Стейнбек Джон Эрнст
Шрифт:
Раздзел адзінаццаты
Дамкі ў палях стаялі пустыя, а раз апусцелі хаціны, пуста было і на палях. Не пуставалі толькі трактарныя гаражы з рыфленага жалеза, якія адсвечвалі срэбрам; яны былі поўныя металу, пасудзін з бензінам і маслам, блішчастых плужных дыскаў. У трактароў бліскучыя фары, трактарам усё роўна — што дзень, што ноч, дыскі пераварочваюць зямлю ў цемры, круцяцца днём, пабліскваючы на сонцы. Калі конь пасля дзённай працы вяртаецца ў стайню, жыццёвыя сілы яго і патрэбы не гаснуць, стойла поўніцца дыханнем і цяплом, там шамаціць пад капытамі салома, хрумсціць на зубах сена, варушацца конскія вушы, зіркаюць вочы. Адтуль нясе жывым духам, цягне пахам жыцця. А калі спыняе работу матор, трактар робіцца мёртвым, як руда, з якой ён урэшце зроблены. Цеплыня пакідае яго, як жывое цяпло пакідае труп. Дзверы з рыфленага жалеза зачыняюцца, і трактарыст едзе дамоў, у горад, бывае, што і за дваццаць міль адтуль, і можа не вяртацца цэлымі тыднямі, а то і месяцамі, бо трактар не жывая істота. Гэта проста і практычна. Настолькі проста, што праца перастае здавацца цудам, настолькі практычна, што перастае здавацца цудам зямля і дзеянне яе сіл, а разам з цудам знікае і глыбокае разуменне зямлі, пачуццё роднасці з ёю. І ў трактарыста нараджаецца і мацнее пагарда да яе, уласцівая толькі чужаку, які мала што ў ёй разумее і якога нічога не радніць з ёю. Бо азотныя ўгнаенні — гэта яшчэ не зямля, фасфатныя — таксама; і даўжыня баваўнянага валакна — не зямля. Чалавек — не вуглярод, не солі, не вада і не кальцый. Усё гэта ў ім ёсць, але ён нешта большае, значна большае; і зямля нешта значна большае, чым элементы, з якіх яна складаецца. Чалавек, які з'яўляецца нечым невымерна большым, чым яго хімія, чалавек, што ступае па зямлі, адварочвае лямеш ад каменя, нахіляе ручкі плуга, каб лямеш прыўзняўся і слізнуў над голай пародай, апускаецца на калені, каб з'есці сняданак, — чалавек гэты большы, чым тое, з чаго ён складзены, ён ведае зямлю, якая ўяўляе сабой нешта большае, чым сукупнасць хімічных элементаў. А чалавек за штурвалам, які вядзе мёртвы трактар па чужой, нялюбай зямлі, пакланяецца толькі хіміі, ён не паважае ні гэтай зямлі, ні самога сябе. Калі зачыняюцца жалезныя рыфленыя дзверы, ён выпраўляецца дамоў, але дом яго не тут, не на гэтай зямлі.
Дзверы пустых дамоў былі парасчыняныя насцеж і рыпелі завесамі на ветры. Чароды хлапчукоў збягаліся з блізкіх гарадкоў, каб пакідаць камянямі ў шыбы, пакапацца ў смецці і ламаччы ў пошуках скарбаў. Вось нож з напалову адламаным лязом. Згадзіцца. А смурод! Напэўна недзе ляжыць здохлы пацук. Гэй, глянь, што Ўітні напісаў на сцяне! Ён і ў школьнай прыбіральні тое самае накрэмзаў, і настаўніца прымусіла яго змыць.
Таго дня, калі людзі паехалі, як толькі звечарэла, каты прыцягнуліся з ловаў у палях і з мяўканнем забраліся на ганак. Але ніхто з дому не выйшаў, і яны шмыгнулі праз адчыненыя дзверы і, мяўкаючы, пачалі снаваць па апусцелых пакоях. А потым вярнуліся ў палі і неўзабаве здзічэлі і карміліся суслікамі і палявымі мышамі, удзень спалі ў канавах. Калі апусцілася ноч, кажаны, якія раней не адважваліся сунуцца далей за дзверы, бо баяліся святла, цяпер уляцелі ў дамы і пачалі кружыцца па пустых пакоях, а праз некалькі дзён яны ўжо забіраліся на дзень у самыя цёмныя куты, складалі крылы і павісалі ўніз галавой на бэльках, і ў бязлюдных пакоях смярдзела іхнім памётам.
Мышы таксама панабіваліся ў дамы і нарабілі складаў зерня ў кутках, у скрынках, за шуфлядамі кухонных шафаў. За імі паявіліся ласкі — прыйшлі паляваць на мышэй, а совы то заляталі з вухканнем у вокны, то выляталі.
Прайшоў спорны дожджык. Перад ганкам, там, дзе раней яму расці не належала, зазелянела пустазелле, між дошак, скрозь шчыліны, прараслі былінкі. Хаціны былі пустыя, а пустыя жытлы развальваюцца хутка. Абшыўка пайшла трэшчынамі, пачынаючы з іржавых цвікоў. На падлозе густа ляжаў пыл, і на ім віднеліся толькі сляды мышэй, ласак і кошак.
Неяк ноччу вецер ададраў з даху гонту і шпурнуў яе на зямлю. Другі раз вецер прабраўся ў гэтую дзірку і сарваў яшчэ тры гонты, а потым адразу больш за дзесятак. Здзічэлыя каты падбіраліся да дома, але ўжо не мяўкалі каля ганка. Ледзь прыкметныя, як цені хмарак, што засцілі месяц, яны пракрадаліся ў пакоі, каб папаляваць на мышэй. Ветранымі начамі дзверы дамоў ляпалі і бразгалі, і ў вокнах з разбітымі шыбамі трапяталіся падраныя фіранкі.
Раздзел дванаццаты
Шаша № 66 — аўтастрада, па якой ехалі перасяленцы. Шаша № 66 — гэта доўгая бетанаваная магістраль, што бяжыць па краіне, мякка віючыся на карце ад Місісіпі да Бейкерсфілда; яна ідзе праз чырвоныя і шэрыя землі, ушрубоўваючыся ў горы, перасякае Вялікі водападзел, збягае ўніз, у страшную сляпучую пустыню, цягнецца па ёй, зноў падымаецца ў горы і нарэшце выходзіць у раскошныя даліны Каліфорніі. Шаша № 66 — гэта дарога ўцекачоў, бежанцаў — тых, хто ратуецца ад пылу і высахлай, згалелай зямлі, ад грымотнага грукату трактароў і ўласнага згалення, ад паступовага наступу пустыні на поўнач, ад віхравых вятроў, што з выццём налятаюць з Тэхаса, ад разводдзяў, якія не робяць глебу багацейшай, а толькі крадуць апошнія рэшткі яе скарбу. Ад усяго гэтага людзі ўцякаюць, і на аўтастраду іх выносяць бакавыя шашэйныя прытокі, палявыя дарогі, прарэзаныя ў грунце коламі павозак і грузавікоў. Шаша № 66 — гэта галоўны шлях уцекачоў.
Кларксвіл і Озарк, Вэн-Б'юран і Форт-Сміт — гэта на шашы № 64, і тут канчаецца Арканзас. Дарогі сходзяцца да Аклахома-Сіці, № 66 з Талсы, № 270 з Макалестара, № 81з Уічыта-Фолс — з поўдня, і Інід — з поўначы, і яшчэ з Эдманда, Маклаўда і Парсела. Шаша № 66 выходзіць з Аклахома-Сіці; Эл-Рына і Клінтан застаюцца на захадзе. Гайдра, Элк-Сіці і Тэксала, і тут канчаецца штат Аклахома, і аўтастрада № 66 пераразае Тэхаскі выступ, так званую Ручку рондаля. Шэмрак і Маклін, Конуэй і жоўты Амарыльё, Уілдарада, Вега і Бойс — і тут канчаецца Тэхас. Тукумкары, Санта-Роса, потым з Санта-Фэ ўніз, праз ньюмексіканскія горы да Альбукерка. А там удоўж цяснін ракі Рыо-Грандэ да Лос-Лунаса і зноў на захад па шашы № 66 да Гэлапа, што на мяжы штата Нью-Мексіка.
Тут пачынаюцца высокія горы. Холбрук, і Ўінслаў, і Флагстаф у высакагор'і Арызоны. Потым шырокае плато з хвалістымі лініямі ўзгоркаў. Эфарк і Кінгмэн, і зноў камяністыя горы, куды ваду завозяць з іншых мясцін і гандлююць ёю. Пасля вызубленых, выпаленых сонцам гор Арызоны — да ракі Каларада з зялёнымі зараснікамі трыснягу па берагах. Тут канчаецца штат Арызона. Адразу за ракой — Каліфорнія, і пачынаецца яна з вельмі прыгожага гарадка — Нідлс, які стаіць на самым беразе. Але рака здаецца чужаніцай у гэтых краях: ад Нідлса ўверх і за абпаленым сонцам хрыбтом пачынаецца пустыня. Там шаша № 66 бяжыць па страшэннай пустыннай мясцовасці, паветра трымціць ад спёкі, а высокія чорныя горы, што маячаць наперадзе, нясцерпна томяць душу. І вось ужо Барстаў, але за ім усё тая ж пустыня, пакуль наперадзе зноў не паўстаюць горы, прыгожыя горы, і аўтастрада пятляе сярод іх. І раптам вузкі праход, і ўнізе разлягаецца цудоўная даліна, унізе сады, вінаграднікі і маленькія катэджы, а ўдалечыні — горад. О госпадзі, нарэшце ўсё скончылася!
Людзей, што кінуліся ўцякаць, выносіла на аўтастраду № 66; машыны ішлі то па адной, то цэлымі караванамі. Удзень яны паволі каціліся па дарозе, а ноччу спыняліся каля вады. З лядашчых, дзіравых радыятараў валіла пара, шатуны бразгаталі і ляскалі. І людзі, што сядзелі за рулём грузавікоў і перагружаных легкавушак, апасліва ўслухоўваліся. Колькі яшчэ да горада? Пакуль едзеш ад аднаго да другога, нацерпішся страху. Калі што-небудзь паламаецца… што ж, калі паламаецца, зробім прывал, а Джым збегае ў горад, раздабудзе патрэбную дэталь і вернецца… А колькі яшчэ харчу засталося?