Шрифт:
– Эх, чтобы я был так лет двадцать моложе!
– уздыхнуў Капшун.
– Ну й што, каб быў?
– Вера адыйшла пару крокаў назад.
– Яшчэ спрашываеш, - наблiзiўся мужчына да Веры.
– Да ты-жа, мол, толька i будто бы сама ляцiш у аб'яцiя...
Пры такiх словах ён ушчыкнуў дзяўчыну за грудзi.
– Ну што вы, Грыша, пазваляеце сабе!
– стукнуўшы па касматай выцягнутай руцэ адскочыла Вера.
Пасьля нязручнае хвiлiны Капшун усеўся на канапе, налiў палову шклянкi гарэлкi, адным махам перакулiў яе ў шырока адчынены рот, укiнуў у шклянку лёд, налiў джынджэр-эйл i запiў гарэлку.
– Як далёка ты, дзеўка, зайшла зь Якiмовiчам?
– спытаўся.
На твары ягоным распаўзлася чырвань, а вочы налiлiся шэрасьцю.
– Дык вы й пра яго ведаеце?
– Ну да, канечна.
– В чем дело? Я-жэ зь iм... у яго работаю.
– Я не имею время за тобой насматривать, но хотел бы узнать затащил он тебя уже в кровать или нет.
Грышаў голас завайстрыўся. Можа гарэлка дзее? Узрушэньне пераключала яго на расейскую мову.
– Што за вапросы!
– пачырванела Вера. Румянцам загарэўся твар дзяўчыны. Такiя пытаньнi чалавека з колкiмi вачмi, у якiх раней гаспадарыў прылiў юрлiвасьцi, прыносiлi небясьпеку. У скронi ўдарылi малаточкi. Капшун налiў амаль палову шклянкi гарэлкi сабе i Веры.
– Я гарэлкi ня п'ю, - станоўчым голасам сказала дзеўка.
– Ну, ничего, пригубить можешь!
– ён падаў Веры шклянку з гарэлкай. За наше сотрудничество! Окей?
– спытаўся ў яе, стукнуўшы сваёй шклянкай у ейную.
– Окэй, - нясьмела адказала Вера. "Хто яго ведае, што ён далей пачне вытвараць. Лепш асьцярожна зь iм", - меркавала дзяўчына.
– За твае ўсьпехi!
– прадаўжаў Капшун. Ён выпiў гарэлку, запiў вадою, а Вера адно памачыла вусны.
– Буду старацца, - адказала.
– Але чаму пытаецеся нашчот Якiмовiча? Што ён?
– Да он один с этих... понимаешь, наших объектов... фашистских колаборантов, сволочь!
– Ён хто?
– Я-ж сказаў: ён адзiн з тых крымiналiстаў, фашысцкi калабарант!
Дзяўчына анямела, адчынiла ад зьдзiўленьня рот. Што гэта такое чуе яна ад гэтага чалавека? Усьведамленьне сказанага iм прыходзiла паволi. Нешта быццам кальнула ў сэрца. Алесь... Што гэта такое? Адно тады стукнула ёй у галаву, якая ўжо неабыякавая яна да гэтага чалавека! Куды больш - закаханая. А гэтта вось кажуць, што ён з той крымiнальнай групы, можа дзе нявiнных людзей забiваў! Зь вялiкiм намаганьнем старалася ўтрымаць раўнавагу. Грыша трымаў на ёй свае колкiя, але крыху ўжо засмужаныя гарэлкай вочы.
– Калi йдзе пра Якiмовiча, я да яго... як вам сказаць? няпрывязаная, - сказала з ваганьнем у голасе дзяўчына.
– Да. Харашо. Хачу табе наказаць: нiколi не разрэшай чтоб тваё пэрсанальнае жыцьцё было заградай у iспалненьнi ўзятых табой абавязкаў. Не положено, понимаеш?! Якiмовiч гэта адзiн зь iх большых тузоў на нашай лiсьце. Другi ёсьць Антон Шпак, iзьвесны фашысцкi бебурнацкi пiсацель, таксама зьдзесь пражывает. Но ёсьць i другiя. Такiм нужно адабраць голас. Панiмаеш? Чтоб это зьдзелаць, нужна полная iнфармацыя. От как... Мы заiнцерэсаваныя iх слабасьцямi, навыкамi, сваякамi, якiх маюць дома, значыцца ў Саюзе Савецкiм... Каротка гаворачы, трэба iх iзучыць: чым яны дыхаюць, чым жывуць, што робяць. Неабхадзiма паэтаму ўлiцца ў iх обшчаства. Самае важнае - грунтоўнасьць i точнасьць, значыцца дакладнасьць. Промаху нам не положено делать. Понимаешь? Ведаю, што ня маеш практыкi ў такiм напраўленii... Цi згаджаешся такой работай заняцца?
– Га? Чаму-ж не... окэй!
– паспяшылася з адказам Вера.
– Прежде всего и самое главное, - устаў Грышка з канапы, - советую тебе точно и усердно заняться Якимовичем... Калi ня будзе iншага выхаду, можаш навет пусьцiцца поўным образам... абы толькi ўлезьцi ў ягоны круг обшчаства. Панiмаеш? Патом я табе скажу што далей рабiць.
"Пусьцiцца поўным образам"... "Пра што гэты чалавек гаварыў? Пусьцiцца?" Увесь гэты, падсунуты ёй так умела нейкiмi там вышэйшымi апэратыўнымi спэцамi абавязак, паказаўся ў Верыным уяўленьнi зусiм iншым тварам. Пратэставала пачуцьцё, спрачалася яно з розумам, з развагай, недзе вагалася перад няведамым. Хто такi гэты вось чалавек з галавой-кукiшам, каторы нагаварыў ёй такiх бязглузьдзiцаў пра Алеся, да якога толькi вось кагадзе ў сэрцы зарадзiлася нейкая iскра, што разгаралася, пагражаючы вялiкiм полымем? Той Алесь, якога пазнала з працы i сустрэчаў, гэты прыгожы i дынамiчны дзяцюк зусiм не адпавядаў постацi нейкага там фашыстоўскага ката, што нявiнных людзей мог забiваць... Ёсьць недзе разгадка. Што-ж, тымчасам перад табой Гордыеў вузел...
– Я-ж сказаў, - пацьвердзiў ранейшае Капшун, - сьпяшыцца надта ня трэба. Але i не зявай! Падлабунься да Якiмовiча, а ўжо чэраз яго далезеш туды, дзе ты нам нужна.
Неўзабаве Капшун пайшоў. У тую ноч Вера доўга марылася бяссоньнiцай.
14
Калi Алесь жартаваў з Канадыйцамi пра сваё паходжаньне, дык перш за ўсё казаў, што завiтаў у гэты мурзаты й зваяваны сьвет тады, калi зямля ягонага бацькi галечай шчэрыла свае зубы пад акупацыяй наймудрэйшага ў цэлым сьвеце народу. Народ той у часе Алесевага нараджэньня на ўсю моц свайго ахрыплага патрыятызмам голасу энтузiястычна праслаўляў маршалкоўскую булаву вусатага маршалка, якi гэным часам клапацiўся пра "моцарствовую айчызну" ў варшаўскiм палацы Бэльвэдэры й забаўляўся сваiмi пасiвелымi вусамi ў Лазенцы.
На парозе Другое сусьветнае вайны "брацкую руку помачы" паняволеным Беларусам, што гаравалi дагэтуль пад уладай таго наймудрэйшага ў цэлым сьвеце народу, выцягнуў найбольш праслаўлены ў сваёй iмпэрыi панегiрыстамi й падхалiмамi "айцец усiх народаў i карыфей усiх навукаў". Ён, гэны наймудрэйшы з мудрых, кагадзе разбудаваў i ўзбуйнiў Гулаг, у якiм вымардавалi дзясяткi мiльёнаў нявiнных людзей. Неўзабаве той "бацька", пры помачы "раскаваных рабоў" прадаўжаў папаўняць рабсiлы Гулагу з той "здравствующей освобожденной Западной Белоруссии". Валаклiся па бездарожжах праклятага Сiбiру калёны сьмерцi iз словамi на парэпаных вуснах: