Шрифт:
– Яшчэ як памятаю!
– Ён не са злосці, бяскрыўдны быў.
– Я ведаю. Я табе больш скажу, як псіхолаг: самыя страшныя мае пацыенты не хамы, не п’яніцы, не пахабнікі, не цынікі, а - ханжы. Іх пазнаеш адразу, з першага позірку; на людзях - ліслівыя, ветлівенькія, вочы бегаюць, пальцы не знаходзяць месца, а дома, у сям’і, з жонкай ці з дзецьмі - тыраны, монстры, і гэтае ўвесьчаснае двайное жыццё, ці гульня ў жыццё, хаванне сябе сапраўднага, сваёй сутнасці разрывае іх, як бомба замаруджанага дзеяння. А ў выніку - мне іх слухаць, лячыць... Зрэшты, гэта мой хлеб. Без працы не застануся.
Ён піў, стараючыся не сёрбаць, сваю гарбату, Ксю - сваё віно.
– А раскажы яшчэ пра сябе, - папрасіла яна.
– Мне страшэнна цікава ўсё, з табой звязанае. Як, чым ты жывеш?
– Як жыву? Не сказаць, каб о’кей. Як у цябе, напрыклад. У каго ні папытай: цудоўна, шчасліва... Моташна ад гэтага фальшывага аптымізму. Ну, які о’кей, калі мы старэем, хварэем і паміраем? Прычым не ў будучым, а кожную хвіліну, вось, напрыклад, у гэтую самую.
– Цяпер не модная філасофія хваробы і смерці, - гулліва заўважыла яна.
– Калі гадамі жывеш з хворым чалавекам, яшчэ не да такой філасофіі прыйдзеш. Зрэшты, я ні аб чым не шкадую. Стараюся задавальняцца тым, што маю. І веру, што ўсё да лепшага. А смерць, можа быць, самае лепшае.
– О-о! Вось як? Колькі я такога наслухалася! Да таго ж ты сабе супярэчыш. Калі ўсё да лепшага, а смерць - самае лепшае, дык тады ва ўсіх і сапраўды о’кей. Чаму тады аптымізм фальшывы? Ён якраз-такі натуральны паводле тваёй тэорыі.
– Ксю, - пакорліва здаўся ён, - я дылетант. Ты мяне разаб’еш па ўсіх пунктах. Давай без прафесійных тэрмінаў. Я ж пакуль не на прыёме ў цябе.
Яна засмяялася.
– Я, калі казала о’кей, мела на ўвазе цела. Можна быць шчаслівай матэрыяльна, а з душою трэба яшчэ разбірацца.
– На псіхатрэнінгах?
– Хоць бы. Да таго ж я проста павінна быць шчаслівая. Прафесія вымагае. Уяві - прыходзіш ты да псіхолага і бачыш знерваванага, няшчаснага чалавека з абкусанымі пазногцямі і скрушным паглядам. Чым такі паможа?
– Дзякую, - сказаў ён, дапіўшы гарбату і збраючы крошкі хлеба са стала.
– Не чапай. Хадзем на балкон, я курыць хачу - не магу...
З балкона, коса закратаванага, відаць быў той самы дворык, у які яны ўехалі. Каля дрэў, паміж клумбаў з кветкамі бегалі са смехам дзеці. Ксю, знарок ці выпадкова, стала блізка і так, што Дарафей вымушаны быў глядзець не на дворык, а толькі на яе, і ўдыхаць дым яе цыгарэты.
– Дык ты праўда ні аб чым не шкадуеш? І ўсё ў цябе да лепшага? На кожнае “чаму” ёсць гатовае “таму”? Ты шчаслівы?
Ён паціснуў плячыма.
– Што значыць: шчаслівы - нешчаслівы? Удачлівы - няўдачлівы? Я ведаю толькі, што багаты можа быць добрым, бедны - злым, хворы - шчаслівым, здаровы - няшчасным...
– Яшчэ - не красці, не зайздросціць, даглядаць хворую маці...
– Прыблізна, - кіўнуў ён.
– Не можа быць. Не веру. Няўжо ты ўсім задаволены? І нічога не хацеў бы вярнуць, паправіць?
Усё ж яна заводзіла яго. Яму таксама захацелася пагаварыць сур’ёзна.
– Ведаеш, Ксю, мне кожны год здаецца, што я быў шчаслівы акурат у такі ж час у мінулым годзе. Я калі-нікалі спрабую зафіксаваць гэта, хачу замарозіць адчуванні, спыніць імгненне, ухапіць нюхам, зрокам, рукамі ўсе незлічоныя дэталькі, каб яны не сплывалі так хутка, так непазбежна...
– А казаў, мы кожную хвіліну паміраем.
– ...І пачынаю разумець, што быў шчаслівы менавіта ў тыя моманты, калі здаваўся сабе няшчасным, што кожная сённяшняя нязначная дэталь, маленькая падзея, нават адсутнасць падзеі - гэта цэлае шчасце ў будучым; трэба толькі, каб яно адфільтравалася часам.
– Смешны ты, - прамовіла яна.
– Ніяк не змяніўся. Цяжка цяпер такім.
– Наадварот! Калі я думаю пра маладых, пакаленне 15-гадовых - вось каму не пазайздросціш! Як яны разбіраюцца ў гэтай каты? Колькі ў іх спакусаў, колькі верагоднасцей краху, катастрофы!.. Увесь час у стане выбару, усюды трэба паспяваць, круціцца, ірваць, хапаць, ні ў чым не сумнявацца, быць упэўненым, “паспяховым”, жорсткім... У іх няма нашага вопыту, мы хоць ведалі, што такое добра, што - кепска, яны і гэтага не ведаюць. Як ім элементарна ацалець, выжыць, не звар’яць, колькі трэба мець у запасе цынізму і подласці - што, можа, і някепска для выжывання, але дзе іх узяць, гэтыя цынізм і подласць, яны ж таксама талент, не кожнаму дадзены. Не паверыш, я радуюся, што мне пашанцавала, і гэты час заспеў мяне не маладым, а пад сорак. Дай мне цяпер 15-гадовыя мазгі - прападу, звіхнуся. А так - вазьміце мяне цяпер, можна ўмыць рукі і адысці ўбок.
Ён заўважыў, што Ксю хвалюецца. Яна ўжо трэцюю цыгарэту дакурвала.
– У цябе, аказваецца, выдатна адладжаны абарончы механізм. Ты як віеўскім кругам сябе абвёў, і ні пераступіць яго, ні прабіць. Усё ў цябе роўна, гладка, складна, распланавана, разлічана.
– Ну што ты, Ксю, - сумеўся ён.
– У мяне акурат-такі нічога не атрымалася. Гэта ў цябе ўсё здорава, роўна і гладка, гэта ты ў параўнанні са мной усяго дабілася...
– Спытай, якой цаною. Я прайшла праз усё, што ты зараз казаў. Даводзілася і круціцца, і рваць, і кусацца, і быць цынічнай, і подлай... Так што дарэмна ты мяне хваліш. Ты нічога не страціў, толькі набыў, ты стаў лепшы, а я - горшаю.