Вход/Регистрация
Гронкі гневу
вернуться

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

— Вельмі рады пазнаёміцца.

— Я таксама. Пракладку пакінеш старую?

— Давядзецца, — адказаў Флойд.

Эл дастаў з кішэні складны ножык і паскроб ім блок рухавіка.

— Эх, — сказаў ён, — нічога на свеце так не люблю, як пакапацца ў машыне.

— А дзяўчат?

— О, і дзяўчат! Вось каб разабраць «ролс-ройс», а потым зноў сабраць! Адзін раз удалося зазірнуць пад капот шаснаццаціцыліндравага «кадылака», і, божа мой, такога цуду ты ў жыцці не бачыў! Іду я па вуліцы ў нас, у Саліса, і бачу — стаіць шаснаццатка каля рэстарана, і я падняў капот. І тут выходзіць з рэстарана нейкі дзядзька і кажа: «Ты што тут робіш?» А я яму: «Проста гляджу. Цудоўная машына, праўда?» А ён стаў побач са мной і стаіць. Пэўна, сам ніколі ў яе не заглядаў. Стаў і стаіць. Багаты такі, у саламяным капелюшы. Кашуля ў палоску, акуляры. Нічога адзін аднаму не гаворым. Проста глядзім. А потым ён раптам пытаецца: «Хацеў бы павадзіць?»

Флойд сказаў:

— Так я табе і паверыў!

— Далібог, праўда. «Хацеў бы павадзіць?» А я ў джынсах, у брудных. Кажу яму: «Запэцкаю сядзенне». А ён: «Садзіся. Аб'едзем квартал». І, павер, я сем ці восем разоў вакол квартала аб'ехаў. Божа, што за машына!

— Шык?

— Яшчэ які! Разабраць бы яе ўсю на частачкі… я за гэта… не ведаю, што аддаў бы.

Рука Флойда перастала тузацца ўзад і ўперад. Ён выняў апошні клапан з гнязда і агледзеў яго.

— Ты лепш прывыкай да драндулетаў, — сказаў ён. — Шаснаццатку табе наўрад ці калі прыйдзецца вадзіць. — Флойд паклаў корбу на падножку і пачаў счышчаць стамескай нагар на галоўцы блока.

Дзве прысадзістыя жанчыны, проставалосыя, босыя, прайшлі паўз іх, несучы ўдзвюх вядро мутна-белай вады. Яны ледзь валаклі ногі пад цяжарам сваёй ношы і не падымалі вачэй ад зямлі. Сонца хілілася на захад.

Эл сказаў:

— Цябе, відаць, нічога асабліва не вабіць.

— Я тут ужо шэсць месяцаў, — сказаў ён. — Сную па ўсім штаце, на працы не шкадую сябе, хуценька шукаю новае месца, каб было на што купіць мяса і бульбы жонцы, сабе і дзецям. Носішся, як заяц… а толку мала. Тут хоць са скуры вылузвайся, сыты ўсё роўна не будзеш. Я проста стаміўся, і ўсё. Так стаміўся, што за ноч сілы не набіраюся. Што далей рабіць, розуму не дабяру.

— Няўжо нельга сталую работу знайсці? — запытаўся Эл.

— Не, сталай работы тут не знойдзеш. — Флойд саскроб рэшткі нагару з галоўкі блока і працёр цьмяны метал прамасленай анучкай.

Да лагера пад'ехала лядашчая легкавая машына. У ёй сядзела чацвёра мужчын — ва ўсіх твары загарэлыя, суровыя. Машына паволі рухалася між палатак. Флойд крыкнуў ім:

— Ну як, пашанцавала?

Машына спынілася. Чалавек, што сядзеў за рулём, адказаў:

— Усё навокал аб'ездзілі. Нідзе ніякай работы. Трэба ехаць адсюль.

— Куды? — крыкнуў Эл.

— Адзін бог ведае. Куды мы толькі не патыкаліся! — Вадзіцель адпусціў тормаз, і машына паехала далей.

Эл пазіраў ёй услед.

— Можа, лепш было б ездзіць па адным? Адзін хутчэй работу знойдзеш.

Флойд паклаў стамеску і нявесела ўсміхнуўся:

— Ты яшчэ не вучаны. На раз'езды бензін патрэбен. А галон бензіну каштуе пятнаццаць цэнтаў. Гэтыя чацвёра не могуць дазволіць сабе ездзіць на чатырох машынах.

Яны складваюцца па дзесяць цэнтаў і купляюць бензін. Табе яшчэ трэба павучыцца.

— Эл! — Эл павярнуўся і ўбачыў Уінфілда, які з важным выглядам стаяў каля яго. — Эл, ма ўжо мяса па талерках раскладае. Ідзі, яна кліча цябе.

Эл абцёр рукі аб штаны.

— Мы сёння яшчэ не елі, — сказаў ён Флойду. — Я пад'ем і прыйду памагу табе.

— Неабавязкова, але як хочаш.

— Сказаў жа — прыйду. — Эл пайшоў за Ўінфілдам да палаткі Джоўдаў.

Каля яе было цесна. Суседскія дзеці такой шчыльнай сцяной абступілі кацялок з варывам, што маці, завіхаючыся каля вогнішча, закранала іх локцямі. Том і дзядзька Джон стаялі каля яе.

Маці разгублена гаварыла:

— Не ведаю, як быць. Трэба сям'ю накарміць. А што мне з гэтымі рабіць? — Дзеці стаялі як укапаныя і пазіралі на яе. Твары ў іх былі абыякавыя, нібы застылыя, толькі вочы перабягалі з кацялка на алавяную талерку, якую маці трымала ў руцэ. Вочы ўпарта сачылі за лыжкай, што хадзіла ад кацялка да талеркі, і, калі маці перадала талерку, ад якой ішла пара, дзядзьку Джону, вочы ўпіліся ў яе. Дзядзька Джон зачарпнуў поўную лыжку, і вочы дружна падняліся разам з ёю. Ён адправіў у рот кавалак бульбіны, і вочы ўсе разам утаропіліся на твар, сочачы за яго выразам — ці смачна, ці спадабалася.

І тут дзядзька Джон быццам упершыню ўбачыў дзяцей. Ён вяла пажаваў і сказаў Тому:

— Вазьмі. Мне есці не хочацца.

— Ты ж сёння нічога ў рот не браў, — сказаў яму Том.

— Ага, у мяне з жыватом нешта. Не хочацца.

Том спакойна сказаў:

— Ідзі з талеркай у палатку, там пад'ясі.

— Нешта не хочацца, — упарціўся Джон. — І ў палатцы яны будуць перад вачамі стаяць.

Том павярнуўся да дзяцей:

— Ідзіце. Ану прэч адгэтуль! — Вочы ўсе разам адарваліся ад кацялка і разгублена ўставіліся яму ў твар. — Ідзіце, ідзіце адсюль. Так рабіць нядобра. Усё роўна на ўсіх вас не хопіць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: