Вход/Регистрация
Гронкі гневу
вернуться

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

— Не ведаю. Не ведаю.

— Ну, разумееш… была ў мяне жонка… прыгожая, добрая. Неяк ноччу забалеў у яе жывот. І папрасіла яна: «Прывядзі доктара». А я кажу: «Яшчэ чаго. Ты проста аб'елася». — Дзядзька Джон паклаў руку на калена прапаведніку і пачаў узірацца ў цемры ў яго твар. — Як яна на мяне паглядзела! Усю ноч стагнала і назаўтра днём памерла. — Прапаведнік нешта прамармытаў. — Разумееш? — гаварыў далей Джон. — Я забіў яе. І з таго дня ўсё стараўся выкупіць сваю віну, рабіць дабро… усё больш дзецям. І жыць захацеў дабром, а не магу. Напіваюся, распуснічаю.

— Усе распуснічаюць, — сказаў Кейсі. — Я таксама.

— То так, але ў цябе няма грэху на душы.

Кейсі мякка сказаў:

— Як няма — ёсць. Усе не без грэху. Грэх — гэта тое, у чым ты не адчуваеш упэўненасці. А тых, хто ва ўсім упэўнены і не ведае за сабой грахоў, тых сукіных сыноў я, на месцы бога, гнаў бы выспяткам у зад з царства нябеснага. Цярпець іх не магу!

Дзядзька Джон сказаў:

— У мяне такое адчуванне, быццам я сваім родным няшчасце прыношу. Думаю, ці не пайсці ад іх. Гэтак жыць больш не магу.

Кейсі адказаў адразу:

— Мне гэта вядома… Што чалавеку трэба рабіць, няхай тое і робіць. Параіць табе нічога не магу. Не ведаю, ці можа чалавек прыносіць другому шчасце або няшчасце. Адно толькі добра ведаю: ніхто не мае права лезці ў чужое жыццё. Няхай чалавек вырашае сам за сябе. Памагчы яму можна, а ўказваць — не.

Дзядзька Джон расчаравана сказаў:

— Дык ты не ведаеш, што мне рабіць?

— Не, не ведаю.

— Па-твойму, гэта грэх, што я даў жонцы вось гэтак памерці?

— Разумееш, — сказаў Кейсі, — у каго іншага гэта была б проста памылка, але раз ты лічыш, што гэта грэх… значыць, грэх. Чалавек сам стварае сабе грахі.

— Мне трэба добра падумаць, — сказаў дзядзька Джон, павярнуўся на спіну і лёг, падняўшы калені.

Грузавік ішоў па гарачай пустыні гадзіна за гадзінай. Руці і Ўінфілд спалі. Коні выцягнуў аднекуль з паклажы коўдру, накрыў сябе і Ружу Сарона, і, стрымліваючы дыханне, яны пачалі валтузіцца ў духаце. Потым Коні адкінуў коўдру, і гарачы скразняк абвеяў прахалодай іх змакрэлыя целы.

Каля задняга борта маці ляжала на матрацы побач з бабкай, і, хоць нічога ў цемры не бачыла, яна адчувала сутаргавае паторгванне цела, няроўнае сэрцабіццё і перарывістае дыханне бабкі. І ўсё паўтарала:

— Супакойся. Усё будзе добра. — І потым дадала зрывістым голасам: — Ты ж ведаеш, нам трэба пераехаць гэту пустыню. Ты ж гэта ведаеш.

Дзядзька Джон аклікнуў яе:

— Што там у вас?

Толькі праз якую хвіліну маці адказала:

— Ды гэта я так. Пэўна, у сне.

Потым бабка заціхла, і маці знерухомела побач з ёю.

Ноч цягнулася, міналі гадзіны, цемра ляцела насустрач грузавіку. Часам іх абганялі легкавыя аўтамашыны, што беглі на захад, у ноч; часам насустрач ім імчаліся вялізныя грузавікі і з грукатам праляталі міма, на ўсход. Зоркі марудным каскадам струменіліся ў бок заходняга гарызонту. Каля паўночы Джоўды пад'ехалі да інспектарскай станцыі на ўскраіне Дэгета. Шаша ў гэтым месцы была залітая электрычнасцю, а каля канторы стаяў ярка асветлены шчыт з надпісам: «Бяры ўправа. Стоп». Том спыніў машыну, і інспектары, што сланяліся без справы па канторы, зараз жа выйшлі і сталі пад доўгай драўлянай паветкай. Адзін з іх запісаў нумар машыны і падняў века капота.

Том запытаўся:

— Гэта навошта?

— Агранамічная інспекцыя. Зараз агледзім вашу машыну. Расліны, насенне ёсць?

— Няма, — адказаў Том.

— Усё роўна агледзім. Разгружайцеся.

Маці з цяжкасцю злезла з грузавіка. Твар у яе быў апухлы, вочы глядзелі сурова.

— Паслухайце, містэр, у нас старая хворая жанчына. Вязём яе да доктара. Нам марудзіць нельга. — Яна, відаць, ледзь стрымлівалася, каб не закаціць істэрыку. — Вы не маеце права нас затрымліваць.

— Не маю права? Без агляду нельга.

— Богам прысягаю, у нас нічога гэтага няма! — закрычала маці. — Прысягаю. Бабцы зусім дрэнна.

— У вас у самой выгляд нездаровы, — сказаў інспектар.

Маці ўзялася за край борта і з усяе сілы падцягнулася да бабкі.

— Вось, зірніце, — сказала яна.

Інспектар накіраваў прамень электрычнага ліхтарыка на стары зморшчаны твар.

— Далібог, праўда, — сказаў ён. — Дык вы прысягаеце, што нічога няма — ні насення, ні фруктаў, ні гародніны, ні кукурузы, ні апельсінаў?

— Няма, няма. Прысягаю.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: