Шрифт:
Калi-б спытацца Капшуна, куды i як высока хоча ён залезьцi па драбiне ўлады, напэўна заiкнуўся-бы з адказам. Дзесьцi там у iмгле апанаванай камунiстамi Канады чакала функцыя пры каманьдзе гэтай новай "народнай дэмакратыi". Вось яно як... Тымчасам трэба "усердие и бдительность на вахте революции"...
Пасьляваенны прылiў "фашыстоўскiх iмiгрантаў", што нейкiм чынам уцяклi ад савецкага "правасудзьдзя" й пакараньня, стварыў паважную небясьпеку для камунiстычных плянаў апанаваньня Канады. Трэба паралiжаваць iхныя намаганьнi дызiнфармацыi капiталiстычнай канадыйскай вярхушкi й народу пра мiралюбную палiтыку Савецкага Саюзу. Гэта было ясна, як дзень. Пра гэта гаварылася на партыйных i грамадзкiх сходах, гэта скланялася на ўсе лады, паўтаралася шмат разоў пры розных нагодах.
У агульных плянах акцыi супраць гэтых "фашыстаў", у iх лiку й "беларускiх буржуазных нацыяналiстаў", - гэтага атрэп'я сумленнага й баявога, гэраiчнага народу, - фiгуравала розная зброя. Насамперш ужывалася прапагандовая доўбня, ужо даўно i зь немалымi посьпехамi выпрабаваная i загартаваная ў баёх майстрамi цэнтру. На павадку, за галоўнымi гарматамi, валачыўся шантаж i, у выключных выпадках, адпаведны фiзычны гвалт. Розных спэцаў вызначылi-прыдзялiлi-прыляпiлi да ўсякiх "фашыстоўскiх" групаў; а Капшуну, далi ягоную "родную" - беларускую. Галоўны прыцэл загадалi трымаць на "фашыста" Антона Шпака. Ягоны моцны голас натхняў усiх гэтых "фашыстоўскiх падонкаў". Ён - iхны фэтыш. Закрыць яму рот!
Мiнула ўжо нейкiх шэсьць месяцаў ад вiзыты тэй важнай асобы з аттаўскае амбасады. Усе спробы паралiжаваць Шпака правальвалiся. Чалавек змагаўся i адбiваўся. Больш таго: ён атакаваў. Во - гэта працiўнiк! Такога Капшун раней на лапаткi не палажыў. Злосьць бушавала! Цяпер нават ня ведаў, куды той Шпак перабраўся. А гэтае, - каб яе чорт менш насiў, - дзяўчо, што яно робiць? Чаму так доўга рапарту няма? Капшун нэрвова хадзiў па сваiм пакоi, праклiнаў тое ды гэна, падняў трубку тэлефону й набраў нумар. Пасьля колькiх званкоў у трубцы пачуўся заспаны жаночы голас.
– Што табе так доўга заняло?
– рэзкiм голасам навалiўся Капшун.
– А табе што, як быку прырупiла?
"Каб цябе чорт!
– думаў Грыша.
– Пару разоў у пасьцелю суку зацягнуў, дык цяпер ужо загадваць табой хоча. Як пранюхала што ейныя бабскiя ласкi патрэбныя, дык цяпер з рагамi да цябе! У партыi забясьпечаная. Таму да яго, Грышы, такая iранiчная паблажлiвасьць".
– Стары казёл, - казала яму Нiна Ляскiн пры iншай нагодзе, - калi табе прыпрэ, пашукай дзiркi ў плоце!
– Ды не, - адказаў цяпер лагодным голасам Капшун таму соннаму голасу ў тэлефоннай трубцы, - хачу проста ведаць чым ты занятая.
– Так? Трэба было мне прыслаць тэлеграму, што будзеш званiць, дык я-бы тут пры апараце падзяжурыла, старога казла чакаючы...
– Слухай, Нiна, перастань з гэтымi мянушкамi.
– Слухаю.
– Я званю ў важнай справе.
– У цябе ўсё й заўсёды важнае.
Капшун уяўляў самазадаволеную кплiвую ўсьмешку Нiнiнай напудранай маскi. Каб яе! Колкi язык.
– Нiна, прашу цябе. Мне не да шутачак...
– Гавары, слухаю.
– Скажы мне, што зь Верай?
– Ня бачыш ты, стары казёл? Яна закаханая, влюбенная по уши. Понял? Да, да, усе сымптомы...
– Цi яна зараз дома?
– Няма. Пайшла некуды, можа ў шоў...
– Зь кiм пайшла?
– Адкуль мне ведаць. Цi ты мяркуеш, што я бегаць за ёй буду?
– Я думаў, што можа сказала табе...
– Не, не казала. I калi цябе цiкавiць, дык скажу табе, што наша маладзiца ўтрэскалася, улiпла й патанула да самых глыбiняў. Да, да...
– Што за дзяцюк?
– Хто? Ды Якiмовiч. Цi гэта для цябе навiна?
– Не, ня зусiм. Як далёка яна зайшла?
– Апошнiх пару тыдняў зьмянiла свае паводзiны. А я ня мела нагоды назiраць за ёю ў магазiне, але я пэўная... Задуманая, маркотная, забываецца часам што нармальнае, нэрвуецца, кусьлiвая. Так, парань мой, сымптомы верныя. Твая iсключыцельна спасобная красавiца ў пагонi за гэтым Дон Жуанам розум трацiць. I папярэджу...
– Непатрэбна. Пасьля такой грунтоўнай дыягнозы сам бачу. Дрэнь, ярунда! Камплiкуе дзела... Такога я не спадзяваўся. Ну дык дзякую за iнфармацыю. Гэта будзе ўсё.
– Але-ж, якi ты бiзнэсавы сягоньня! Шкада...
– Чаго гэта?
– Усё толькi бiзнэс, а пагуляць няма калi.
– Перастань! Будзь ты праклятая, сука!
– заключыў Капшун, палажыўшы трубку. Задуманы, пачаў хадзiць па пакоi. Напхаў у люльку галяндзкай "Аморфа" табакi, прыкурыў, намагаўся вярнуць раўнавагу. Так, на Веру трэба нацiснуць. Толькi празь яе можна знайсьцi "старога фашыста".
Апошнiмi часамi Вера не рэагавала на ягоныя жаданьнi цi загады. Вялiкая была-б небясьпека, калi-б яна да бяспамяцтва закахалася ў Якiмовiча. I якая тады зь яе карысьць, калi апынецца пад поўнай уладай дзяцюка? Трэба запабегчы гэтаму... Так, чаму-ж не. На гэта ёсьць рада. Паказаць Якiмовiча як небясьпечнага фашыстоўскага крымiналiста. Да, да, совершенно так, именно так... Грыша ўсьцешыўся ад такой сваей вынаходлiвасьцi. Трэба ратаваць дзяўчыну, пакуль яшчэ час.
Капшун сеў за машынапiску й пачаў лiст да людзей у Ўсходнiм Бэрлiне. За якiх хвiлiн дваццаць зарганiзаваў асноўныя думкi. Зводзiлiся яны да наступнага: "Паказаць Якiмовiча як мацёрага i небясьпечнага ваеннага крымiналiста, з крывёй нявiнных савецкiх грамадзянаў на яго руках. Зьмясьцiць матар'ял у наступным нумары. Да маей дыспазыцыi прыслаць некалькi нумароў лётнай поштай. Трымаць ягоную матку на прывязi".