Вход/Регистрация
За волю
вернуться

Акула Кастусь

Шрифт:

Дзяўчына перастала ганяцца за матылямi. Iшлi, задуманыя, насычвалiся адчуваньнем блiзкасьцi, гаварылi зрокам. I iхныя думкi былi, пэўне-ж, больш будзённымi, чымся тыя, што "славiлi Госпада".

– Алесь, ты ведаеш, мы ўжо даўно разам працуем i бачымся, але ты мала расказаў пра сябе: як ты жыў, дзе быў. Можаш расказаць?

– Гэй!
– зьдзiвiўся Алесь.
– Я ня ведаў, што ты так добра гаворыш пабеларуску. Адкуль то раптам узялося?

Яны спынiлiся. Алесь доўга i ўважна глядзеў дзяўчыне ў вочы. Дагэтуль гаварылi пераважна паангельску, адно рэдка калi ў мову дзяўчыны прарывалася расейскае цi беларускае слова.

– Я, знаеш, мала гаварыла, але цяпер нямношка падвучылася.

– А навошта табе гэта? Цi ты нямношка падвучылася, каб са мной пабеларуску гаварыць, цi што?

– Можа так, а можа й ня так. Хачу пазнаць твой край, чытаць беларускую лiтаратуру, спаткаць землякоў тваiх.

– Мне вельмi прыемна такое з тваiх вуснаў пачуць. Калi магу як памагчы табе вучыцца, то калi ласка...

– Можаш, мой даражэнькi, - раптам згадзiлася Вера.

"Даражэнькi"... Дагэтуль дзяўчына нiколi не назвала яго гэтым ласкальным словам. Алесь задумаўся, цi Вера цяпер думала паангельску i ўжывала беларушчыну, цi як. Iдзе, прыкладна, пра ўжываньне таго-ж слова "дарагi". У канадыйскай цi амэрыканскай бiзнэсавай дый i ў iншай карэспандэнцыi, там, дзе ў беларускай мове ўжываецца слова "шаноўны" цi "паважаны", на гэтым кантынэньце ды i ў самой Ангельшчыне скрозь ужываецца слова "дарагi". Чалавек вам зусiм незнаёмы, вы да яго пiшаце лiст у нейкай справе першы раз, усёроўна пачынаеце: "Дарагi мiстар Смiт", так i гэтак... У нашай мове гэткi зварот здаўся-б надта дзiўным. Адгэтуль у ангельскай мове слова "дарагi" набыло крыху iншы нюанс цi сфэру ўжываньня, чымся ў нашай.

Прыселi на беразе рэчкi.

– Ты вельмi амбiтная дзяўчына, - пахвалiў Веру Якiмовiч.

– Як добра чуць гэта ад майго боса. Можа дасi мне лепшую работу? жартавала Вера. Яна ўзяла гатовы кiй, што знайшла побач, варушыла iм у вадзе. Паднялася каламуць. Дзяўчына прыглядалася страказе, што быццам верталёт, затрымалася над купiнай.

– Зусiм не жартую. Беларускую мову вучылася! Цiкава, якiя там яшчэ ў цябе неспадзеўкi.

– Ты не адказаў на маё пытаньне.

– Гэта якое пытаньне? Ага, памятаю. Ты хочаш даведацца пра мяне?

– Так.

– Чаму?

– Таму, што хачу лепей цябе пазнаць.

Алесь маўчаў. Ейная парфума... Якая гэта? Цi ня бэзавая? Ледзь стрымлiваўся, каб ня ўзяць дзяўчыну ў абдымкi, абцалаваць яе...

– Адкуль мне пачынаць?
– спытаўся.

– З самага нiзу.

Алесь усьмiхнуўся, уважна прыгледзеўся рамонку-спакусе, жартаўлiва пачаў апавядаць.

– Ну добра... Расказвалi мне, што нарадзiўся я ў старэнькай струхлелай хаце над ранiцу, пасьля трэцiх пеўняў...

– Што гэта струхлелая? Што гэта трэцiх пеўняў?
– адразу перапынiла яго дзяўчына.

– Струхлелая, гэта значыць спарахнелая, цi - паангельску - rotten, а пеўнi то roosters, яны сьпяваюць трэцi раз над ранiцу.

– Разумею.

– Расказваюць, што на сьвет памаглi мне зьявiцца дзьве вясковыя бабкi, каторыя мяне спавiвалi. Тут во жанчыны родзяць дзяцей у шпiталях, а там, удома iнакш... Далей апавядаюць, што я заявiў аб сваiм зьяўленьнi на гэты божы сьвет добрым i галасьлiвым кугiканьнем цi кугаканьнем, так, як належыцца ўсiм ад часоў Адама i Евы, а, - калi ты пакланяешся Дарвiну, - ад пра-пра-пра-пра-пра-пра-пра-пра-прамалпаў...

Дзяўчына ўсьмiхалася i ўважна слухала.

– Калi, значыцца, я голасна заявiў пра сваё зьяўленьне на гэты сьвет божы, тады аглядалi мяне з усiх бакоў, охалi i ахалi з захапленьня, а адна бабка ўзяла верацяно, ды, - каб я круты й паваротлiвы быў, - адрэзала на верацяне мой пуп.

– А што гэта верацяно?

– Spindle. Ведаеш такое нешта?

– Ага. Ну й што далей сталася?

– З таго, што мне ўдалося даведацца пра маё на гэты божы сьвет прыбыцьцё, дык тут галоўнае адно. Паколькi я з самага нiзкага, так сказаць, мужыцкага цi сялянскага роду, дык там ня было прысутных нiякiх пiсараў афiцыйных нi прыватных, а таму й ня было каму запiсаць для гiсторыi нашага народу цi маiх насьледнiкаў такiя важныя дэталi, як маю вагу, колер вачэй, стан здароўя мой i маткi маёй, камэнтары й гамонку вяскоўцаў i так далей, i да гэтага падобнае...

Вера хiхiкала, але Алесь зусiм ня трацiў сур'ёзнасьцi.

– Гэта генiяльна!
– жартавала дзяўчына.

– Цяпер-жа, паколькi мы выясьнiлi ўжо калi i як я нарадзiўся, дык трэба можа не забывацца якога я племя. Вось-жа з добрых крынiцаў, гэта значыць з аўтарытэтных вуснаў я чуў, што належу да вялiкай масы людзей, пра якiх Лiнкольн, здаецца, некалi сказаў, што Бог павiнен гэтых людзей моцна любiць калi стварыў iх так многа...

– Ага, надзвычайна!
– усьмiхалася Вера.

– Iншая справа, - вельмi сур'ёзным тонам прадаўжаў Якiмовiч, - што вусаты маршалак з Варшавы i ягоныя паны, пад уладай каторых я нарадзiўся, зусiм не згаджалiся з апiнiяй Лiнкальна адносна нас, добрых людзей, якiх найбольш натварыў Бог на сьвеце. Той вусаты i ўжо трухлявы марашалак ды ягоныя паны казалi, што мы ўсе - хамы, што нашая мова - хамская, што мы мусiм цэлы час на паноў працаваць, як некалi амэрыканскiя Негры на сваiх уладальнiкаў...

– А што гэта такое хамы?

– Паводле бiблii, у Ноя быў сын Хам, якога бацька пракляў за непашану яго. Палякi хамамi называюць прымiтыўных, нявучаных людзей, паангельску назваць iх можна dopes...

– Ага, ну далей!
– спанукала Вера.

– Дык Палякi нас старалiся да працы ў паноў за мiзэрную плату запрэгчы. Яны, - значыцца гэтыя самыя Палякi, - думалi, што яны ёсьць найразумнейшым народам на сьвеце, а таму гэтыя нiкчэмныя людзi казалi, што яны маюць права гуляць i жыць за нашыя мазалi... Кумекаеш?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: