Вход/Регистрация
Гронкі гневу
вернуться

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Маці раскладала па талерках порцыі мяса, вельмі маленькія, і ставіла талеркі на зямлю.

— Не магу я іх прагнаць, — сказала яна. — Проста не ведаю, што рабіць. Бярыце свае талеркі і ідзіце пад навес. А тое, што засталося, няхай яны даядуць. А гэту вось занясіце Разашарне. — Яна ўсміхнулася дзецям: — Паслухайце, дзеткі, знайдзіце дзе-небудзь шырокія трэсачкі, і я дам вам, што засталося. Толькі не сварыцеся.

Дзеці вокамгненна разляцеліся ва ўсе бакі без адзінага гуку. Хто пабег шукаць трэсак, хто ў свае палаткі па лыжку. Не паспела маці раскласці ежу па талерках, як яны ўжо зноў абкружылі яе, маўклівыя, галодныя, як ваўкі. Маці пакруціла галавой:

— Проста не ведаю, што рабіць. Не магу ж я сям'ю абдзяліць. Яе трэба накарміць. Руці! Уінфілд! — патрабавальна крыкнула яна. — Бярыце ж свае талеркі. Хутчэй! Ідзіце з імі пад брызент. — Яна вінавата паглядзела на дзяцей, якія моўчкі чакалі. — Там зусім мала, — сказала яна сарамліва. — Кацялок я пастаўлю на зямлю, а вы падбярыце рэшткі, хоць чарвяка заморыце. — Яна гаварыла запінаючыся. — Нічога я зрабіць не магу. І не даць не магу. — І, зняўшы кацялок з агню, паставіла яго на зямлю. — Пачакайце трохі. Яшчэ гарачае, — сказала яна і паспешліва пайшла пад брызент, каб вочы яе не бачылі таго, што будзе.

Сям'я Джоўдаў сядзела на зямлі, кожны са сваёй талеркай, і пад брызентам было чуваць, як дзеці скрабуць трэсачкамі, лыжкамі і ржавымі палоскамі бляхі. Яны з усіх бакоў закрылі сабой кацялок. Не перагаворваліся, не штурхаліся, але ў кожным іх руху адчувалася ўпартая настойлівасць і затоеная жорсткасць. Маці павярнулася спінай, каб усяго гэтага не бачыць.

— Больш так нельга, — сказала яна. — Давядзецца хавацца ад чужых вачэй. — Чутно было, як скрабуць у кацялку, потым цесны гурток дзяцей рассыпаўся, і яны разышліся, пакінуўшы на зямлі абскрэбены кацялок. Маці паглядзела на талеркі. — Ніхто з вас добра не пад'еў.

Бацька падняўся і, нічога не адказаўшы, выйшаў з-пад брызенту. Прапаведнік усміхнуўся і лёг на зямлю, падклаўшы пад галаву рукі. Эл таксама падняўся.

— Пайду памагу тут аднаму з машынай, — сказаў ён.

Маці сабрала талеркі і пайшла мыць.

— Руці, — паклікала яна, — Уінфілд! Хуценька прынясіце вядзерца вады. — Яна дала ім вядро, і дзеці пайшлі з ім да рэчкі.

Да палаткі Джоўдаў падыходзіла мажная жанчына. Сукенка на ёй была ў пыле і ў плямах ад змазачнага масла. Яна ішла, высока задраўшы падбародак. Спынілася за некалькі крокаў ад палаткі і ваяўніча глянула на маці. Тады падышла бліжэй.

— Дабрыдзень, — сказала яна холадна.

— Дзень добры, — адказала маці, паднялася з каленяў і падсунула госці скрынку. — Сядайце, калі ласка.

Жанчына падышла зусім блізка.

— Не, не хачу.

Маці запытальна глянула на яе:

— Вам што-небудзь трэба?

Жанчына падперла рукі ў бокі.

— Мне трэба, каб вы клапаціліся пра сваіх уласных дзяцей, а маіх пакінулі ў спакоі.

Маці зрабіла вялікія вочы.

— Я нічога такога… — пачала яна.

— Ад майго хлапчука так і тхне тушонкай. Гэта вы яму далі, ён мне сказаў. Тушаным мясам надумалі хваліцца. Няма чаго гэтым хваліцца. Я і так ледзь не разрываюся, а тут яшчэ мой блазан прыбягае і пытаецца: «А чаму ў нас няма мяса?» — Голас жанчыны дрыжаў ад шаленства.

Маці падышла да яе.

— Вы сядайце, — сказала яна. — Прысаджвайцеся, пагаворым.

— І не думаю. Я стараюся хоць як-небудзь накарміць сям'ю, а вы тут са сваёй тушонкай лезеце.

— Сядайце, сядайце, — запрашала маці. — Больш у нас мяса не будзе, аж пакуль мы работы не знойдзем. Вось каб вы варылі мяса і малыя дзеці абступілі вас з усіх бакоў, што б вы рабілі? Нам і самім было мала, ды хіба адмовіш дзецям, калі яны пазіраюць на цябе такімі вачамі?

Рукі жанчыны ўпалі з клубоў. Яна дапытліва паглядзела ў твар маці, потым павярнулася, шпарка пакрочыла прэч і, увайшоўшы ў сваю палатку, захінула за сабой полкі. Маці правяла яе позіркам і зноў апусцілася на калені перад горкай алавяных талерак.

Да палаткі паспешліва падышоў Эл.

— Том! — гукнуў ён. — Ма, Том тут?

Том высунуў галаву з-пад брызенту.

— Чаго табе?

— Хадзем са мной, — усхвалявана сказаў Эл.

Яны пайшлі разам.

— Што здарылася? — запытаўся Том.

— Пацярпі, зараз даведаешся. — Эл падвёў яго да машыны з разабраным блокам. — Гэта Флойд Ноўлс, — сказаў ён.

— Мы з ім ужо гаварылі. Ну, як справы?

— Ды вось канчаю, — адказаў Флойд.

Том правёў пальцам па галоўцы блока.

— Ну кажы, Эл, што там у цябе за тайна.

— Толькі што Флойд мне сказаў… Раскажы яму сам, Флойд.

Флойд пачаў:

— Можа, лепш было б памаўчаць… але добра, скажу. Тут адзін прыехаў, кажа, работа ёсць — далей на поўнач.

— На поўнач?

— Ага. Ёсць месца такое — даліна Санта-Клара. Далёка, чорт ведае дзе.

— А работа якая?

— Збор сліў, груш, кансерваванне. Кажа, хутка ўсё паспее.

— А ўсё ж, як далёка? — дапытваўся Том.

— А чорт яго ведае. Міль дзвесце, пэўна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: