Шрифт:
— Славічак… даражэнькі… цяпер мы звязаны з табой назаўсёды.
Яго нібы агнём апякло.
«Звязаны… назаўсёды… Усё жыццё з ёй? З-за адной хвіліны? Што яна вярзе? Чаго яна хоча?»
І да ўсяго непрыемнага — яшчэ страх. Як удар. У галаву, у грудзі. Ажно пот выбіла.
А ў гэты момант — званок. Яны падхапіліся. Славік спалохаўся, разгубіўся. Кінуўся да радыёлы, выключыў. Настойліва прагучалі кароткія тры званкі. Іра! Так звоніць яна. А калі бацькі? Славік уключыў радыёлу зноў. Крутнуў рэгулятар гучнасці залішне. Музыка запоўніла кватэру.
Здалося, што Нінка знарок павольна наводзіць парадак у сваім туалеце. І робіць гэта перад ім бессаромна. Славік узненавідзеў яе ў гэты міг. Шыкнуў злосна:
— Хутчэй! — і пабег да дзвярэй. Прыслухаўся. Доўгі званок. Але, Іра. Злуецца. Ён адчыніў. Сястра ляпнула яго па твары рукавіцай, з якой пасыпаўся пясок.
— Соня! Не дазваніцца!
У яго рыбацкай куртцы, у штанах, у акулярах яна падобна была на геолага. Кінула шапку ў калідоры на столік і, нібы ўчуўшы нюхам прысутнасць старонняга, заглянула ў кабінет. Славік убачыў, як Ніна, недарэчна (о, як недарэчна!) абшмаргнуўшы плацце, прывіталася, сарамліва і лісліва. Іра не адказала. Яна глядзела на незнаёмку амаль з жудасцю. Здавалася, не толькі вочы, але і акуляры яе расшырыліся. Потым кінула позірк на брата, позірк бязлітасны, знішчальна-грэблівы, крута павярнулася і пабегла ў свой пакой. Хаця б слова сказала.
«Кобра!» — хацелася крыкнуць Славіку. Аднойчы, калі яны сварыліся, ён ляпнуў гэтую абразлівую мянушку. Рэакцыя была нечаканая: на яго страшэнна ўзлавалася маці, ніколі ён не бачыў маці такой расхваляванай і злоснай. Таму ён баяўся гэтага слова. Не крыкнуў ён нічога ўздагон сястры яшчэ і таму, што злосць на яе тут жа перайшла на Нінку. Але, ва ўсім вінавата гэтая «дзятліха». Не знайшла другога жэста, як абшмаргнуць плацце. Варона.
Разгубленая, пакрыўджаная дзяўчына страціла сваю ўпэўненасць і ад гэтага сцялася, змізарнела. Апранала паліто і палахліва азіралася. Але гэта яшчэ больш раздражняла Славіка. Фу, якая недарэка! Дзе былі яго вочы? Як ён мог звязацца з такой?
Але за дзвярамі кватэры, на лесвіцы, Нінка, як бы страсянуўшыся, як тая птушка, уміг набыла ранейшую ўпэўненасць.
— Пыхлівая якая сястра твая! Падумаеш, пані!
— А што яна, цалавацца з табой павінна была? — груба адказаў Славік.
— А чым я горшая за яе?
У Славіка хапіла тактоўнасці змаўчаць. Калі вёў Нінку ў дом, тады ён не баяўся, што ўбачыць нехта з суседзяў. А цяпер баяўся. Узрадаваўся, што на лесвіцы нікога не сустрэлі. Але на вуліцы было многа народу, і яму пачало здавацца, што многія, асабліва жанчыны, глядзяць на іх з разуменнем і насмешкай. Дагэтуль ён дэманстратыўна знаёміў сваіх стыляжных сяброў з рабочай дзяўчынай і пляваў на іх кпіны. Цяпер жа халадзеў ад думкі, што можа сустрэць каго-небудзь з гэтых сяброў. Вынаходлівы і не дужа далікатны, ён не мог прыдумаць, як пазбавіцца ад яе, застацца аднаму. А яна, як ніколі, стала гаманкая. Расказвае пра сваіх дзяўчат, што Верка збіраецца замуж. Яго спалохала гэтае слова — «замуж». Дайшлі да Палаца спорту, і ён узрадаваўся нечаканай думцы:
— Я ў басейн. На трэніроўку.
…Безумоўна, паводзіў ён сябе пасля як апошні дурань. Не здолеўшы перамагчы сваю антыпатыю, не пайшоў больш у інтэрнат, не запрасіў Нінку ні разу ў кіно, пазбягаў сустрэчы адзін на адзін у цэху. Яна, аднак, праз колькі дзён падпільнавала яго, заплакала:
— Я табе аддала ўсё. А ты… Зняславіў, насмяяўся… З дзіцем хочаш пакінуць?
«З дзіцем», — во адкуль гэты страх.
«Няўжо яна можа зацяжараць?!» — ні на хвіліну не пакідала яго думка з таго дня. Ён купіў тоўстую кнігу «Акушэрства», прачытаў у пустым асеннім парку ўсё пра цяжарнасць і закінуў кнігу ў кусты. Не, нічога яшчэ яна не ведае. Але зацяжараць можа, калі не ад яго, то ад каго другога, ахвотнікі знойдуцца. А зваліць на яго. Чым больш ён думаў пра гэта, тым больш пераконваў сябе, што Ніна абавязкова гэтак зробіць, і ўсё больш пачынаў ненавідзець дзяўчыну за гэтую яе ўяўную каварнасць. Яе пагроза прыдушыць яго станінай спалохала Славіка значна менш. Але ўстрывожыла Генрыхава пытанне. Што, калі яна расказала сяброўкам, а яны Косцю, які жыве ў інтэрнаце побач і часты госць у дзяўчат? Тады, напэўна, ужо ведае ўся брыгада. Даведаецца ўвесь цэх, завод. Чаго добрага, пачнуць разбіраць на сходзе.
Не, няма чалавеку волі на зямлі. Тысячу ўмоўнасцей звязваюць рукі і ногі, тысячу страхаў падпільноўваюць на кожным кроку. Ён, Славік, доўгі час лічыў, што пазбавіўся ад такіх «перажыткаў і забабонаў», як сумленне, сорам, каханне, пакланенне аўтарытэтам і г.д. Ні д'ябла не атрымалася. Ён не толькі такі, як усе, ён горшы — сентыментальны слюнцяй. А вінаваты бацькі, гэта яны так выхавалі. І ў такім абкружэнні перарабіцца, выходзіць, проста-такі немагчыма. На турыстаў крыкнуў — у каталажку, вузкія штаны надзеў — у сатырыкон, дзяўчыну пацалаваў — прымусяць жаніцца. Жах!
Дзень той, аднак, скончыўся спакойна: станіна яго не прыдушыла, у камітэт камсамола не выклікалі.
Але Славік не ўзрадаваўся гудку. Ён паабяцаў Нінцы сустрэцца ўвечары. А страчацца зусім не хацелася. І не страчацца боязна.
З цэха і заводскіх варот яны выйшлі разам з Тарасам. Брыгадзір часта затрымліваўся, часам і зусім заставаўся начаваць у інтэрнаце. А тут раптам спяшаўся дадому, да Ярашаў. Хоць як сказаць — спяшаўся, калі прапанаваў пайсці пехатой? Тым больш не спяшаўся Славік. Дома ў яго былі складаныя адносіны з Ірай. Яны, на здзіўленне маці, зусім перасталі сварыцца паміж сабой. Сястра глядзела на яго з грэблівай пагардай. А ён баяўся адказаць нават злосным позіркам. Ён проста пазбягаў яе. Не чапаў. Абы ціха было.
Тарас доўга ішоў моўчкі. У яго быў свой клопат: адносіны ў сям'і Ярашаў — у яго сям'і. З малых год ён ведаў рэўнасць Галіны Адамаўны і цяпер, калі ўсё разумеў, шкадаваў бацьку. Першая паведаміла яму Наташа, што маці зноў да кагосьці прыраўнавала. Дзяўчынка была ў роспачы: маці ўпершыню груба абразіла яе. Пасля іх нечаканай сустрэчы на кватэры ў Зосі Антон Кузьміч упершыню расказаў сыну пра свае адносіны з жонкай, расказаў усю праўду… Тарасу зрабілася балюча: як можна ўскладніць простыя і ясныя рэчы, забрудзіць чысцейшыя чалавечыя адносіны! Хочучы шчыра дапамагчы ім, ён паспрабаваў пагутарыць з Галінай Адамаўнай. Але тая груба перапыніла яго: «Я цябе прашу не ўмешвацца ў нашы справы». Ён, Тарас, не прыхільнік таго, каб лезці ў чужую душу. Але ж нельга і абыякавым заставацца, калі двое добрых і блізкіх людзей, пражыўшы разам многа год, раптам не разумеюць адно аднаго. Як многа яшчэ гэтага неразумення!