык тут ужо няма месца апазіцыі «проста — складана». Тады ты апынаешся пакліканым здзяйсняць волю да мыслення і табе нічога не застаецца, як падпарадкоўвацца гэтай волі, не звяртаючы ўвагу на вонкавыя ўмовы.
Эльза Безбілетнікава: Ці мае філосаф прывілей на веліч?
— Хутчэй наадварот. Філосаф мацней чым хто яшчэ і разумее, і адчувае ўсёй сваёй сутвай мізэрнасць самога сябе. Таму што ён (зразумела, калі ён сапраўдны філосаф, а не ўсяго толькі прафесар філасофіі) увесь час знаходзіцца ў праекцыі ўласнай сувымернасці з Быццём як цэлым. Тут які хочаш амбітнік зніякавее ў нішто.
1994—2008