Акудовіч Валянцін
Шрифт:
«Дзеяслоў»: Чым бачыцца вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго вы лічыце сваім літаратурным «хросным бацькам»?
— Літаратурная творчасць для мяне — гэта патрэба. Натуральная патрэба. Якая, калі заўгодна, мала чым розніцца ад фізіялагічнай патрэбы. Гэта тое ж самае вывяржэнне шлакаў — толькі вярбальных, якія назапашваюцца ў арганізме ад спажывання жыцця.
Але непасрэдна да «пісьменніцкай дзейнасці» мяне падштурхнула не гэтая «фізіялагічная патрэба», а кнігі. Добра памятаю, што як толькі навучыўся чытаць, дык адразу захацелася пісаць кнігі самому. Дзеля гэтага я скраў у старэйшага сябра «аўтаручку», бо малечай не мог сабе нават уявіць, што кнігі можна пісаць школьнай асадкай, раз-пораз макаючы пёрка ў атрамант.
Мой «творчы дэбют» адбыўся ў шматтыражнай газеце «Трактар». Гэта быў шэраг вандроўных нарысаў, дзе я распавядаў пра спартовую вандроўку вышэйшай катэгорыі складанасці па Саянскім хрыбце, якую мы зладзілі нашай заводскай турысцкай групай (тады я працаваў токарам на Мінскім маторным заводзе). Вельмі ганарыўся (употайкі), што ўсе мае нарысы кожны раз аб’яўляліся лепшым матэрыялам чарговага нумара газеты.
Што да літаратурнага «хроснага бацькі» — дык яго ў мяне не было. Разам з тым, будзе цалкам справядліва, калі я вылучу на гэтую ролю Міхася Стральцова, з якім мяне пазнаёміў Леанід Дранько-Майсюк. Уласна, мой літаратурны лёс тут на Беларусі быў запачаткаваны ўвагай Міхася Стральцова да маёй пісаніны. На вялізны жаль, нашае «сяброўства» было жахліва кароткім. І калі Стральцоў памёр, я адразу зразумеў, што ён быў мне блізкі і патрэбны, як бацька, і не хросны, а як родны бацька.
«Дзеяслоў»: У чым адметнасць вашага творчага працэсу? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх «тэхнічных прыладаў» вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон? Ці выкарыстоўваеце вы «творчыя стымулятары»: кава, цыгарэты, віно, музыка? Што для вас натхненне і ці чакаеце вы яго, каб пачаць пісаць?
— У маладосці я працаваў «з паперай» толькі ноччу. Гэтак атрымалася само сабой. Але пазней я шукаў і вынаходзіў розныя тлумачэнні на карысць «савінага» ладу жыцця. Да прыкладу, я лічыў, што ноччу чалавек больш завершаны сабой, чым раніцай, бо тады ў ім сабраная напоўніцу ўся энергія і падзейнасць прамінулага дня. Да таго ж ноч адсланяе чалавека ад усяго астатняга свету і пакідае яго сам-насам. А творчасць — гэта перадусім адзінота…
Цяпер, і ўжо досыць даўно, я працую (творча) толькі у першай палове дня. Можа таму, што ў сталым узросце пражыты дзень не столькі дадае энергіі, колькі адымае яе і да ночы чалавек падыходзіць добра спустошаным.
Пішу я толькі «самапіскай» і выключна чорным атрамантам.
Кожны дзень у мяне пачынаецца з цыгарэтаў і кавы незалежна ад таго, займаюся я творчай працай ці не. Таму кава і цыгарэты для мяне хутчэй норма, чым «стымулятар». Разам з тым яны бясспрэчна выконваюць і пэўную стымуляцыйную функцыю.
Дарэчы, я ніколі не пішу, узяўшы чарку. Калісьці спрабаваў занатоўваць свае алкагольныя трызненні, але досыць хутка зразумеў: нічога з тых маіх як бы «знаходак» ніякім чынам не тарнуецца з тым, што я раблю на ясны розум.
Я не шукаю і не чакаю «натхнення», але калі гэткі цуд здараецца, дык адчуваю яго нават фізіялагічна — мне «знутры» робіцца горача. Хаця не ўпэўнены, што калі б у гэткі момант скарыстаўся «градуснікам», дык ён засведчыў бы рэальную падвышку тэмпературы.
«Дзеяслоў»: Якія цяжкасці паўстаюць перад вамі падчас напісання твора? Якое значэнне вы надаяце слову, фразе, рытму твора? Ці звяртаецеся падчас пісання да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?
— Хаця бальшыня маіх тэкстаў звязаная з выяўленнем мысліўных інтэнцыяў і таму я, здавалася б, перадусім мусіў бы дбаць пра мысленне, як такое, але насамрэч я хутчэй заваблены самой мовай, а не тым, што імкнуся праз яе выяўляць.
Гэта прагучыць, напэўна, смешна, ды хай сабе: я страшэнна люблю нашу мову. Ёю можна пісаць ні пра што і ні аб чым — і ўсё роўна будзе файна. Апошнімі гадамі, калі паўставала сучаснае беларускае мысленне, зазначылася яшчэ адна вельмі адметная своеасаблівасць беларускай мовы. Выявілася, што ў ёй прытоеныя неверагодна багатыя магчымасці для адцягненага рэфлексавання. Гэтая мова была створаная для вялікай філасофіі, а яе змарнавалі на вершыкі…
Пры напісанні тэкстаў ніякай дадатковай літаратурай не карыстаюся. Больш за тое, нават калі падчас працы відавочніцца патрэба нешта удакладніць ці пераправерыць, я лянуюся працягнуць руку да паліцы з энцыклапедыямі і слоўнікамі. З гэтага ў маіх тэкстах даволі прыкрых абмылак, бо і сярод рэдактараў хапае такіх самых лайдакоў, як Акудовіч.
«Дзеяслоў»: Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі вашых літаратурных задумаў? Што/ хто найбольш перашкаджае вам у гэтым? Ці ўплывае на вашую творчасьць ацэнка сяброў, рэдактароў, чытачоў? Ці вяртаецеся вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?