Вход/Регистрация
Лявон Бушмар
вернуться

Чорный Кузьма

Шрифт:

– Забылася... Не думаю...

– Мусiць, думаеце, калi гаворыце гэтак, калi адразу што ўцяклi былi тады ад яго, з першых дзён. Бо ён цяжкi чалавек, iнакшым ён нiколi не будзе.

– А вы ж жывяце з iм, не ўцяклi ад яго.

– Я жыву, але каб ён паздзекаваўся з мяне, я i дня нiколi з iм не была б. Бо нашто гэтак жыць...

– А калi лепш няма як?

– Як гэта няма? На свеце ўсякага жыцця даволi i чалавечае долi шмат...

Амiля панура слухала. Якраз так гаворыць часам брат, калi жонка пачне скардзiцца на долю.

– Чаму ж ты сам свае добрае долi не знайшоў, а каго дык вучыш? крыўдзiцца жонка на Андрэя тады.

Андрэй тады гаворыць колькi жорсткiх слоў пра дурную чалавечую нецярплiвасць i пра нуду з гэтакiмi людзьмi. I сыходзiць куды-небудзь з хаты.

"Пануры ён чалавек", - думае тады пра Андрэя Амiля, не ўмеючы iначай назваць братавай натуры.

IV

Неба было над лясамi сiняе i цiхае. I цiха было ў самых лясах. Восень зрабiла сваё i адпачывала на палянах - там яшчэ зелянiлася трава, стаяла вада. Сям-там яшчэ жоўты лiсток трымаўся на дрэве, гатовы i зiмаваць там... Гэтай цiхасцi не парушалi i вятры. Яны густа iшлi ў сваю дарогу, дзiкаю ласкаю ападаючы на зямлю. Сонца часамi выкрадвалася з-за хмар, але восень, перад скананнем сваiм, любiла хмурнасць. Гэтак дажывала восень апошнiя днi. Туман з рэчкi цi лагчыны або дым з пастушковага вогнiшча калi ўзнiмецца, дык невысока стаiць над зямлёю. I гукi людскога голасу звiняць доўга ў гэтай прасторнай цiшынi.

Дарогi былi пустыя. На дарозе высокая чалавечая постаць вырасла раз надвечар. Жорсткi i рухавы выгляд яе рваў гармонiю цiхай восеннай ласкавасцi.

Чалавек спяшаў. За плячыма ў яго матлялася пустая торба. Ён толькi на ўзгорку прыпынiўся, адкуль больш вiдаць было зямлi навокал. I зноў заспяшаў. Вёску ён абышоў стараною, але яго ўсё роўна ўбачылi. I ўсе гаварыць пачалi пра яго:

– Бушмар iшоў дадому з астрога.

– Спяшаў страшна.

– Не адбыў свайго часу, амунiсцiя, мусiць, нейкая!

Вечар увосень находзiць шпарка. Бушмара ён агарнуў ля хутарской брамы. Сiнь неба згусцiлася, лясы пачарнелi.

Дубняк падыходзiў да самых хат. Увечары ён зусiм злiваецца з мiзэрным драўляным чалавечым прытулкам. Як запальваюцца на небе зоры, неба ўздымаецца вышэй, зямля чула дрэмле пад iм. Тады, калi заплача ў хаце дзiцянё, дзiцячы голас далёка чуваць у лесе.

Я цябе люляла...

Спявае жанчына. На дварэ чуваць, як скрыпяць вяроўкi ад калыскi. У хаце гавораць. Жанчына ўсё спявае.

– Андрук, ты збiраешся куды?
– чуваць другi жаночы голас.

– Я надвечар бачыў, як Бушмар дадому з допру iшоў, - адказвае мужчына.

– Гэтак хутка...

Жанчына яшчэ нешта гаворыць, але чалавек выходзiць з хаты. Другi чалавек шпарка адбягае ад акна. У змроку ён здаецца клышаногiм. Адбегшы крокаў дзесяць, ён спакойна варочаецца назад, нiбы iдзе сабе спакойна ў сваю дарогу.

– Добры вечар, Андрук, - гаворыць ён, стараючыся быць спакойным.

– Добры вечар, Вiнцэнты, - гэтаксама стрымлiваючыся, гаворыць Андрэй.

– Бушмар вярнуўся.

– Ну!

– Не бачыў?

I Вiнцэнты хiтра ўсмiхаецца, як следчы, якi злавiў на слове падсуднага. Пасля гаворыць:

– Лепш бы ён зусiм не вярнуўся.

– Чаму?

– Брыдкi чалавек. Воўк. Звер. Людзей ненавiдзiць. З яго карысцi людзям жаднае быць не можа.

– Дзiўлюся. Вы ж з iм павiнны добра ладзiць. Ён сабе дзедзiч, а ты далiкатны чалавек i хамаў не любiш, з гадамi знацца не хочаш... Хiба вы не падзялiлi чаго?

– А адкуль ты ведаеш, што я з iм вельмi вялiкi прыяцель павiнен быць?

– Па-мойму, няма вам за што сварыцца. Жылi б вы сабе як мае быць, далiкатна, па-Божаму; зналiся б, як добрыя людзi, як сваякi якiя...

Вiнцэнты недаслухаў. Ён пайшоў шпарка, з маўклiваю нянавiсцю.

– Бож-жа мой, Бож-жа мой, - шаптаў ён, прыцiскаючы на "ж". Ён здалёк чуў, як пайшоў у вулiцу Андрэй i як Амiля спявала ўсё свайму меншаму сыну.

V

Калi Бушмар выйшаў за страшную браму допра, яшчэ чуў на сабе цяжкасць прыгнечання, аж пакуль не мiнуў апошняга гарадскога завулка. Як бы хто магутны, непераможны трымаў яго за плечы i цiснуў у зямлю. Калi праходзiў местам, пазнаў блiзкiх, з свайго боку людзей каля вазоў, але яшчэ больш тады даў ходу, - каб хаця не заўважылi i не запрасiлi садзiцца на воз. Ён зусiм прыйшоў да спакою, калi пачуў, як палявы вецер свiшча ў вушы i б'е проста ў вочы. Тады адчуў ён струмень бурнай волi. Яна гнала яго па зямлi асеннiмi дарогамi, сцежыстымi пераходамi, лясамi. Больш нешта за сорак вёрст зрабiў ён за той дзень i яшчэ больш iшоў бы. Лёгка ўвайшоў ён у лес, як бура, мiнуў яго зараз жа. Галас iрвануўся да яго на поўны рух сваёй сабачай радасцi. У браме яны стаялi ўдвух, абняўшыся. Бушмар раздзьмутымi ноздрамi цягнуў у сябе восенны пах мокрага дрэва, саломы, зямлi, сабака захлынаўся вiскам, калацiўся з радасцi. Апамятаўшыся, Бушмар рушыў пад хату. Сабака павалокся на заднiх лапах следам, трымаючы ў абдымках гаспадараву спiну. Галена спаткала Бушмара на ганку. Яна абняла яго за шыю i павяла ў хату. I толькi тут, калi ўжо запахла знаёмым спрадвеку кутком, заварушылася дзесьцi ў нетрах сэрца трывога. Ён i сам не разумеў яшчэ, што гэта i з чаго, цi гэта пачатак чагосьцi вялiкага, цi драбяза якая? Галена падвяла яго да калыскi:

– Бачыш?

Ён чыркануў запалку, каб угледзецца ў твар невядомага яшчэ сына. Галена не зводзiла з яго вачэй.

Праз паўгадзiны ён ужо хадзiў па двары. Сабака гайсаў за iм, постацi iх шпарка варушылiся ў раннiм змроку, яны некалькi разоў абышлi двор. Нарэшце Бушмар рушыў за браму. Ён iшоў шырокаю сваёю мяжою i тут чуў, як тая трывога шпарка расла. I ён пачаў усвядомлiваць яе. Ён ужо трымаў у думках тое, што бачыў, як толькi падышоў быў сёння пад дом, але што ўцякло тады з галавы i сэрца. Каб бязлiтасна вярнуцца цяпер.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: