Вход/Регистрация
Постаці
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І ў той дзень, калі перастала біцца сэрца паэта, — на захопленай ворагам радзіме аддавалі зямлі цела яго маці.

Больш за ўсё мне хацелася б супакоіць яго, што ўсё абышлося: нам неслі смерць, але мы не памерлі.

І ў глыбіні душы я веру, што ён ведае гэта. Не можа не ведаць, раз лёс даў яму ўсё ж найвышэйшае шчасце поўнай адпаведнасці і зліцця яго душы з душой народнай.

Гэты чалавек усім створаным вярнуў народу годнасць, годнасць за сваё мінулае, сілу жыць у сённяшнім, мужнасць, каб глядзець у будучыню.

Бываюць паэты большага ці меншага генія, больш ці менш моцнага ўплыву на розум і ўяўленне Чалавека, але для нас, беларусаў, ён адзін такі.

Ён — Купала. І гэтым усё сказана.

Князь і гусляр

З першага слова павінен папярэдзіць — гэты чалавек не абыякавы мне. З даўняга часу нас з ім звязвае трывалае сяброўства. Мы не часта заходзім адзін да аднаго, — хутчэй нават рэдка, — але досыць таго, што мы часта думаем адзін пра аднаго (я спадзяюся, што ён гэтую думку падтрымае).

Арлен Кашкурэвіч — яму імя. Сваёй працай ён заслужыў тое, каб імя гэтае ведалі.

Даўно, яшчэ з самага пачатку, калі ён зрабіў ілюстрацыі да Халдара Лакснеса — я зразумеў, што перад намі мастак суровы, паўночны. І, адначасова, беларускі, мяккі, - калі можна гаварыць пра мяккасць нашага народу, — добры, наш.

Сёння мне трэба рэкамендаваць, — калі трэба рэкамендаваць работы, якія сведчаць самі за сябе, — дзве яго рэчы: ілюстрацыі да славутай паэмы вялікага нашага песняра — "Курган".

Перш, чым узяцца за гэта, я хацеў бы пагаварыць пра лепшыя, на мой погляд, ягоныя графічныя работы. Я люблю ягоную "Більярдную".

І яшчэ адна работа, якую я ўбачыў нядаўна ў майстэрні: "Нотр-Дам. Дождж." Размытае, цёмнае, начное, нібы ўвесь змрок Сярэднявечча, ўсе Війёны і Гюго абурыліся яму на плечы, разам са зліваю і снегам. Храм — адно з лепшых стварэнняў чалавека.

Сорамна пісаць, што гэты чалавек некалькі разоў ілюстраваў мае кнігі? Аніколькі! Таму што гэта той рэдкі выпадак, калі аўтар не жадае іншага дырыжора для сваёй музыкі. І шкадую я толькі аб тым, што нам мала давялося папрацаваць разам і нам няшмат выпадала працаваць разам.

Ясна, што і Алесь мой іншы і Выліваха крыху іншы (уяўленне кожнага чалавека дужа не падобнае і своеасаблівае), але яны максімальна прыбліжаныя да майго аблічча. І я адчуваю, што і сам аўтар увесь час жыве гэтым, думае, набліжаецца. І кожны быў бы ўсцешаны гэтым.

А цяпер — "Курган". Наіўны друк часоў маладога Янкі Купалы не мог нават і думаць аб тонкасці, яснасці, дакладнасці сучаснага друку. Вялікі паэт за сваім жыццём так і не дачакаўся ілюстратараў. Але, думаю, работы А.Кашкурэвіча задаволілі б яго. У іх ёсць рамантызм і ёсць праўда. прысутныя ў творчасці Я.Купалы.

Я не магу забыць вобраза, прысвечанага катоўням князя:

Брацця мучацца там, табой кінуты ў гразь. Чэрві зажыва точаць іх цела…

Дантава пекла! Мноства звітых у адно людзей. І над імі кажаны — сярэдневяковы сімвал пакуты. Той, якая, на жаль, сустракалася ў Майданэках і якой не павінна быць.

Вось і гэтыя дзве ілюстрацыі. Хіба не бачыце вы тут закладзенага ў самім творы супрацьстаўлення! Гэтыя гранёныя латы, гэтая парча, гэты бязлітасна востры позірк. І гэтая вонкавая мяккасць чалавека, трапяткія рукі якога ляжаць на гуслях. Позірк сляпога. Не таму, што сляпы, а таму, што занадта відушчы.

І гэтая мяккасць мацней за гэтую ўдаваную сілу. І так яно будзе давеку.

Летапісец

Да 75-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча

Летапісцы часам адкладалі пяро і бралі ў рукі зброю, але галоўнай іхняй сілай было ўсё ж пяро — самая смертаносная зброя на зямлі. Таму што чыстае пяро, рана ці позна, абавязкова заб'е.

Гэты чалавек быў Нестарам у новым разуменні намі нашай гісторыі. Ён пачаў тую справу, якую мы ўсе робім цяпер болей ці меней, з большым ці меншым поспехам.

Ён быў геніяльны паэт. Яго звалі Максім Багдановіч. Усё жыццё ён думаў пра Беларусь, пра людзей, хварэў за іх, піянерам ішоў праз нетры, прасякаючы шлях, церабіў зарасці, бурыў гнілыя дрэвы хлуслівых аўтарытэтаў, каб яны не падалі на галаву Чалавеку. І паўсюль паставіў, дзеля нас, абярэжныя слупы:

— Ціха, тут водзяцца злыя цёмныя сілы. Загубяць, калі не будзеце берагчыся!

— На гэтым шляху — загінеш!

— Асцярожна — дрыгва!

– Ідзі, тут светлая, надзейная дарога!

Ён працаваў катаржна. Можа, таму і падарваўся. І памёр. Яму было б зараз семдзесят пяць год. Мог бы суцяшаць нас сваім існаваннем на зямлі. І вось няма. І, нават, здаецца ён нам чымсьці далёкім-далёкім (хаця і давеку блізкі), чымсьці такім, што даўно адышло ў нябыт (хаця і грэе нас нязгаснымі праменнямі сапраўднага генія).

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: