Шрифт:
Наадварот. Ёсць іншыя нормы, якіх чалавек павінен прытрымлівацца, каб стаць чалавекам. Усё знаходзіцца ва ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці.
Шыковічу не хацелася паглыбляцца ў філасофскія разважанні, і ён пачаў узірацца ў твары людзей, ён здаўна любіў гэтую гульню: адгадваць прафесію чалавека і чым ён заклапочаны ў той момант. Некалі ён пажартаваў, што нідзе няма столькі прыгожых жанчын, як у іх горадзе. Яраш і Валя смяяліся, а Галіна Адамаўна згадзілася. Можа, таму, што сама прыгожая, ці, можа, каб яшчэ раз нагадаць мужу, як многа спакусы на яго шляху, а таму няхай асцерагаецца.
Цяпер, узіраючыся ў твары жанчын, Кірыла Васільевіч пераконваўся, што яго жарт адпавядае сапраўднасці. Кажуць, жанчыны — што кветкі, расцвітаюць вясной. Не, яны цвілі і ў снежні, на парозе Новага года. Расчырванелыя, рухавыя, хораша заклапочаныя, яны, здавалася, запаланілі ўвесь горад. На цэнтральнай вуліцы, каля ГУМа, не прабіцца.
«У гэтым горадзе змяшалася кроў нацый, якія маюць найлепшых красунь, — беларускай, расейскай, украінскай, польскай». — Шыковіч амаль узрадаваўся нечакана ўзнікшаму тлумачэнню. Жарт ператварыўся ў выснову.
Хутка ён злавіў сябе на тым, што перастаў думаць пра Гукана. Утаймавалася абурэнне. Аслабла жаданне ўварвацца ў яго кабінет і кінуць яму ў твар словы-каменні. Навошта? Ці не можа гэта даць Гукану лішнія козыры?.. Людзі накінуцца на сенсацыйную дробязь і застануцца безуважлівымі да галоўнага. Не, справу трэба даводзіць да канца з ранейшым спакоем і разважлівасцю. Яшчэ праз хвіліну Кірыла адчуў, што, акрамя ўсяго таго, што падказвае розум, яму проста не хочацца сустракацца з гэтым чалавекам, бачыць яго. Брыдка. А тым больш што ён, Шыковіч, не зларадны, не «крыважэрны». Яму нават усё адно, што будзе з Гуканам як работнікам: дадуць яму вымову, выганяць, пашлюць на пенсію. Галоўнае, што маральна ён прыкончаны, выкрыты. Цяпер ужо нішто — ні хітрыкі, ні заслугі, ваенныя і мірныя, — не паможа яму выкруціцца, захаваць позу героя. Праўда, як бы глыбока яе ні закопвалі, у якія б віры ні тапілі, у якіх бы архівах ні хавалі, яна ўсё адно ўсплыве, вырвецца на волю і з'явіцца людзям у сваім першародным харастве.
«Вось так, Сямён Гукан!»
Не дайшоўшы квартала да гарвыканкома, Шыковіч хвіліну пастаяў на рагу вуліц, паназіраў за людзьмі і рушыў у другі бок — да гаркома партыі.
33
Галіна Адамаўна адразу ж здагадалася, што муж парушыў клятву, якую даў ёй, што ён зноў наведваўся да той. І зноў стаіў, зноў не прызнаўся. Чаму?
Парушэнне клятвы яшчэ больш абурыла і абразіла яе. Але яна змаўчала, хоць усё кіпела і гарэла ў ёй. Яна баялася сваркі, разрыву і прымусіла сябе маўчаць. Дзеля дзяцей. Выкрык Наташы, варожасць дачкі спалохалі яе. Яшчэ больш усхвалявала замкнутасць і адчужанасць Віці, яе любімца. Дзеля спакою дзяцей і спакою яго, Антона, яна гатова на любыя пакуты, душэўныя і нават фізічныя.
Знешне ў доме ўсё нібыта было добра.
Разам снедалі, разам спяшаліся на работу. Абедалі не заўсёды разам — Антон часам затрымліваўся ў клініцы, на кансультацыях. Але кожны раз, больш акуратна, чым раней, званіў і паведамляў, дзе ён. Разам вячэралі, усёй сям'ёй глядзелі тэлевізар ці, пакінуўшы дзяцей дома, хадзілі ў кіно, у госці. Але Галіне Адамаўне здавалася, што муж зусім не той, што раней, — не такі ласкавы. Ад гэтага яна пакутавала яшчэ больш, рэўнасць душыла яе, як хвароба. Але яна трывала і ў душы нават пачала ганарыцца сваім падзвіжніцкім цярпеннем. Паступова ўваходзіла ў ролю пакутніцы — дзікую, пачварную ролю, якая калечыць душу. Я пакутую ў імя Бога, у імя ідэі, у імя блізкага свайго… і пачынаецца чортведама што, чалавек ператвараецца ў фанатыка і перастае разумець самыя простыя, надзіва лагічныя і звычайныя рэчы. Галіна Адамаўна трохі не дайшла да гэтага… Выбух адбыўся нечакана.
Аднойчы ўвечары, калі пілі чай, Антон Кузьміч сказаў спакойна, разважліва:
— Ведаеш, Галка, абрыдла мне займацца гэтай дачай. Зноў патрабуюць знесці. А куды зносіць? Каб угаварыць Кірылу, я з лёгкай душой перадаў бы яе нашаму прафсаюзу пад піянерскі лагер. Я гаварыў ужо ў абкоме. Яны маглі б нават выплаціць некаторую суму. Праўда, меншую, чым мы затрацілі. Але якое гэта мае значэнне? Мы ўтраіх працуем. Валя гатова згадзіцца, Кірыла ўпёрся…
Віця і Наташа першыя ўбачылі, як пабялела маці, прыкусіла губу, і сцяліся, насцярожыліся.
— Бо ў Кірылы сям'я, дзеці… І ён думае пра іх, — пачала яна ціха, але тут жа сарвалася на крык: — А ў цябе няма сям'і, няма дзяцей! Табе нічога не трэба!.. Ты ўсё гатовы раздаць! Каб выставіць сябе!..
— Мама! — паспрабавала спыніць яе Наташка.
— Маўчы, няшчасная! — цыкнула яна на дачку і выскачыла з-за стала, ужо расчырванелая, раз'юшаная. Кінула мужу: — Не думай, што я дурная! Я ўсё ведаю! Толькі з-за іх, — яна паказала пальцам на дзяцей, — я маўчу і цярплю!..
Віця, панурыўшыся, пайшоў да дзвярэй. Наташа стаяла ў ваяўнічай позе, гатовая зноў абараніць бацьку.
Антон Кузьміч, не адказваючы жонцы, спыніў сына:
— Збірайцеся, дзеці, на каток. Сёння і я пайду разамну свае старыя косці.
Яны любілі хадзіць з ім на каток. На яго, такога асілка, усе звярталі ўвагу і любаваліся яго лёгкасцю і спрытам. Яны ганарыліся сваім бацькам — ён усё ўмее і ўсё робіць дасканала.
Дзеці кінуліся апранацца. А Галіна Адамаўна падышла да мужа з перакошаным тварам і, задыхаючыся, прашаптала: