Стейнбек Джон Эрнст
Шрифт:
Таўстун пампаваў бензін, стрэлка на лічыльніку круцілася.
— Дык усё ж такі, куды мы ідзём? Вось што я хачу ведаць.
Том сярдзіта перабіў яго:
— Ну і ніколі не даведаешся. Кейсі стараецца табе растлумачыць, а ты дзяўбеш адно і тое. Я такіх не першы раз сустракаю. Нічога цябе не цікавіць. Заладзіў адну і тую песеньку. «Куды мы ідзём?» А ты і ведаць не жадаеш. Уся краіна на колах, людзі едуць кудысьці. А колькі іх памірае навокал? Можа, і ты хутка канцы аддасі, а нічога толкам не дазнаешся. Шмат мне такіх траплялася. Нічога і ведаць не хочуць. Закалыхваеце сябе песенькай «Куды мы ідзём?». — Том паглядзеў на бензінавую помпу, старую, іржавую, і на халупу, збітую з ужываных дошак з дзіркамі ад старых цвікоў, што праступалі праз фарбу, — некалі бадзёрую жоўтую фарбу, якая храбра намагалася падрабіць сваю заправачную пад выгляд вялікіх фірменных заправачных станцый у горадзе. Але фарба не змагла схаваць ні старых дзірак ад цвікоў, ні трэшчын у дошках, а зноў фарбаваць халупу гаспадару ўжо не давядзецца. Падробка не ўдалася, і гаспадар гэта добра ведаў. Праз расчыненыя дзверы халупы Том убачыў бляшанкі са змазачным маслам — усяго дзве — і прылавак з заляжалымі цукеркамі, пацямнелымі ад часу лакрычнымі ледзянцамі і пачкамі цыгарэт. Убачыў зламанае крэсла і сетку ад мух з дзіркай пасярэдзіне, абведзенай іржой. Ён паглядзеў на гразкі дворык, які трэба было б пасыпаць жвірам, на кукурузнае поле ззаду яго, якое высыхала і памірала пад сонцам. Каля хаціны — горка езджаных і падноўленых шын. І толькі цяпер ён заўважыў на таўстуну старыя, замытыя штаны, танную спартовую кашулю і кардонны шлем. Том сказаў: — Я не хацеў вас пакрыўдзіць, містэр. Гэта ўсё ад спёкі. У вас таксама небагата. Хутка і вы апыняцеся на дарозе. Толькі выганяць вас не трактары. Вас выганяць жоўценькія станцыі ў горадзе. Людзі здымаюцца з месцаў, —ціха дадаў ён, — і вы таксама, містэр, падасцеся ўслед за імі.
Таўстун слухаў Тома, і рука яго ўсё марудней круціла ручку помпы, пакуль зусім не замерла. Ён з трывогай пазіраў на Тома.
— Адкуль ты ведаеш? — разгублена запытаўся ён. — Адкуль табе вядома, што мы пагаворваем ужо пра гэта — хочам сабраць усе пажыткі і падацца на Захад?
Яму адказаў Кейсі:
— Так усе робяць. Я зацята змагаўся з д'яблам, бо ў д'ябле мне ўяўляўся наш агульны вораг. Але цяпер нашай краінай завалодаў яшчэ горшы вораг, і ён не адступіцца, пакуль яго не пасякуць на кавалкі. Вы бачылі, як яшчарка-ядазуб трымае здабычу, містэр? Учэпіцца, ты рассячэш яе напалам, а яна зубоў не расціскае. Адсячэш галаву, яна ўсё трымае. Даводзіцца адвёрткай расшчапляць ёй сківіцы, толькі тады адпусціць. А пакуль трымае сваю здабычу, атрута прасочваецца праз рану кропля за кропляй. — Ён змоўк і скоса глянуў на Тома.
Таўстун збянтэжана ўтаропіў позірк некуды ўдалячынь. Рука яго пачала паволі круціць каленчаты рычаг помпы.
— Проста не ведаю, куды мы ідзём, — ціха прамовіў ён.
Коні і Ружа Сарона стаялі каля вадзянога шланга і па-змоўніцку перамаўляліся. Коні спаласнуў алавяную конаўку і, перш чым наліць у яе вады, паспрабаваў струмень пальцам. Ружа Сарона глядзела на машыны, што праносіліся па шашы. Коні паднёс ёй конаўку.
— Хоць і цеплаватая, ды ўсё ж вада, — сказаў ён.
Ружа Сарона глянула на яго і таямніча ўсміхнулася. З тае пары, як яна зацяжарала, таямнічасць ахінула ўсю яе істоту, тайны і недамоўкі, здавалася, мелі для іх абаіх нейкі асаблівы сэнс. Яна была вельмі задаволеная сабой і пераборлівая ў самых малаважных дробязях. Яна вымагала ад Коні безліч непатрэбных паслуг, і абое ведалі, што і без іх можна абысціся. Коні таксама быў задаволены Ружай Сарона і ніяк не мог нацешыцца з яе цяжарнасці. Яго радавала, што ён падзяляў з ёю ўсе яе таямніцы. Калі яна хітра ўсміхалася, ён адказваў ёй такою самаю хітрай усмешкаю, і яны перашэптваліся між сабой. Свет самкнуўся вакол іх у цеснае кола, і яны былі яго цэнтрам, праўдзівей — Ружа Сарона была яго цэнтрам, а Коні круціўся вакол яе на маленькай арбіце. Усё, пра што яны гаварылі, было ахутана таямніцай.
Ружа Сарона адвяла вочы ад шашы.
— Мне піць не дужа хочацца, — сказала яна манерна. — Але, магчыма, мне трэба піць.
Коні сцвярджальна кіўнуў галавой, бо зразумеў, што яна мела на ўвазе. Яна ўзяла ў яго з рук конаўку, прапаласкала рот, сплюнула і выпіла цеплаватую ваду да дна.
— Яшчэ адну? — запытаўся Коні.
— Палову. — І ён наліў паўконаўкі і падаў ёй. Па шашы прашугаў «лінкольн» мадэлі «зефір» — серабрысты, нізкай пасадкі. Ружа Сарона азірнулася, ці далёка астатнія члены сям'і, і, убачыўшы, што яны стаяць усе каля грузавіка, ціха сказала: — Ты хацеў бы раз'язджаць на такой машыне?
Коні ўздыхнуў:
— Чаму не… але гэта потым. — І яны абое зразумелі, што мелася на ўвазе. — Калі будзем добра зарабляць у Каліфорніі, займеем машыну. Але вось такія, — ён паказаў рукой на «зефір», які знікаў удалечыні, — такія каштуюць не менш за вялікі дом.
— А мне хацелася б мець і дом, і такую машыну, — сказала Ружа Сарона. — Толькі, вядома, спярша дом, бо… — І абое зразумелі, што яна хацела сказаць. Іх увесь час хвалявала яе цяжарнасць.
— Як ты сябе адчуваеш — добра? — запытаўся Коні.
— Стамілася. Цяжка ехаць пад такім сонцам.
— Нічога не зробіш. Іначай мы ніколі не дабяромся да Каліфорніі.
— Ведаю, — сказала Ружа Сарона.
Сабака, прынюхваючыся, абмінуў грузавік, падбег да лужыны пад вадзяным шлангам і пачаў хлябтаць мутную ваду. Потым адышоў убок, апусціў нос да зямлі і звесіў вушы. Абнюхваючы пыльную траву, ён дайшоў да самага краю дарогі, падняў галаву, паглядзеў на шашу і пайшоў упоперак яе. Раптам Ружа Сарона пранізліва закрычала. Міма, віскочучы шынамі, імкліва імчалася вялікая машына. Сабака бездапаможна шарахнуўся назад і, ледзь паспеўшы скавытнуць, апынуўся пад коламі. У акенцах з'явіліся твары, павярнуліся назад, машына на імгненне сцішыла ход, потым зноў набрала хуткасць і знікла з вачэй. А сабака з вываленымі вантробамі ляжаў акрываўленым камяком на зямлі, слаба падрыгваючы нагамі.
Ружа Сарона ўтаропілася на яго шырока расплюшчанымі вачамі.
— Мне гэта не пашкодзіць? — жаласна запыталася яна. — Як ты думаеш, не пашкодзіць?
Коні абняў яе.
— Ідзі пасядзі, —сказаў ён. — Гэта нічога.
— Але я адчула боль. Калі я закрычала, нешта ў мяне ўсярэдзіне нібы абарвалася.
— Ідзі пасядзі. Гэта нічога. З табой нічога не будзе. — Ён падвёў яе да грузавіка, далей ад сабакі, і пасадзіў на падножку.
Том і дзядзька Джон падышлі да акрываўленага камяка. Пакалечанае цела сабакі апошні раз сутаргава страпянулася і замерла. Том узяў яго за заднія лапы і адцягнуў на абочыну. Дзядзька Джон стаяў збянтэжаны, быццам на ім ляжала віна за тое, што здарылася.
— Няхай бы я прывязаў яго, — сказаў ён.
Бацька глянуў на сабаку і адвярнуўся.
— Паехалі далей, — сказаў ён. — Мы ўсё роўна не пракармілі б яго. Так, можа, і лепш.
З-за грузавіка вынырнуў гаспадар заправачнай.
— Вось шкада, людзі, — сказаў ён. — Каля вялікай шашы сабачае жыццё кароткае. За год у мяне тут трох раздушыла. Больш іх не трымаю. — І дадаў: — Вы не трывожцеся. Я ўсё зраблю. Адцягну ў кукурузу і там закапаю.
Маці падышла да Ружы Сарона, якая сядзела на падножцы, усё яшчэ калоцячыся з перапуду.