Стейнбек Джон Эрнст
Шрифт:
Новенькі двухмесны «шэўрале» з'ехаў з шашы і пакіраваў у самы цэнтр лагера. Ён спыніўся сярод палатак. Том запытаўся:
— Каго гэта яшчэ прынесла. З выгляду яны не тутэйшыя.
— Не ведаю, — адказаў Флойд. — Можа, паліцыя.
Дзверцы адчыніліся, з машыны выйшаў чалавек і стаў каля яе. Яго спадарожнік застаўся ў кабіне. Мужчыны, што сядзелі на кукішках, скіравалі позіркі на прыезджых, і гутарка спынілася. Жанчыны, якія разводзілі агонь, употай зіркалі на бліскучую легкавушку. Дзеці пачалі падбірацца да яе самымі мудрагелістымі абходнымі шляхамі, кружачы сярод палатак.
Флойд паклаў ключ. Том падняўся на ногі. Эл выцер рукі аб штаны. Усе трое падышлі да «шэўрале». На чалавеку, які выйшаў з машыны, былі штаны колеру хакі і фланелевая кашуля. На галаве мяккі шыракаполы капялюш. У нагруднай кішэні за загарадкай з вечных ручак і жоўтых алоўкаў тырчаў стосік паперак, з задняй кішэні штаноў вытыркаўся блакнот у металічных вокладках. Ён падышоў да адной групы мужчын, што сядзелі на кукішках, і тыя ўзнялі на яго вочы насцярожана і моўчкі. Яны сачылі за ім, не зварухнуўшыся з месца; бялкі вачэй у іх паблісквалі пад зрэнкамі, бо яны глядзелі ўгору, не падымаючы галавы. Том, Эл і Флойд няспешна, быццам шпацыруючы, падышлі бліжэй.
Чалавек запытаўся:
— Хочаце атрымаць работу? — Усе пазіралі на яго па-ранейшаму моўчкі і насцярожана. А з усяго лагера сюды цягнуліся ўжо і іншыя мужчыны.
Нарэшце адзін з тых, што сядзелі на кукішках, адказаў:
— Вядома ж, хочам. А дзе яна, работа?
— Акруга Туларэ. Там пачынаецца збор фруктаў. Патрэбна шмат людзей.
Загаварыў Флойд:
— Вы самі наймаеце?
— Сам. Я ўзяў падрад.
Людзі збіліся вакол яго цеснай кучкай. Нейкі чалавек у камбінезоне зняў з галавы свой чорны капялюш і пальцамі зачасаў назад доўгія чорныя валасы.
— Колькі плаціць будзеце? — запытаўся ён.
— Цяпер дакладна сказаць не магу. Цэнтаў трыццаць, думаю.
— Чаму не можаце сказаць дакладна? У вас жа падрад, ці не так?
— Правільна, — адказаў чалавек у штанах колеру хакі. — Але ўсё залежыць ад цаны на фрукты. Можа, трохі больш, можа, трохі і менш.
Флойд выступіў наперад і спакойна сказаў:
— Я паеду, містэр. Вы падрадчык, у вас павінен быць патэнт. Пакажыце яго, а потым выпішыце нам нарад і каб там было сказана, якая работа, дзе будзем працаваць, калі і колькі будуць нам плаціць, і падпішыце яго. Тады паедзем.
Падрадчык кінуў на яго злосны позірк:
— Ты мяне не вучы, як мне справы свае весці.
Флойд сказаў:
— Калі мы едзем да вас працаваць, гэта і нашы справы таксама.
— Ты мяне не вучы. Я паведамляю вам, што патрэбны людзі.
— А колькі людзей і якая плата, пра гэта вы маўчок.
— Што за чорт! Ды я сам яшчэ не ведаю.
— Раз не ведаеце, значыць, не маеце права людзей наймаць.
— У мяне ёсць поўнае права весці свае справы так, як я лічу неабходным. Калі вам больш даспадобы адседжваць тут задніцы — воля ваша. Я наймаю на работу ў акругу Туларэ. Мне шмат рабочых там патрэбна.
Флойд павярнуўся да натоўпу мужчын. Цяпер ужо яны ўсе стаялі і моўчкі пераводзілі позіркі з падрадчыка на Флойда і наадварот. Флойд сказаў:
— Я ўжо два разы так нарываўся. Яму, можа, трэба тысяча чалавек. А ён набярэ туды тысяч пяць і будзе плаціць па пятнаццаць цэнтаў за гадзіну. І вы, бедалагі, згодзіцеся, бо жываты ў вас пустыя. Калі ён хоча наняць людзей, няхай наймае і няхай напіша ўсё на паперы і паставіць там плату. Папрасіце, няхай дакумент пакажа. Без патэнта наймаць людзей ён права не мае.
Падрадчык павярнуўся да «шэўрале» і крыкнуў:
— Джо!
Яго спадарожнік выглянуў з кабіны, адчыніў дзверцы і выйшаў. На ім былі верхавыя брыджы і высокія чаравікі на шнуроўцы. Збоку на поясе-патранташы вісела цяжкая рэвальверная кабура. Да карычневай кашулі быў прышпілены знак шэрыфскага памагатага — металічная зорка. Ён ступаў няспешна, уразвалку. На твары яго іграла рэдзенькая ўсмешка.
— У чым справа? — Кабура хадзіла ўзад і ўперад па бядры.
— Зірні, Джо, гэты малойчык трапляўся табе калі-небудзь на вочы?
Палісмен запытаўся:
— Каторы?
— Вось гэты. — Падрадчык паказаў на Флойда.
— А што ён зрабіў? — палісмен усміхнуўся Флойду.
— Ён чырвоны, агітацыю тут разводзіць.
— Гм… — шэрыфскі памагаты не спяшаючыся зайшоў збоку, каб паглядзець на Флойда ў профіль, і твар у таго пачаў залівацца чырванню.
— Бачыце? — закрычаў Флойд. — Каб ён рабіў усё сумленна, хіба ж прывёз бы з сабою фараона?
— Трапляўся ён табе раней на вочы? — паўтарыў пытанне падрадчык.