Шрифт:
I, магчыма, яшчэ ў той час зараджаецца ў душы юнака думка пра кнiгу адносна танную, даступную, кнiгу, якую мог бы трымаць у руках кожны i разумець — кожны. Кнiгу на роднай мове. Не на латынi, не на стараславянскай (абедзве незразумелыя i абедзвюма клiрыкi адгароджваюцца ад простага народа, каб i далей лiчыў кнiжную прамудрасць дарам божым, iх, клiрыкаў, людзьмi асобай, вышэйшай пароды, а сябе — няздатнай нi на што жывёлай, якой так i суджана век пражыць у цемры).
На роднай. Тут у Скарыны няма сумненняў. Пасля, у прадмове да адной з кнiг сваёй "Бiблii", ён скажа, што выдае кнiгi на простай мове таму, "Iжэ мя лiтасцiвы бог з той мовы на свет пусцiў".
Пачынаецца шлях. На ўсё жыццё. Упарты, настойлiвы. Вечны паход, вечная вайна за веды i культуру. Па гразкiх дарогах радзiмы, па дарогах чужых краiн. Пад дажджом, пад пякучым сонцам, пад навальнiцамi i снегам. Праз непрыхiльнасць, недавер, жорсткасць, падазрэннi. Нават праз смерць.
1504 год. Юнак у Кракаўскiм унiверсiтэце Ягелонаў. На факультэце свабодных мастацтваў. Гэта часы Капернiка. Гэта рэнесанс навукi i мастацтва, адраджэнне чалавечых душ, iх выйсце з пекла, у якiм гiнуў сам дух.
5 лiстапада 1512 года. Падуя. Храм святога Урбана. Вiцэ-прыёр Тадэй Мусацi паведамляе вучоным мужам медыцынскай калегii унiверсiтэта аб тым, што "вучонейшы юнак, доктар навук, бядняк з вельмi далёкiх краiн, можа, за тысячы з чымсьцi мiль ад гэтага славутага горада, дзеля павелiчэння славы i чэсцi яго, а таксама гэтай слаўнай гiмназii… прыбыў сюды i жадаў бы… атрымаць ступень доктара медыцыны бяскоштна, па спецыяльнай мiласцi i з ласкi божай".
Ён адказваў "настолькi выдатна i бездакорна" (а экзамен быў "строгi"), такiмi "блiскучымi доказамi", што "ўсiмi наяўнымi дактарамi, пры поўнай адсутнасцi нязгодных" быў "абвешчаны доктарам лекарскiх навук".
Што прывяло яго ў Iталiю? А тое, што пазней прывяло ў Прагу. Дух унiверсiтэта пранiзваў i вызначаў усё iдэйнае, усё духоўнае жыццё i Падуi, i Прагi. I гэта быў тып менавiта "iтальянскага ўнiверсiтэта".
Не бурсы, што смярдзiць капустай i запляснелымi iдэямi, i не манашая школа, а, хай сабе i не да канца вольная ад даўно струхнелых думак Аўгусцiна Блажэннага, — усё ж гуманiстычная школа, у якой, перш за ўсё, кажучы словамi Дантэ, цанiлася "доблесць i веды", а не бяздумнае наследаванне закасцянелых царкоўных догмаў. Лозунгам Падуi, лозунгам Прагi ў той час магло быць: "за розум, веды, праўду супраць догмы, супраць хлуснi, супраць двух бакоў аднаго медаля: пакоры i несправядлiвасцi".
Дык вось. Прага. 1517 год. Менавiта ў гэтым горадзе ён надрукуе сваю "Бiблiю" на старабеларускай мове. Яшчэ задоуга да таго, як выйдзе нямецкая бiблiя Лютара.
Дзе Скарына правёў пяць гадоў пасля Падуi? Мы не ведаем. Але гэтыя гады, несумненна, не прапалi. Чалавек рыхтаваўся да галоўнай справы жыцця. Напэўна, у гэтыя гады i быў iм зроблены пераклад, таму што пазней, у Празе, за ўсiмi друкарскiмi, арганiзацыйнымi, грашовымi клопатамi на гэта проста не хапiла б часу.
Прага тых часоў. Яе змрочны i прыземлены раманскi пачатак з цэрквамi, падобнымi на пячоры, высечаныя ў скале. I працяг. Нiбы сам дух чалавека выбухнуў у неба i пачаў выстрэльваць у яго стрэламi непараўнальнай Пражскай готыкi.
Лесвiца Iякава. Людзi раптам нiбы пачалi разумець, што не адным анёлам узыходзiць па ёй на неба, што могуць i яны, пражскiя мяшчане, з хiтраватым розумам у вачах, аматары выпiць i пад'есцi: пiва льецца ў глоткi, бы ў апраметную, кавалкi шынкi падаюць туды ж, як са страхi.
Але ён бачыць галоўнае, бычыць тое, што зрабiлi чорныя, жорсткiя, як капыты, рукi гэтых людзей: грубыя муры будынкаў i найтанчэйшы аксамiт, мячы i карункавую работу па дрэве i злату.
Гэтыя яму дапамогуць, ён ведае. Дапамогуць зрабiць па ягоных малюнках дрэварыты (i на iх будуць "бiблейскiя" героi ў старабеларускiх, — аднак i з элементамi чэшскай гарадской вопраткi пачатку XVI ст., - адзеннях), дапамогуць адлiць шрыфт, дапамогуць дастаць з Германii дэфiцытную паперу, патрэбную, як паветра, тую з Аугсбурга, з вадзяным знакам у выглядзе галавы быка.
Памогуць яго палкаму жаданню прынесцi свайму народу святло, зрабiць яго хаця крыху шчаслiвейшым.
I памаглi. I ўжо ёсць друкарня. Можа быць, што напаўлегальная (гарадскiя акты не ўпамiнаюць аб месцы, дзе яна была). I гэта зразумела. У вясёлай "добрай, старой Празе" завялася рэлiгiйная падазронасць. Семдзесят дзевяць год таму задушаны гусiзм i, напэўна, самая памяць пра божых воiнаў, пра рыцараў волi крыху прыаслабла ў людзях, прыцiснутых усобiцамi i сваркамi князёў. Жыве яшчэ шмат людзей, што памятаюць караля Iржы з Патэбрад, але яны памятаюць i ягоны лёс, i, што казацi, ад гэтых успамiнаў iм крыху не па сабе. Краiнай правяць — i доўга яшчэ будуць правiць — людзi, якiм мала справы да чэшскай мовы i культуры, да гордага духу чэшскага народа. А не за гарамi i час Габсбургау. Спачатку мяккiя лапкi, а потым сталёвая песць, якая стагоддзямi будзе iмкнуцца выдушыць з чэхаў мову, самасвядомасць i веру ў свае сiлы, каб самое iмя "чэх" знiкла з твару зямнога.
Скарына яшчэ ўбачыць гэта. I вялiкi пажар Малай Страны, Града i Градчан, i страшны час, калi Фердынанд I пазбавiць пражан палiтычных правоў. Многа, ой, многа яшчэ давядзецца яму пабачыць!
Але пакуль Прага ёсць Прага. I iдзе набор. I гравёры рэжуць дошкi для гравюр, i часам робяць гэта цераз пень-калоду, можа, напiўшыся пiва — падумаць толькi, у сцэне жнiва да кнiгi "Руф" усе жняцы трымаюць сярпы ў левай руцэ! Краiна ляўшуноў! — але часцей за ўсё так добра, што скарынiнскiя гравюры будуць лiчыцца шэдэўрамi аж да нашых дзён.