Шрифт:
«Гэта вам, Зося. Ад мяне».
У каробачцы былі мятныя цукеркі.
На чацвёрты дзень усё было, як звычайна. Раніцаю бацька і Грот пілі кофе і хвалілі нейкае новае нямецкае лякарства, не помню якое. Першы пахваліў бацька. Гроту гэта вельмі спадабалася. Яны разам выйшлі з дому. Я карміла снеданнем дзядзьку Сажаня. Перад абедам бацька зноў гутарыў з ім. У часе абеду Сажань быў заклапочаны і раптам вельмі даверліва паведаміў мне, што яму ніяк не могуць дастаць надзейнага дакумента і ён не можа выйсці з горада, бо ўсюды заставы, а ў горадзе ўсё яшчэ ідуць арышты. Сумна пажартаваў:
«Ем хлеб дарэмна. Мала што ў гэты раз зрабіў. І хлопцы недзе непакояцца, што са мною».
Бацька ўвечары прыехаў раней, чым звычайна. На той жа санітарнай машыне. У нашым цесным завулку машына доўга паварочвалася, буксавала ў гразі, і тата доўга не заходзіў у дом. Я чула, як ён перамаўляўся з шафёрам. Нарэшце машына пайшла. Тата ўвайшоў устрывожаны, нават спалоханы. Такі ён не быў яшчэ ніколі. Я спытала, што здарылася. Ён заспакоіў:
«Нічога, нічога, дачка».
А сам адразу пайшоў да яго. Праз колькі хвілін яны выйшлі, і Сажань упершыню агледзеў увесь дом, нават падняўся ў пакоі Грота.
Неўзабаве зноў прыехаў Вася. Бацька адчыніў вароты. Ён заехаў пад самы ганак. Зноў зваліў мяшок бульбы. Сказаў бацьку:
«Аглядалі. Двойчы. Адсюль і сюды. Злосныя, як сабакі».
«Падымі хлопцаў. Калі да ночы нічога не здарыцца, мы выведзем яго на Элеватарную».
Яшчэ пра нешта яны шапталіся.
Калі Вася паехаў, я зноў спытала ў бацькі, што ж усё-такі іх устрывожыла.
«Арыштавалі нашых людзей. Каля дома шнырае тайны агент паліцыі. На Пушкінскай правяраюць дакументы. Тройчы агледзелі нашу машыну».
Сажань перамясціўся ў пограб. Пад домам у нас вялікі пограб. Лазілі ў пограб з кухні. Але на двары каля сцяны быў люк — для вентыляцыі, і бульбу ўвосень праз яго ссыпалі. Ён быў яшчэ закрыты з зімы, люк. Бацька адкрыў яго. Потым сказаў мне разведаць сцежку. Была ў мяне патаемная сцежка, па якой я бегала яшчэ да вайны да адной сваёй сяброўкі-аднакласніцы. Адстаўляла дошку ў паркане, пралазіла ў суседні сад, такім жа чынам з таго саду — у Вішнёвы завулак, потым — на Клімаўскую. І сюды на Элеватарную, да ракі.
Але прыехаў Грот. Ён часам прыходзіў пехатой, пакідаючы машыну ў шпіталі. Часам прыязджаў, і машына начавала ў двары. У той вечар, як на злосць, ён доўга корпаўся ў ёй, нешта рамантаваў, мыў.
Шыковіч заўважыў, што, забываючыся, Зося пачынае расказваць для аднаго Антона Кузьміча. На яго аднаго глядзіць, да яго аднаго звяртаецца, але так, быццам ён той адзіны сведка, які можа пацвердзіць праўдзівасць яе слоў.
Схамянуўшыся, яна вінавата ўсміхнецца ўсім ім і пэўны час расказвае яму, Шыковічу, з нейкай дзіўнай насцярожанасцю сочачы, як ён запісвае: то піша доўга, нібы стэнаграфуе, то ўзмахам пяра ставіць нейкі іерогліф, толькі яму зразумелы.
Маша скінула чаравікі і босая, на насочках, выйшла на кухню, відаць, паставіла чайнік. А потым стала ў калідорчыку і слухала адтуль. Шыковіч умеў і ўважліва слухаць і ўсё прыкмячаць навокал. Ён знакам запрасіў Машу зайсці і сесці. Тая адказала яму таксама жэстамі. Гэтая іх незразумелая нямая размова збянтэжыла Зосю. Яна змоўкла. Шыковіч крутануўся ў крэсле, як гарэза-школьнік, злоўлены настаўнікам:
— Прабачце, Соф'я Сцяпанаўна, я ўвесь — увага.
Але яна ўжо свядома звярнулася да Яраша з усмешкай, якую дораць выпрабаванаму сябру:
— Вы ведаеце, Антон Кузьміч, мяне зноў выручылі трусікі пана Грота. Помніце? Я засунула аднаго за ватнік і палезла ў суседскі сад. Абышла паўз паркан і знайшла дошку, якую можна было адсунуць без шуму. Выйшла гаспадыня, не тая, якая жыла да вайны, жонка нейкага белагвардзейца-эмігранта, які вярнуўся з Германіі і займаўся камерцыяй. Я растлумачыла ёй, што ўцёк трусік. «Я баялася, каб ён не папсаваў вашы дрэвы». Старая дурніца пацалавала трусіка, якога я паказала ёй.
«Якая мілая мордачка!»
Гроту я таксама сказала, вярнуўшыся ў свой двор, што ўцёк трус.
Ён узяў яго спрытна і бязлітасна, мяне заўсёды і палохала і абурала, як ён браў гэтых няшчасных жывёлінак. Вось так, двума пальцамі, за скуру.
«О, ты хочаш уцячы? — сказаў ён трусу. — Заўтра я цябе пакараю за гэта. Мне шкада цябе. Але чаго не зробіш у імя навукі».
Як толькі сцямнела і Грот падняўся да сябе, бацька сказаў:
«Выводзь, дачка. Шчасліва вам. На Клімаўскай сустрэне Вася. Калі ж не сустрэне…»