Шрифт:
Галена адразу i не чакала нiякiх вестак ад мужа. Яна разумела яго навылёт. I праўда, што Бушмар маўчаў месяцаў мо з тры, а пасля загаварыў раптам, адно за адным пайшлi ад яго лiсты: "глядзi сябе добра", "пiльнуй сябе ў сваёй хаце", "трымай усё, як мага, не збывай нiчога, а я доўга тут не буду..." Хтосьцi малапiсьменны, мусiць, допраўскi Бушмараў таварыш, выпiсваў прывiтаннi, пажаданнi, iмкненнi Бушмаравай душы, але Галена пазнала Бушмара толькi ў словах пра гаспадарскi набытак, пра "пiльнаванне сябе ў хаце". За гэтымi словамi i жыла Бушмарава душа, якая для Галены была яснаю i вядомаю i якая не патрабавала для выказванняў шматслоўя. Галена разгадала: поўны нечаканым утрапеннем, прыглушаны бядою, Бушмар спачатку не думаў нi пра што. Як бы ўсё ўжо было скончана, больш ужо нiчога не трэба на свеце чалавеку, але пасля з'яўляцца пачала абыкласць, незвычайнае стала набываць адзнакi звычайнасцi, i тады зноў чалавек стаяў на зямным грунце.
III
У хутарской адзiноце Галена нарадзiла сына. У той самы дзень Бушмараў брат ледзьве ўспеў прывесцi сваю жонку, а праз якi дзень Галена пачала брацца за работу.
Братава жонка паехала. Гэтай Бушмаравай раднi Галена не любiла.
Бушмараў сын удаўся ўвесь у матку. Бацькаўскi быў толькi колер вачэй. Гэта гаварылi ўсе, хто бачыў яго, а паглядзець на малога падыходзiлi людзi пад Галену, калi яна выносiла яго ў лес i за лес. Яна несла яго скрозь паўз сцяну лесу, думала толькi пра яго i гэтым адцягвала непатрэбны клопат свой ад непазбыўнага бязладдзя ў хаце. Бо як ты нi глядзi i нi клапацiся, аднымi рукамi нiчога не парадзiш. Як яна спачатку нi разрывалася за работаю i клопатам, усё роўна не ўтрымала парадку. Усё было не дагледжана, параскiдана. I яна прыняла гэта з лёгкiм сэрцам. У яе з'яўляцца пачала нуда па людзях, таму яе гэтак часта i цягнула за лес, а тады якраз адбылiся вялiкiя змены навокал. Бушмару пакiнулi толькi сялiбу i зямлi па норме на душу. На гэты бок лесу было ўжо калектыўнае поле. Яно цiснула сялiбу немiласэрна. Тады Галена першы раз за ўвесь час напiсала Бушмару праўду пра гаспадарку.
У тыя часы Вiнцэнты трапятаўся як падсмалены. Мусiць, дапякло чалавеку добра, калi не цураўся ўзяць на сынаву шыю Бушмарава дзiцянё, але пасля апошняга таго прыходу да Галены ён асеў як знясiлены. Ён толькi шаптацца пачаў з людзьмi i вохкаць.
Тады была трэцяя восень, як адышла Амiля з хутара. Пра Амiлю Бушмар нiколi не гаварыў Галене, яна i не дапытвалася, ведала толькi тое, што пачула была тады на Бушмаравым судзе.
Несучы малога паўз лес, яна бачыла людзей на полi. На яе прыглядалiся здалёк, як бы ненарокам падыходзiлi блiжэй. Яна сама пайшла да ўсiх. Дзiцянё разглядалi доўга, спачувалi, што яна адна з iм. Галена пагаварыла з людзьмi i пайшла назад. Гэта было пасля апошняга здарэння з Вiнцэнтым. Восень у той дзень прачнулася пагодлiваю, цвiлi паўз лес верасы, беразняк увесь зiхацеў ад сонца i лiсця. Лясы дыхалi спакоем, сумная радасць поўнiла iх. У бяздум'i Галена ўвайшла ў лес, на сваю дарогу. I тады пачула, што хтосьцi даганяў яе. Крокi былi лёгкiя i шпаркiя, Галена азiрнулася. Бегла жанчына. Галена пачакала яе, i от яны сышлiся.
– Я пагляджу вашага малога, - сказала жанчына.
Галена ўбачыла сумны спакой незнаёмага твару, незвычайную шпаркасць у рухах, здэтэнаванасць.
– Не падобен да Бушмара, - устрапянулася жанчына.
Штосьцi яшчэ яна хацела сказаць - Галена заўважыла гэта i чакала. Яны iшлi поплеч - тая першая рушыла праз лес. Галена здагадвацца пачала. Iсцi моўчкi iм было нядобра. Галена спакойна глядзела на дзiцянё i на ўсё, тая была неспакойнаю.
– Вы Амiля?
– проста i звычайна сказала Галена.
– Я.
– Хадзем на хутар.
Сказала яна гэта так проста, што Амiля пайшла. Iшлi яны паволi. Амiля ўглядалася ўсё ў дзiцячы твар.
– Ён мог бы быць падобным да свайго брата...
– Да якога?
– Да майго малога, да другога Бушмаравага сына. Ён якраз мог бы быць гэтакiм...
Пасля яна падумала, што Галена магла пакрыўдзiцца за што, i глянула на яе, а тая iшла, як iшла. Толькi як бы не разумела гаворкi. З-за лесу Амiля пайшла назад:
– Не пайду далей. Нядобра мне iсцi туды.
– А я даўно хацела вас пабачыць.
Амiля iшла назад шпарчэй. Яна ж толькi хацела паглядзець на другога Бушмаравага сына, цi не падобен ён да яе сына! Гэта было б страшна! Тады яна магла б знелюбiць яго. Бо i прыйшоў ён на свет праз гэтакiя пакуты, якiя дарэшты выветрылi ўсе маладыя iмкненнi. Першы ж сын яе раней браў усю матчыну ласку! Не, яна пароўнi дзелiць цяпер гэтую ласку мiж абодвума сваiмi сынамi! Сынамi сваiмi!
Яна гнала ад сябе страшныя думкi.
"А яшчэ тая запрашае на хутар! На той самы хутар!"
Чамусьцi нейкую крыўду раптам пачула яна ў гэтым запрашэннi. Наўмысную знявагу да сябе. Нават, можа, кпiны.
Не думаючы, Амiля вярнулася. Галена паволi iшла сцежкаю на ржышчы.
– Я пайду на хутар.
– Добра... Я ж прасiла вас.
Галас пазнаў сваю ранейшую гаспадыню, стаў лашчыцца да Амiлi.
Вось тое самае месца, дзе яна была калiсьцi нагнулася завязваць чаравiк. Той самы дзядзiнец i сад...
Амiля ўвайшла ў хату следам за Галенаю.
– Не ўдалiся мне маладыя гады, - сказала Галена.
– А вы думаеце мне ўдалiся!
Амiля гэта аж крыкнула. Галена здэтэнавалася.
– ...I мне не ўдалiся! Вы ж тады (я добра заўважыла вас) былi на судзе, вы чулi ўсё, як жа вы гэта пайшлi за яго? Як вы не пабаялiся! Хiба не вiдаць было тады, што гэта за чалавек!..
– Мы з iм жывём добра.
Амiля плакала. Дрэннае пачуццё да Галены расло ў ёй.
– Дзякуй Богу, што яны не падобны адзiн на аднаго.
– Хто?
– Дзецi. Я свайго знявiдзела б тады.
– За што? Нашто вы гэта гаворыце? Вы i на мяне нядобра, як на ворага, глядзiце? А за што?.. Я ж бачу, што пра Бушмара вы i цяпер думаеце. Якi б ён нi быў, вы на яго не забылiся...