Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Чым вы займаліся да вайны, Дымар?

— Рабіў закройшчыкам у атэлье.

— У часе вайны?

— Трымаў сваю майстэрню, кравецкую. Невялічкую.

— А яшчэ чым займаліся?

— Эх, грамадзянін начальнік! — ляпнуў раптам стары кепкай па падлозе, выпрастаўся, упершыню не хаваючы вачэй, паглядзеў на Шыковіча. — Не абрыдла вам цягнуць адно і тое ж па дзесяць разоў?

— Адказвайце на пытанні!

— Ну, выконваў некаторыя заданні паліцыі, — глуха, у падлогу, адказаў Дымар.

— Чые яшчэ заданні выконвалі?

— У СД не служыў! — пісклява крыкнуў арыштаваны. — Чаго не было, таго не было! Я ўсё вам сказаў. Нагаворваць на сябе мяне не прымусіце!

— Чакайце, чакайце. Не прыкідвайцеся дурнем. Нам добра вядомы ўзаемаадносіны СД і паліцыі. І вам яны не горш вядомы. Якія канкрэтна заданні вы выконвалі?

Прозвішча выпала ў Шыковіча з галавы — эпізадычная асоба, а яму трэба было ў працэсе запамінаць сотні розных прозвішчаў, беларускіх, расейскіх, нямецкіх. Але калі ён пачуў аб прафесіі гэтага чалавека, то адразу прыгадаў Ярашаў расказ. Не стрымаўся, звярнуўся да Сербаноўскага:

— Прабачце, Анатоль Барысавіч. Як імя, імя па бацьку арыштаванага?

— Адказвайце, Дымар!

— У вас жа запісана.

— Пытаюць у вас.

— Назар Авяр'янавіч.

— Гэты тып шпіёніў за Ярашам, — сказаў Шыковіч маёру.

Дымар зноў выпрастаўся, з неўразуменнем паглядзеў на Шыковіча, які задае пытанні зусім не прафесійна. Значыцца, не чэкіст, не вышэйшы начальнік. Хто ж? Сведка?

— Вы ведаеце Яраша? — спытаў у яго Сербаноўскі.

— Не, не, — хутка, не падумаўшы, адказаў здраднік. — Такога прозвішча не чуў.

— Кузьма Клешч. Пажарнік. Ведалі такога?

Дымар на хвіліну задумаўся, непрыгожа, па-старэчы, звесіўшы сківіцу, ад чаго рот ператварыўся ў нейкую бясформенную шчыліну. Потым як быў узрадаваўся:

— Ах, Клешч? Пажарнік? Помню, помню. Прызнаюся, меў заданне прасачыць за ім. Меў, меў… Але. Грамадзянін начальнік! Прашу запісаць гэта. Не выдаў. Не. Не выдаў, хоць раскусіў, што гэта за птушка. Аро-ол! — на высокай ноце, як бы з захапленнем выгукнуў стары шакал і раптам хіхікнуў: — Гэта ж ён Лучынскага… фота яго пасля размножвалі. А я не выдаў. Добры чалавек. Спадабаўся мне. Значыцца, жыве Кузьма Клешч? Хе-хе, Клешч. Вось вам яшчэ факт. Запішыце. Не выдаў я добрых людзей!

— Гэта запішам, — сказаў Сербаноўскі, сапраўды старанна занатоўваючы ўсю размову, яго проста-такі прафесійна ўзрадавала, што Яраш ведае здрадніка і на працэсе будзе такі аўтарытэтны сведка.

— Ад каго вы, Дымар, атрымалі заданне шпіёніць за Кляшчом?

— Усё ад таго ж Швагерава.

— А Лотке вы ведалі? — спытаў Шыковіч.

— Лотке? Немец? Першы раз чую.

— У той час, калі вы шпіёнілі за Ярашам, Лотке быў механікам у пажарнай.

— Я пажараў не тушыў, — нахабна і нечакана дзёрзка адказаў здраднік.

— Вы іх распальвалі, — кінуў Сербаноўскі, запісаўшы і гэты дыялог.

Нечаканыя адкрыцці далі новы матэрыял, новых сведкаў.

У Шыковіча цудоўная памяць. У падполле ён улез грунтоўна. Але ён, Сербаноўскі, ведае, што больш за ўсё зараз цікавіць пісьменніка. Дзеля гэтага і паклікаў яго сюды.

Узяўшы з папкі пажоўклы аркуш з вучнёўскага сшытка, Сербаноўскі паказаў яго арыштаванаму.

— Вы пісалі?

— Ну я. Я. Я! — зноў раздражнёна, перакасіўшы твар і прыціснуўшы дзвюма рукамі кепку да грудзей, праскрыпеў Дымар.

Маёр падсунуў аркуш да Шыковіча. Кірыла ўбачыў тую ж запіску начальніку следчага адзела паліцыі пра Савіча, якую ўжо аднойчы Сербаноўскі паказваў яму.

— Ён?

— Ён. Паўмесяца адмаўляўся. Не хацеў прызнаваць ніякіх экспертыз. Пакуль не выклікалі з далёкіх краёў таго, каму адрасавана запіска.

Здраднік сядзеў, панурыўшы галаву, быццам і не слухаў, не чуў, пра што гавораць следчы і гэты, другі, незнаёмы.

— Грамадзянін Дымар, што вы можаце сказаць пра доктара Савіча?

— Што я магу сказаць пра Сцяпана Андрэевіча Савіча? — Ён па-жаночы гаротна схіліў сваю маленькую сівую галаву набок, паківаў ёй. — Я магу толькі сказаць, што гэта быў залаты чалавек. Я пятнаццаць гадоў шыў яму касцюмы і паліто. Прымяраў на даму. І заўсёды выходзіў з гэтага дома начаставаны вось так. — Дымар правёў далоняй па шыі; дзіўна мяняліся інтанацыі яго голасу: то ён скрыпеў, як старая асіна, то сыпаў, як гарохам, то цягнуў павольна, з амаль лірычнай задумлівасцю.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 123
  • 124
  • 125
  • 126
  • 127
  • 128
  • 129
  • 130
  • 131
  • 132
  • 133
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: