Стейнбек Джон Эрнст
Шрифт:
— Шчасце, што хоць гэта з сабой узялі, — сказаў бацька. — У мяне ногі як драўляныя, ледзь ступаю. А вада дзе?
— Хіба не ў вас там? — устрывожылася маці. — Я цэлы галонавы збан наліла.
Бацька палез на борт грузавіка і зазірнуў пад брызент.
— Тут няма. Мусіць, забыліся.
Усіх імгненна апанавала прага. Уінфілд захныкаў:
— Піць хачу. Хачу піць.
Мужчыны аблізнулі губы — ім раптам страшэнна захацелася вады. Усчалася лёгкая паніка.
— Вады на першай заправачнай дастанем, — заспакойліва сказаў Эл. — Нам і гаручае трэба.
Тыя, што ехалі наверсе, зноў палезлі на свае месцы; маці пасадзіла бабку ў кабіну і сама села побач. Эл запусціў матор, і ўся грамада паехала далей.
Ад Касла да Падэна — дваццаць пяць міль, а сонца толькі-толькі прайшло зеніт і пачало хіліцца на захад. Каўпачок радыятара бразгацеў, пара з шыпеннем выбівалася з-пад яго. Непадалёк ад Падэна спыніліся каля заправачнай станцыі; перад хацінай дзве бензінавыя калонкі, ля агароджы — водаправодны кран з доўгім шлангам. Эл падвёў носам да яго свой «гудзон». З крэсла ззаду калонак падняўся таўстун з загарэлым да чырвані тварам і такімі ж рукамі і пайшоў насустрач. На ім былі карычневыя вельветавыя штаны на падцяжках і спартовая кашуля з кароткімі рукавамі, на галаве — серабрыстага колеру кардонны шлем ад сонца. Пот пацеркамі выступіў у яго на носе і пад вачамі і струменьчыкамі сцякаў па складках шыі. Ён перавальваючыся падышоў да грузавіка з непрыязным, суровым выразам на твары.
— Што-небудзь купляць будзеце? — запытаўся ён. — Бензін ці дэталі?
Эл ужо вылез на падножку і кончыкамі пальцаў пачаў адвінчваць каўпачок радыятара, раз-пораз адхопліваючы руку, каб не апячыся.
— Нам патрэбен бензін, містэр.
— Грошы ёсць?
— А то ж. Вы што думалі, мы пабіраемся?
Твар таўстуна адразу палагаднеў.
— Ну, тады парадак, хлопцы. Налівайце вады. — І таўстун паспяшаўся растлумачыць: — А то цяпер столькі рознага народу тут праязджае — нальюць вады, набрудзяць у прыбіральні, ды яшчэ сцягнуць што-небудзь, а купіць нічога не купляюць. Клянчаць, дай ім хоць галон бензіну, каб з месца зрушыць.
Том гнеўна саскочыў з машыны і падышоў да таўстуна.
— Мы на свае грошы едзем, — са злосцю сказаў ён. — Ты што гэта нас з галавы да ног азіраеш? Мы задарма ў цябе нічога не просім.
— Я ж нічога такога, — паспешліва адказаў таўстун. Праз кашулю ў яго праступіў пот. — Налівайце вады, а прыбіральня — вунь яна, каму трэба.
Уінфілд схапіў шланг, напіўся, потым падставіў пад струмень галаву і твар і адскочыў убок увесь мокры.
— Зусім не халодная, — сказаў ён.
— Што ў нас у краіне робіцца, проста розуму не дабяру, — загаварыў таўстун. Ён ужо знайшоў іншую тэму для скаргаў і пакінуў Джоўдаў у спакоі. — Кожны дзень па пяцьдзесят — шэсцьдзесят машын праязджае, народ падаўся на захад з малымі, з усім сваім скарбам. Куды ўсе яны едуць? Што там будуць рабіць?
— Туды ж, куды і мы, — адказаў Том. — Едуць на новыя месцы. Трэба ж неяк жыць. Толькі і ўсяго.
— Ну, не ведаю, што ў нас у краіне творыцца. Проста не магу зразумець. Вось і я таксама стараюся неяк жыць. Думаеш, новыя вялікія машыны тут спыняюцца? Не, сэр! Яны ідуць далей, у горад, да жоўценькіх заправачных станцый, што належаць кампаніі. Шыкоўныя машыны праязджаюць міма такіх халуп, як мая. Сюды большай часткай адна голь пад'язджае.
Эл адкруціў каўпачок радыятара, і струмень пары падкінуў каўпачок угору, а ў радыятары пачулася ціхае бульканне. На версе грузавіка змардаваны сабака падпоўз да самага краю паклажы і заскавытаў, пазіраючы ўніз на ваду. Дзядзька Джон палез на борт і зняў яго адтуль за загрывак. Спачатку сабака няўпэўнена пераступіў здранцвелымі нагамі, потым падышоў да лужыны пад водаправодным кранам і пачаў хлябтаць з яе. Па шашы, пабліскваючы на яркім сонцы, з шумам праносіліся аўтамашыны, і падняты імі гарачы вецер далятаў да двара заправачнай станцыі. Эл наліў са шланга вады ў радыятар.
— Не тое каб я стараўся зарабіць на багатых кліентах, — гаварыў сваё таўстун. — Я проста хачу, каб справа ішла. Але тыя, што заязджаюць, альбо клянчаць бензін, альбо выменьваюць яго на што-небудзь. Хочаце, гляньце там, у заднім пакоі, колькі ў мяне назбіралася непатрэбшчыны, якую мне ўпёрлі за бензін і масла, — ложкі, дзіцячыя каляскі, рондалі, патэльні… Адна сям'я дык ляльку дала за галон бензіну — у дачкі забралі. А што мне з усім гэтым хламам рабіць? Старызнікам стаць? Адзін чалавек за галон бензіну чаравікі з сябе гатовы быў зняць. І каб я быў, як некаторыя, дык мог бы… — Ён зірнуў на маці і не дагаварыў.
Джым Кейсі змачыў сабе валасы, і па яго высокім ілбе ўсё яшчэ беглі кропелькі вады, жылістая яго шыя была мокрая, кашуля мокрая. Ён падышоў і стаў каля Тома.
— Людзі не вінаватыя, — сказаў ён. — Табе самому было б прыемна абмяняць ложак, на якім ты спіш, на бензін?
— Ведаю, што не вінаватыя. З кім ні пагаворыш, без дай прычыны з месца ніхто не знімаецца. Але ж куды ідзе краіна? Вось што я хачу ведаць. Куды яна ідзе? Цяпер чалавек не можа сябе пракарміць. Зямля людзей таксама не корміць. І я ў вас пытаюся: куды мы ўсе ідзём? Нічога не разумею! І ў каго ні спытайся, ніхто нічога не разумее. Чалавек гатовы чаравікі з ног зняць, абы праехаць лішнюю сотню міль. Розуму не дабяру! — Ён зняў свой серабрысты трапічны шлем і выцер лоб далонню. Том таксама зняў з галавы кепку і выцер ёю лоб. Тады падышоў да шланга, намачыў кепку, адціснуў яе і зноў надзеў. Маці прасунула руку між планак борта, дастала алавяную конаўку, наліла ў яе вады і панесла да грузавіка. Напаіла бабку ў кабіне і пайшла да дзеда, які ляжаў на грузавіку. Стаўшы на ніжнюю планку, яна падала конаўку старому, той толькі змачыў губы і пакруціў галавой — не захацеў піць. Ён недаўменна паглядзеў на нявестку тужлівымі старэчымі вачамі і праз момант зноў упаў у забыццё.
Эл запусціў матор і заднім ходам пад'ехаў да бензакалонкі.
— Налівай, — сказаў ён. — Наогул у яе ідзе каля сямі галонаў, але больш як шэсць не трэба, а то выплюхвацца будзе.
Таўстун уставіў бензінавы шланг у адтуліну бака.
— Не, сэр, — сказаў ён. — Проста не ведаю, куды ідзе краіна. Дапамога па беспрацоўю і ўсё такое іншае.
Кейсі сказаў:
— Я шмат пахадзіў па краіне. Усе задаюць такое пытанне. Куды мы ідзём? Куды коцімся, спыніцца не можам? Чаму б людзям сур'ёзна не падумаць пра гэта? Усё ў руху. Людзі едуць і едуць. Мы ведаем, чаму яны едуць і як едуць. Едуць, бо інакш нельга. Даводзіцца ехаць. Так заўсёды бывае, калі людзі шукаюць лепшага. Седзячы на месцы, нічога не даб'ешся. Людзі цягнуцца да лепшага жыцця, шукаюць яго і знойдуць. Крыўда прымушае людзей змагацца за свае правы. Я многа пахадзіў па краіне, мне часта даводзілася чуць тое, што вы гаварылі.