Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Зося выявіла шчырую радасць, збянтэжанасці ў яе не было ні кроплі. Яна сказала надзвычай проста:

— Якія вы добрыя, што не забываеце нас. Хоць зрэдку заглядваеце на аганёк. Распранайцеся. У нас ёсць чай.

Але праз адчыненыя дзверы Яраш убачыў у пакоі Тараса. Хлопец сядзеў за нізкім сталом, застаўленым чайным посудам, услухоўваўся ў галасы і крыху дзіўна ўсміхаўся. Хоць Яраш ведаў, чаму ён тут, і ў душы ўхваляў яго выбар — абы толькі сур'ёзна, але нечаканая сустрэча з сынам тут, у Зосі, збянтэжыла яго, магчыма, нават больш, чым Машу. Ён адчуў сябе як бы ў нечым вінаватым. Што сказаць Тарасу, калі зойдзе ў пакой? Як будзе паводзіць сябе Тарас? Прыйдзецца прасіць яго, каб не прагаварыўся дома, а то зноў будзе скандал.

Ад гэтай думкі зрабілася да балючасці непрыемна. Тое, што ён вымушаны рабіць з гэтага бязвіннага наведвання тайну, уніжала і абражала. А ўніжэнне для яго, гордага і незалежнага, было самай страшнай карай.

Яраш пашкадаваў, што прыйшоў сюды.

30

Грукат крана над галавой быў для Славіка цяпер як нечаканы гром для забабоннага грэшніка. Ён уціскаў галаву ў плечы, палахліва азіраўся і, калі плыла цяжкая дэталь, адступаў, а то і зусім хаваўся за высокія станіны. Ён баяўся падняць вочы вышэй крука — да шкляной будкі, у якой сядзела кранаўшчыца, «дзятлік» з востранькім носікам і вострым чубком, бо сваю чырвоную касыначку Нінка заўсёды чамусьці абпінала «домікам», ад чаго твар яе яшчэ больш завострываўся. Славік баяўся сустрэчы з ёй.

Кран панёс да ўпаковачнай гатовы станок. Яго ўрачыста суправаджалі кіраўнікі цэха і амаль уся Тарасава брыгада. Акрамя Славіка. І Генрыха. Яны былі заняты другім станком: прыладжвалі зманціраваны электрыкамі праграмны вузел. Гэтую тонкую складаную і марудную работу заўсёды браў на сябе будучы інжынер. А ў Славіка гэта была апошняя стадыя вучнёўства, набліжаўся экзамен на разрад, і трэба было, хоць збольшага, ведаць зборку ўсіх вузлоў.

Усунуўшы галовы ў люкі тумбы, яны падганялі счапленне электраматора з перадачай аўтаматычнага з'ёмшчыка дэталей.

Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Звінелі шыбы і дрынчалі незамацаваныя дэталі і ключы на станку.

І раптам усё сціхла: кран спыніўся, замёр. Славік упусціў гайкі, якія падаваў Генрыху. Спіной сваёй, што вытыркала з-пад станка, ён адчуў, што цяжкі крук павіс якраз над ім. Больш таго, ён адчуў позірк Ніны, яна высунулася са сваёй шкляной будкі і глядзіць… глядзіць на яго.

Славік уціснуўся глыбей пад станіну. Хацелася ўсяму залезці ў вузкі люк, схавацца, ператварыцца ў электравузел, каб рухаць станок, а самому нікога не бачыць, нічога не адчуваць.

Не раз за сваё нядоўгае жыццё ён чыніў шкоду. Здаралася, што колькі дзён жыў з бояззю кары. Але ніколі яшчэ ў яго не было такога страху. Агіднае і цяжкае пачуццё! Яно скавала ўсю яго істоту. Яно — як невылечная хвароба, як рак, пра які чалавек ведае і нічога не можа зрабіць для свайго ўратавання, толькі слухае, чакае, калі, як ён праявіць сябе і нанясе апошні ўдар.

Станок уздрыгнуў, як жывая істота, — кран паволі рушыў далей.

Славік стоена ўздыхнуў. Генрых сказаў:

— Пасвяці сюды.

Славік падняў вышэй «пераноску», ад яркага святла якой слязіліся вочы.

Генрых кінуў на яго кароткі позірк і рухамі штукара пачаў мацаваць маленькія гаечкі. Недасведчанаму чалавеку, які бачыць станок толькі звонку, можа здацца, што такая аграмадзіна складзена з адных вялікіх і цяжкіх дэталей. Так упачатку здавалася і Славіку. А тут ёсць дэталькі не большыя за гадзіннікавыя, асабліва ў электраабсталяванні. Між іншым, гэтая складанасць і прываблівала няўрымслівага хлопца. Каб усё было проста і аднастайна, як яму ўяўлялася па школьнаму знаёмству з заводамі, адно і тое з хвіліны ў хвіліну, з дня ў дзень, то, напэўна, даўно ўсё абрыдла б. А на зборцы заўсёды нешта новае.

— Што ў цябе з Нінай? — спытаў Генрых, працягнуўшы руку па гайкі і пракладкі.

Рабро станіны здушыла Славіку грудзі. Пракладкі прыліплі да потнай далоні.

— А-а… нічога. Ходзім у кіно…

— Ты ж не любіш яе.

— А хіба нельга так?

— Як «так»?

— Ну… разам працуем, разам гуляем.

— Я сам, стары, раней глядзеў на дзяўчат несур'ёзна. Нібы яны для адных танцулек створаны. З Нінкай нельга так, май на ўвазе. Яна не такая, як тыя… У яе ўсё сур'ёзна. І планы яе сур'ёзныя і простыя: выйсці замуж, нараджаць дзяцей… Некаторыя моднікі фыркаюць: мяшчанства. Ёлупы! Схіліце галовы! Гэта жыццё ў яго натуральным выглядзе. Самі вы мяшчане!

«Чаму ён гаворыць гэта мне? Няўжо ведае? У вочы, у вочы б яму глянуць».

Але «зайчыкі» ад яго прафесарскіх акуляраў сляпілі. І Славік — што той трусік перад кобрай. Толькі вушкамі варушыў. Куды знікла дасціпнасць, кідкасць: ты мне слова — я табе дзесяць. Ён, акулярысты чорт, здаецца, працуе, а зіркае, усё бачыць. Разбіць пераноску, ці што? Быццам незнарок.

Нарэшце Славік скінуў чары. Выскаліўся:

— Думаў, хоць адзін чалавек як чалавек. А ты — як Ходас і Тарас. Маралісты! — і завыў у вантробе станка: — Сумна жыць, Генрых!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 128
  • 129
  • 130
  • 131
  • 132
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: