Шрифт:
24
Лiвень за вакном спынiўся, але Капшун таго не спасьцярог. Пры яркiм сьвятле настольнае лямпы, у мяккiм крэсьле, смокчачы даўно пагаслую люльку, ён яшчэ ня выкараскаўся з чытаньня Шпакавай сэрыi артыкулаў у "Беларусе". Калi-б Шпак не атаўбаваўся з процiлежнага боку барыкады, Капшун павiншаваў-бы яго. Чаму-ж не? Якое майстэрства мовы, якая аргумэнтацыя! Аўтар валодаў майстэрствам выдатнага мастацкага нарысу, дзе нiцi людзкога здаровага пачуцьця спалучалiся iз струнамi духовасьцi, дзе вастрыё сатыры ў руках генiя паралiзуе ўсю нехлямяжую балбатню-прапаганду гнiлой сыстэмы. У Шпака атака супраць крывадушнага тырана перапляталася iз спачувальным шкадаваньнем калiшнiх блiзкiх сяброў i вялiкiх патрыётаў паняволенага народу, якiх так цi накш прымусiлi лiзаць маскоўскiя азадкi...
Капшун часам пiсаў соцрэалiстычна-прапагандовыя фэльетоны п. заг. "Между нами говоря" ў мясцовую "рабочую газетку", любiў чытаць выдатных майстроў сатыры. У горадзе меў выгадную пазыцыю пры фiрме "Славянская Кнiга", што здабыла лiцэнцыю ад "Совиностранторг" для перасылкi тавараў у "краiну, якая, - згодна словаў Мiкiткi Кукурузьнiка, - у недалёкай будучынi ўжо пабудуе камунiзм". Лiцэнцыя гэна - добрае карытца, пры якiм можна чэсным сваiм людзям пражыць i нават пажывiцца, ды ў кiшэнi "суайчыньнiкаў", што пасылалi на бацькаўшчыну сваяком пасылкi, залезьцi. Iншая праца Капшуна вымагала адмысловага падыходу. Беларускiя бебурнацы, - каб на iх безгалоўе!
– вось-жа махровыя фашысты, не здаюцца, яшчэ агрызаюцца! Калi Капшун некалькi месяцаў назад узяўся адлучыць iхнага лiдара Шпака ад грамадзкага беларускага жыцьця, або пранамсi спаралiжаваць ягоную руку, здавалася што заданьне лёгкае, як плюнуць. Справа простая: аслабiць яго фiзычна, пазбавiць працы, давесьцi да галечы мясцовага вулiчнага валацугi. Во як! Будзе нягоднiку крышка! Гнiлое капiталiстычнае "сословие" тут яму, Капшуну, якраз на руку! Прынамсi так меркаваў.
Шпак, здавалася, упаў. Ды не, няпраўда. Iншы даўно здаўся-бы, але ня гэты. Бамбардаваньне рознымi лiстамi з заклiкамi "радзiмы, якая ўсё блудным сыном прабачыць", атака прапагандай пра няўхiльную перамогу камунiзму на ўсiм сьвеце дый грандыёзныя эканамiчныя i тэхнiчныя перамогi на фроньце палепшаньня дабрабыту працоўных - усё гэта быццам у пропасьць канула. Гляньце, таварышы, чалавека няма як на каленi паставiць. Нават пасьля таго, як удалося яго зь нiзкаплатнай работы ў гатэлi пагнаць! Выглядала, што працiўнiк змагаўся наймацней, калi яго на мяжу роспачы папхнеш. Значыцца, разважаў Капшун, - трэба iншымi мэтадамi спрабаваць. Дзякуючы Веры, ён ведаў, што Шпаку памагаў Якiмовiч, каторы вось цяпер недзе яго за горад перамясьцiў. Заданьне, здаецца, больш складанае, чымся раней выглядала.
Надыходзiў крызiсны час. Грыша прыгадаў, як нейкага паўгоду назад наведаў яго важны чалавек з аттаўскае савецкае амбасады. Была доўгая размова. Справа, у канцы канцоў, зводзiлася да простага наказу зьверху: камiтэт за вяртаньне на радзiму прынагляе вас, каб Антона Шпака адхiлiць ад удзелу ў грамадзкiм i палiтычным жыцьцi беларускiх буржуазных фашыстаўскiх нацыяналiстаў. Яшчэ лепш, каб вярнуць яго на радзiму.
– У кажным разе, - казаў важны чалавек з амбасады, - Мiхайлаў давярае вам такое заданьне. Апраўдаеце такi давер?
Гэтта Капшун аж ёкнуў з захапленьня.
– Так, таварыш, дайце мне час.
– Колькi-ж часу?
– Якi год. Акцыя патрабуе паступовага нацiску. I Мiхайлаў, вядома, павiнен мне памагчы.
– Не беспокойтесь. Беритесь за дело!
Нарэшце, наапошку нешта зрушыла. Чалавек з амбасады зьвязаўся зь iм без пасярэднiцтва Канадыйскай камунiстычнай партыi. Калi гэта ня мела вагi, дык што тады яно значыла? Нехта й недзе яго заўважыў, асаблiва ацанiў ягоную адданасьць прагрэсу працоўнага руху ў адной галiне... Рашылi, вiдаць, што яму можна даверыць такое важнае заданьне. Вядома, гэта паднясе ягоны прэстыж сярод перадавых таварышаў i дасьць багаты дывiдэнд.
Капшун ужо глядзеў наперад, уяўляў той час, калi павысяць яго на партыйнай лесьвiцы. Не за гарамi той дзень. А Шпак? Нiкчэмнiк! Ён лёгка з гэтым фашыстам справiцца. Лёгка? Так здавалася... Выглядала цяпер, што трэба ўжываць больш радыкальныя сродкi. Капшун меў малую фармальную адукацыю, на мудрасьць паляваў самавукам. Ганарыўся сваiм практычным i вынаходлiвым розумам, "практической смекалкой". Адразу пасьля прыезду ў гэтую краiну з быўшай "панскай Польшчы" яшчэ юнаком, навязаў лучнасьць з "краснымi". Неўзабаве падпрогся да iх. Гэтыя ведалi сваю дарогу, вызначалiся дынамiзмам i накiраванасьцю ў той час, калi iншыя палiтычныя партыi тузалiся ў нерашучасьцi i эканамiчнай дрыгве.
Не турбавала Капшуна тое, што й камунiсты мала матар'яльна памагалi беспрацоўным, што вярхушка партыi трацiла найбольш iдэялягiчнае амунiцыi на лаянку капiталiстаў ды менш дбала пра так званага беспрацоўнага, затуканага-загуканага рабацягу i ягоную сям'ю. Гляньце вунь вышэй, аж туды ў мэкку будучага камунiзму, што на ўсiм сьвеце запануе. Адтуль iдзе мудрасьць i сьвятло, адтуль кiруе "рукавадзiцельства". Яно загоiць некалi ўсе раны, вырашыць максымальныя праблемы, нарэшце збудуе сыстэму дабрабыту для ўсiх, раз i назаўсёды зьлiквiдуе эксплёатацыю чалавека чалавекам, як казаў некалi вялiкi Iльiч, цi той, яшчэ мудрэйшы за яго, барадаты... Капшун меў якраз тыя якасьцi, што ў гэны час i ў гэтай краiне былi ў "чырвоных" так патрэбныя: абсалютная партыйная ляяльнасьць, упартасьць i агрэсыўнасьць, адсутнасьць талеранцыi да "буржуазных" iдэяў. Важнейшае яшчэ: Капшун меў добрыя кансьпiрацыйныя здольнасьцi.
Спачатку далi яму малаважныя заданьнi. Заўважыўшы ягоны гарт i адданасьць, падкiнулi большае. Некалькi гадоў падарожнiчаў па вялiзнай краiне, арганiзаваў "рабочыя клубы", быў сябрам экзэкутывы гэных клюбаў. Прынялi ў партыю, далi новыя заданьнi палiтычна-грамадзкага характару.
Не павязло яму з матрымонiяй. Жонка, рашчараваная мужчынам i ягонымi "задачамi", пакiнула яго. Капшун жартаваў, што такiм чынам трапiў "у бабылi". Цяпер, пасьля гадоў цярплiвага чаканьня й натугаў, выглядала, што "дзела йшло на новы пад'ём". Заданьне паралiжаваць Шпака было найважнейшым з усiх, якiя яму дагэтуль давалi.