Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

— А што вочы такія ў цябе — дак мне ето, папраўдзе, даспадобы! Такіх ні ў кога няма болей. І сам ты — харошы, толькі што маўклівы, унурысты. Усё адно як грэбуеш дзеўкамі ці баішся!

— Е чаго пагарджаць ці баяцца.

— Ну, а так здаецца!..

Памаўчалі. Ганна стала ладзіць Хведзьку і сабе пасцелю. Хутка яна, абняўшы адной рукой брата, другой адбіваючыся ад камарэчы, ляжала каля вогнішча, а Васіль яшчэ сядзеў, праз меру ўважліва пазіраў на агонь. Было вельмі радасна ад таго, што яна сказала пра кпіны свае і пра яго вочы. І ўжо як і не было злосці на яе. Была толькі радасць і турбота, якая мяшалася з гэтай радасцю і з якой невядома што было рабіць. Усё-такі класціся тут, каля Ганны, хоць яна і прасіла, было не проста, няёмка.

— Дзядзечко, а вы чаго седзіце? — не ўтрываў нарэшце Хведзька.

— Не хочацца нешто спаць…

— А ты ляж, паспрабуй… Заснеш, можа… — параіла Ганна.

Васіль стаў ладаваць світу на другі бок вогнішча, але Хведзька — вось жа зараза! — папрасіў:

— Сюды ідзіце, бліжай!

Васіль, каб не падумалі чаго-небудзь непатрэбнага — што ён баіцца Ганны, напрыклад, — перанёс світу бліжэй.

Доўга не спалася Васілю ў гэту ноч, такую звычайную і незвычайную. Укрыўшыся з галавою ад камароў, ён толькі прыкідваўся, што спіць, але сон не ішоў да яго. Расплюшчваючы вочы, бачыў Васіль з-пад світы, як ападаў, гас агонь, як сівелі вугольчыкі, бачыў у парадзелай цемры воз і каня непадалёк, які час ад часу пырхаў, бачыў, як пануе далей белым возерам туман. І ўсё, што ён бачыў, было дзіўна сагрэта Ганнінай блізкасцю, яе стомленым дыханнем, якое ён слухаў, нечым цёплым, невыказным, незразумелым, што паявілася ў гэты вечар, што бянтэжыла яго і ад чаго аж млелі перапоўненыя радасным чаканнем грудзі.

Але змора нарэшце ўзяла сваё.

Абудзіўшыся ўранку ад штуршка, Васіль убачыў над сабою Яўхіма Карча, які, мусіць, вяртаўся з начной уцехі.

— А хітра прыладзіўся, Дзятлік! — падміргнуў Яўхім. — Такі нібы варона, а як да дзеўкі — не промах!

Васіль спасцярожліва азірнуўся на Ганну — яна ўжо не спала, усё чула, — і губы яго задрыжалі ад гневу.

— Адыдзі ты!..

Яўхім дабрадушна ўсміхнуўся.

— Не бойся, не адаб'ю. Такога цвету — па ўсяму свету!

Ганна едка адгукнулася:

— Чаго не ясі, таго ў рот не нясі! Шчасце якое! Патрэбен ты мне, як хата сабаку!

— Патрэбен не патрэбен, а, мабуць, не адмовіла б!

— Малы жук, ды — вялікі гук!

Яна сказала гэта з такой абразлівай насмешкай, што Яўхім адразу не знайшоў, што і сказаць. Не зважаючы на яго, Ганна папрасіла Васіля ласкава:

— Я хутка паснедаць чаго зраблю. Прыходзь. Добра?

— Добра…

— Ну, язык Бог даў!

Яўхім плюнуў, павёў плячом і ляніва пацягнуўся да свайго табара.

Раздзел другі

1

Усё лета перад хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна. Ніхто ў Куранях, бадай, не заўважыў, калі і хто пасадзіў яе, не бачылі як трэба яе і тады, калі яна красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкае празрыста-зялёнае плацце з кволых, рэзных лісточкаў. Дні за днямі цікаўна, але нясмела глядзела яна на вуліцу, на ўсіх, хто праходзіў міма, — сціплая, непрыкметная, за нязграбным плотам, блізка ад вялікіх дрэў. Ніхто не даваў ёй ніякай увагі, мылі яе, песцілі толькі цёплыя дажджы ды любілі шумець маладым лісцем вятры. Людзі ж яе як бы не заўважалі, спачатку таму, што проста не прыкмецілі, а потым таму, што непрыкметна прывыклі.

І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. І не адны вочы, не абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: «Глядзі ты!..»

Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна. Яшчэ, здаецца, учора была гарэза, падлетак, а вось ужо, глядзіце — у самай добрай пары дзяўчына, у самай красе сваёй! Калі толькі вырасла!

Глядзелі на Ганну, разважалі і — за малым выключэннем прыдзір з жанок — згаджаліся: выспела, нявеста, нічога не скажаш! Часам пры гэтых гаворках — асабліва жанкі — успаміналі Ганніну маці-нябожчыцу, казалі, што дачка ва ўсім выйшла ў матку. З аблічча — дык як вылітая: і невялікая ростам, і не гладкая — худая, можна сказаць, і плечы, як у маткі, вузкія, і рукі тонкія. І косы чорныя, густыя, аж блішчаць, бы намочаныя, і смуглявасць на твары такая ж, і шчочкі таксама ж выпінаюцца.

Іншы раз языкі жанок — прыдзір ці зайздросніц — меркавалі, што грудзі ў Ганны малаватыя, як кулачкі: чым толькі дзіця карміць будзе, калі давядзецца? Але пры ўсім тым — нават прыдзіры і зайздросніцы не пярэчылі — Ганну ніяк нельга было палічыць за кволую: збоку, з аднаго позірку відаць было — крамяная ў Цімоха дзяўчына, дужая, сілаю ўся налілася! Вунь якая пругкая ў хадзе, спрытная якая ў рухах, так і відаць — маладосць, сіла ў кожнай жылачцы!

Той, каму быў час і ахвота прыглядацца, хто лепш бачыў Ганну, заўважаў, што перамянілася яна не толькі з аблічча. Багата што інакшае было і ў тым, як яна хадзіла між людзей, — стрымана і паважней, як трымалася з хлопцамі, — стражэй і з нейкай кплівасцю. Нават смяялася цяпер яна інакш, як дасюль, — смех быў ужо не бесклапотны, не пусты па-дзіцячы, у ім таксама звычайна чулася кплівасць; і штосьці як бы таілася ў гэтым смеху. І глядзела яна інакш, — нядаўна адно дзікавата-цікаўнымі вачыма. Як і раней, не было, здавалася, такой хвіліны, каб вочы яе, вільготна-цёмныя, падобныя на спелыя вішні, былі абыякавыя, нудлівыя, увесь час блішчэла, ззяла ў іх няўціхнае хваляванне. Але сачылі яны з-пад шаўкавіста-чорных смелых броваў цяпер з падсцярожлівай, пільнай уважнасцю і, здавалася, толькі і чакалі выпадку кпліва падсмяяцца. Іншы раз маглі яны, як і раней, бліснуць весялосцю, але часта, вельмі часта гарэлі ў іх недавер'е і насмешка. У іх таксама ж нешта таілася, у цудоўных вішнёва-чорных вачах.

Амаль усе куранёўскія цёткі і дзядзькі згодна лічылі, што, набыўшы паважнасці, Ганна разам з тым стала і больш неспакойнай і — аж залішне задзірыстай. Не аднаму ў Куранях не даспадобы была і яе ганарыстая ўпэўненасць: ледзь не кожным учынкам Ганна, здавалася, паказвала, што ў яе на ўсё свае сталыя меркаванні, свой цвёрды погляд…

Хлопцы і гарнуліся да яе і нібы пабойваліся. Акрамя таго, што стрымлівалі Ганніна задзірыстасць і ганарлівасць, ім помнілася, што не лішне асцерагацца і яе язычка. Ведалі яны і тое, што Ганну не дай Бог увесці ў гнеў: тады яна ўмомант страціць роўнасць сваю, забудзецца на ўсё, загарыцца адным. Гарачая, нястрымная, небяспечная яна, ганарліўка Ганна!..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: