Шрифт:
Разiнуўшы ад зьдзiўленьня рот, стаяў перад рэклямай, падобнай якой i ў гэтым горадзе ня знойдзеш. Наверсе будынку, што на рагу вулiцаў, на цэлую даўжыню, можа мэтраў дваццаць, франтавой сьцяны вялiзнымi лiтарамi напiсана:
THRIFTY TONY IS NO BALONEY HE WORKS HARD TO SAVE YOU MONEY! Пабеларуску гэта гучэла так: Трыфты Тонi ня ёсьць абiбокам. Ён цяжка працуе, каб заашчадзiць табе грошы!
А нiжэй на мэтры два ад таго верхняга Трыфты Тонi скардзiўся:
SMALL PROFIT THAT WE MAKE KEEPS US MANY NIGHTS AWAKE!
Гэта трэба разумець так: Наш малы даход морыць нас начамi бяссоньнiцай.
Апроч гэтых двух галоўных напiсаў, па сьценах былi распаўзьлiся розныя варыянты гандлёвай этыкi Трыфты Тонi. Агульным назоўнiкам, цi, - калi вам падабаецца, - крыкам гэтай прапаганды, быў-бы лёзунг: сьпяшыце да нас, усе людзi добрыя, паадзiночна i разам! Мiж аграмадных напiсаў тырчэлi каляровыя галовы клоўнаў, што быццам рагаталi зь бiзнэсавай этыкi Трыфты Тонi. Алесь перайшоў вулiцу, каб прыгледзiцца гэтаму дзiвосу зь iншага боку.
Людзi таўклiся ля выставачных вокнаў быццам пчолы ля лёткi вульля ў сонечны вясеньнi дзень. Нiзы сьценаў абляпiлiся здымкамi вялiкiх чэргаў у дзьвярох крамы. Побач iх - лiсьлiвы твар самога ўласьнiка крамы падахвочваў гэты шчасьлiвы спажывецкi народ. Ура! Хадзiце. паўзiце, налятайце, спажывайце! Няспынным гужам сьпяшыце ў дзьверы крамы!
Надта павялiчаныя газэтныя артыкулы, таксама ў гумарыстычным тоне распавядалi пра выдатнага чалавека гэнага самага Трыфты Тонi, каторы адно для твайго дабра на гэты сьвет зьявiўся. Уся гэтая рэклямная кампазыцыя, у вясёлым тоне карнавальная маска вечарам зiхацела й пералiвалася-рухалася сьвётламi электрыкi.
Алесь меркаваў цi варта i яму заглянуць у сярэдзiну. З тае пушчы ўжо на спадзе былi ягоныя сьцiплыя фiнансы, але-ж можна адно паглядзець, не абавязкова купляць. Увайшоўшы ў краму тут-жа сустрэў стоража. Вопратка ягоная, быццам палiцэйская, цёмна-сiняга колеру, з рознымi блiскучкамi, як у нейкага адмiрала. I фiгура самога дзядзькi гэтага надта-ж аўтарытэтная. Заданьне ягонае, вiдаць, памагаць цi даваць iнфармацыi тым надта добрым клiентам, якiх шчасьлiвы лёс сюды прынёс. Пэўне-ж, - i гэта, магчыма, галоўны абавязак вартаўнiка, - за зладзеямi трэба сачыць.
Алесь акунуўся ў нейкае сьцюдзянейшае паветра. Ага. Тут, пэўне, у гэтай вялiкай краме, быў ахаладжальнiк паветра. Магчыма, запраўды, гэты Трыфты Тонi пра клiентаў дбаў! Падбадзёраны, асьвежаны Алесь пастанавiў заняцца разьведкай.
Горы тавараў. Гушча народу. Алесевы вочы разьбягалiся, калi задаволены, што зайшоўся сюды, разглядаўся i меркаваў, што рабiць далей. Прыгадалася яму захапленьне аднаго сябры, калi прыехалi ў Канаду. Той, зачараваны багацьцем усялякага дабра ў крамах, узьнёслым голасам захапляўся:
– Але-ж i Канада! Усяго ўсяго поўна! Абы толькi грошы!
Алесь папытаўся ў таго важнага дзядзькi вартавога ў адмiральскiм мундзiры дзе Трыфты Тонi мае кантору.
– Шукаю працы, - сказаў ён яснавалосай жанчыне за сталом пры тэлефоне.
– Цi маеце што-небудзь?
– Я няпэўная. Магчыма. Сядайце, калi ласка, -ветлiва адказала жанчына.
– Мушу боса знайсьцi.
Неўзабаве ў дзьвярох зьявiўся чалавек сярэдняга росту, хударлявы, смуглы твар, iз залысiнамi. "Гэта-ж ён, - iмгненна спасьцярог Алесь, - той самы, што на рэклямных здымках, сам Трыфты Тонi".
– Вось чалавек да вас, Дэйвiд, - сказала сакратарка.
– Шукаю працы, - устаў з крэсла Алесь.
– Працы? Якой хочаш працы? Ты даўно ў Канадзе?
Уласьнiк Трыфты Тонi спасьцярог Алесеў акцэнт, а сам гаварыў шпарка, напэўна сьпяшыўся. Алесь наважыўся iсьцi на пралом.
– Я хачу працы. Можа ня ведаю чаго, але навучуся... Я ў Канадзе ўжо больш як год. На поўначы ў пушчы кантракт адрабляў...
– Зь якой краiны ты прыехаў?
– спытаўся ў яго Зэлман.
– Зь Беларусi.
– Дык ты Беларус?
Уласьнiк Трыфты Тонi пераключыўся на беларускую мову, а твар ягоны зазьзяў прыязнай усьмешкай.
– Знаеш Пiнск?
– Так, знаю Пiнск, горад на Палесьсi.
– Я адтуль. Хадзi ў маё бюро, малады чалавек.
Калi Давiд Зэлман пасяброўску ўзяў Алеся за руку й накiраваў яго ў сваё бюро, змучаны доўгiмi пошукамi працы дзяцюк нарэшце спанатрыў, што здабыў сабе ўжо нейкае месца ў гэтым горадзе. Узяўшыся за працу пры вешалках з гальштукамi назаўтра ранiцай, Алесь пастанавiў, што ад гэтага часу ён павiнен сканцэнтраваць сваю ўвагу на двух прадметах: вырашыць, дзе была крынiца дынамiзму, што няспынна паганяла Давiда Зэлмана ды пазнаць-вывучыць спружыны ягонага бiзнэсу.