Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Ён скінуў у калідоры кароткую футравую куртку і з шалікам на шыі і ў кашлатай андатравай шапцы ўвайшоў у надзвычай утульны пакойчык, у якім усё было прыбрана руплівымі рукамі і ўсё ззяла ад снежнага святла, што лілося праз шырокае акно. Таполі ў квецені інею глядзелі ў гэтае акно. А за таполямі віднелася заснежаная рака з чорнымі кропкамі — «падлёднікамі», што выседжвалі над палонкамі гадзінамі.

Падаў лёгкі-лёгкі сняжок.

Апанаваны віхурнымі думкамі, Кірыла, калі ішоў сюды, не бачыў хараства зімовага дня. А тут, у гэтым дзявочым пакоі, раптам убачыў. І спыніўся, сціх каля дзвярай, узіраючыся ў акно. На нейкі міг, на адну хвіліначку, настала тая расслабленасць, тая лірычная дабрата, калі раптам хочацца забыцца на ўсе справы, зліцца з прыродай, акунуцца ў яе. Але не такая ў яго справа, каб можна было забыць на яе!

Не сядаючы, ён развязаў шнуркі папкі, у якую Чарнавус палажыў дзесяткі два фатаграфій розных гадоў.

— Зося Сцяпанаўна, я хачу паказаць вам некалькі фатаграфій. Можа, вы пазнаеце каго-небудзь. Гэта мае значэнне для маёй работы.

Ён дастаў самы ранні здымак, сорак шостага года, калектыўны — мітынг у дзень пахавання партызан і падпольшчыкаў у адной брацкай магіле ў гарадскім скверы. Гукан выступае з невысокай трыбуны. Ці то здымак выцвіў ад часу, ці ў той дзень не хапала святла, але быў ён цьмяны, невыразны, твары другіх людзей расплыліся. Але прамоўца выйшаў лепш за ўсіх.

Зося ўзяла здымак, паднесла блізка да вачэй, хоць блізарукасці ў яе Кірыла раней не прыкмячаў. Яна таксама стаяла каля канапы, бліжэй да акна, уся асветленая ззяннем снегу.

І Шыковіч убачыў, як раптам змяніўся яе твар: у адзін міг нейкія рыскі, зморшчынкі быццам памяняліся месцамі ці быццам ценявы зайчык праскочыў па твары знізу ўгору. Шчака яе, што была павернута да яго, відавочна пабялела. Безумоўна, яна пазнала.

Шыковіч чакаў.

Зося доўга разглядала здымак, але на твары яе больш нічога не адбівалася. Нарэшце яна адарвалася ад здымка, перавяла позірк на Шыковіча і паківала галавой: не, нікога я тут не пазнаю.

Кірыла ледзь не закрычаў ад расчаравання. Выхапіў другі здымак.

— А тут?

Яна зірнула, не ўзяўшы здымка ў рукі, і зноў адмоўна пакачала галавой.

— Ты не пазнаеш гэтага чалавека? — забыўшыся, на «ты» крыкнуў Шыковіч, працягваючы трэці здымак — вялікі фотапартрэт Гукана.

Зося ўся сцялася і спалохана адступіла ад яго.

— А калі я памылюся? — ціха-ціха спытала яна. — Прайшло столькі год!

— Гэта — Сажань? — перайшоў Шыковіч да імклівага наступу.

Не адказваючы проста, яна спытала:

— Хто ён, гэты чалавек?

— Старшыня гарсавета Гукан.

Дзіўная ўсмешка скрывіла яе твар: яна чула гэтае прозвішча сотні разоў, і тады, калі працавала ў атэлье, і ў бальніцы, і яшчэ часцей цяпер ад іх — Кірылы Васільевіча і Антона Кузьміча, калі яны часам заходзілі да яе і вялі размову пра Шыковічаву работу, мінулую і цяперашнюю. Дык вунь каго яны з бацькам ратавалі! Не, ніякіх асаблівых пачуццяў у яе не ўзнікла, акрамя аднаго: раптам захацелася ніколі-ніколі не чуць, не ўспамінаць гэтых імён — Сажань-Гукан. Забыць іх у адзін міг і назаўсёды.

Нясмела, няўпэўнена, як малая, яна спытала:

— А можа, не трэба, Кірыла Васільевіч?

— Што не трэба? Чаго вы баіцеся? Яго?

— Я не за сябе. За вас.

— За мяне? Го-о! — ён галёкнуў. — Не той час, Соф'я Сцяпанаўна, каб баяцца! Ён сам увесь час дрыжаў. І цяпер дрыжыць… А мы станем гнілымі лібераламі, пляснівымі гуманістамі, калі не будзем выводзіць такіх на чыстую ваду… Калі ты выдаеш сябе за героя, то будзь ва ўсім героем. А ён баяўся за сваю кар'еру!.. За яе затаптаў у гразь…

Зося пакутліва зморшчылася, як ад болю.

— Ну добра, добра. Не думайце і не хвалюйцеся. Нічога асаблівага не здарыцца. Мы надзіва добрыя. Самае большае — яго пашлюць на пенсію.

«Куды цябе пашлюць, гэта я не ведаю. Але пагаварыць з табой я пагавару. Зараз жа. Пагавару так, як з табой не гаварыў яшчэ, бадай, ніхто!» — не думаў, а гнеўна шаптаў Шыковіч, на хаду апранаючы сваю куртку і збягаючы з другога паверха.

Ён зноў запаліўся і прагнуў дзейнасці. Ішоў, думаў, як уварвецца ў кабінет Гукана і якія словы скажа. А калі там наведвальнікі? Скажа і пры іх! Няхай ведаюць. Скандал? Няхай выкліча міліцыю і выведуць яго.

Але, нягледзячы на такое гарэнне і завіруху ў думках, пасля таго як убачыў таполі і раку, да яго вярнулася звычайная аптымістычная здольнасць любавацца навакольным: зімой, дрэвамі, жанчынамі, дзецьмі.

Падаюць сняжынкі, сухія і… цёплыя. З крутога адхону з'язджаюць у роў на лыжах хлапчукі. Кідаюцца, чарцяняты, як у бездань. Шыковіча на міг аж страх апанаваў. Але тут жа стала радасна ад іх смеласці. Як хораша было б, каб вырасла пакаленне людзей, якое нічога не баялася б! Але ўспомніў сына. Славік бадай нічога не баіцца, аднак гэта не зрабіла яго лепшым.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • 142
  • 143
  • 144
  • 145
  • 146
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: