Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

— Якія?

— Малыя. А дужыя…

— Шурпатыя, — ціха гаворыць Ганна. — Як граблі…

— Не…

— Недалікатныя…

— Далікатныя, то ж у дзяцей…

— У гарадскіх дзевак, кажуць, мяккія, гладзенькія. Як падушачкі.

— Ведамо, чыстая работа… Не з віламі…

Яны зноў маўчаць, але маўчанне гэтае радаснае, чыстае, ад яго весялосць у грудзях шырыцца. Прыціскаючы да сябе Ганніны рукі, Васіль нарэшце гаворыць:

— Ты, мабуць, б'ешся балюча…

— Баішся? — лагодна смяецца Ганна і дадае: — Я злая, як што не па мне! Хведзька аж дзіво як баіцца!

— А я дак — не баюся…

— Глядзі, які смелы стаў! Герой!

— І цябе, і языка твайго… усё адно…

— Уга, смелы!

Жартам сваім Васіль хавае дзіўнае жаданне, якое даўно не дае спакою: чамусьці вельмі хочацца пацалаваць яе. І, разважыўшы, быццам нічога асаблівага, не вялікі страх, а не можа Васіль асмеліцца. Не было яшчэ ніколі такога, маці і то, як помніць, не цалаваў. Калі толькі падумае, што зараз пацалуе Ганну, ніякавата робіцца, адразу сорамна і трывожна, але неадчэпа-спакуса, ліха на яе, не адыходзіць, нават з часам мацнее. У другіх хлопцаў гэта вельмі проста. Хоня-гарэза — той і на танцах, пры людзях, бывае, пацалуе, і яму хоць бы што!

А Васілю цяжка. У яго ўсё выходзіць няпроста.

— Ой, не цісні так пальцаў! — просіць Ганна.

— Я ж не вельмі…

— Не вельмі! Аж трываць няможна!..

Васіль адпускае яе рукі. Доўга пасля гэтага стаіць ён моўчкі, тоячы ў душы крыўду. Падумаеш, якая далікатная, трошачкі ад душы пальцы паціснуў, а яна ўжо трываць не можа! Не хоча, ну і не трэба! Ён і зусім можа за рукі не браць! І не возьме.

І так не ў меру для сябе пагаварыўшы перад гэтым, адасоблены ў думках, ён маўчыць доўга. Маўчанне, як і раней, яго, аднак, не бянтэжыць, Васіль яго нібы і не заўважае. Ён і то аж дзіва гаваркі з Ганнай зрабіўся, другія, бывае, з яго слова не выцягнуць. Васіль не ахвочы да пустой гаворкі.

Шумяць, шапочуць грушы. Недзе зайшоўся брэхам сабака, яму падсабіў другі. Сабакі хутка ўціхаюць, і ўжо зноў толькі грушы шумяць…

Васіль маўчыць, не зважаючы на тое, што Ганна пачынае неспакойна варушыцца, паглядвае на яго з нецярплівасцю.

— Гляджу я на цябе і думаю… — кажа Ганна і знарок змаўкае.

— Што?

— Кавалер з цябе вясёлы!.. Усё адно як вада ў роце!

Васіль ужо гатоў быў зноў пакрыўдзіцца, але Ганна добра, шчыра просіць:

— Скажы што-небудзь!..

І ў Васіля ад гэтай яе добрай шчырасці гатовая ўзняцца крыўда ўраз ападае. Ён, падвесялелы, думае, шукае, што ёй сказаць.

— У Карча вараны жарабец нагу на цвік насадзіў… Кульгае… Корч ездзіў у мясцечко па дохтара…

— Аге, я яго бачыла. Ён вёз яго ўжэ пад вечар…

— Пад вечар…

— Ну, то бачыла. Стары сам, як грак, сядзеў з пугай… І што — будзе ён бегаць, жарабец той?

— Кажуць, будзе. Але, мабуць, папарваў на сабе валасы стары Корч… пакуль супакоілі, — са злой радасцю дадаў Васіль.

Ганна неспадзеўкі прамовіла:

— Ты бо зайздросціш?

— Я? Не… — асекся Васіль. — Е чаго!

Ён зноў змоўк, і, можа, надоўга б, але раптам успомніў важную навіну, якую пачуў днём на полі.

— Кажуць, землю нанаво перарэзваць будуць!

— Аге ж, і я чула. Жанкі на выгане гаварылі…

— Добра б. А то некаторыя — расселіся, як паны. Усё лепшае пахапалі!..

— Мабуць, праўду кажуць. Парадкі цяпер такія, што могуць перадзяліць па справядлівасці.

— Корч які кавалак адхапіў! Каля цагельні!.. А другім — дак пясок ці балото!

— Зямлі мало, душацца людзі…

Васіль думаў узрушана, недаверліва.

— Не дадуць яны перамераць! Гады такія!..

— Хто?

— Багацеі! — Але не вытрываў, сказаў горача, як мару: — Штоб мне — у тым ражку, што за цагельняй! Я б паказаў!

— Ахвотнікаў багато на тое…

— Аге, ухопіш за імі…

Неспадзеўкі блізка прарэзліва кукарэкае певень, і Ганна азіраецца, заўважае, што неба на ўзболатку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Яна адхіляецца ад Васіля, заклапочана перавязвае хустку.

— Развідняе ўжэ. Ісці трэба…

— Шчэ трохі…

— Не. Мачыха хутко ўстане…

Абдымаючы яе на развітанні, Васіль з рашучасцю, блізкай да адчаю, думае: ці цяпер, ці ніколі! Ён заплюшчвае вочы і прыкладвае губы да Ганнінага твару, пацалунак трапляе ў скронь. Учыніўшы гэта злачынства, ён апускае галаву і чакае прысуду. Ганна таксама стаіць апусціўшы галаву.

— Васіль, — ціха кажа яна, як бы перасільваючы сябе. — Ты мяне любіш?

— А як жа…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: