Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

— Ето — не сакрэт — я і сам думаў, — прызнаўся Міканор. — Дак гаварыць будуць: гуляю, маўляў.

— Няхай пляскаюць, каму хочацца. А калі ўжэ ўзяўся кіраваць, дак кіруй!

Яшчэ раней такую параду даваў яму Руды Андрэй, але Міканор і слухаць яго не стаў. Хацелася ўзяцца за самае цяжкае, каб бачылі, як рабіць трэба. Думаў, што ўсюды ўправіцца. Цяпер слова не сказаў супроць парады, бачыў — яны мелі рацыю. Не сачыў амаль за другімі, не кіраваў.

— Дакапай тут, дзядзько, — сказаў лесніку Міцю, — бо я толькі і раблю, што лезу ў канаву да вылажу…

— А — здаўся! — падчапіў дзядзька Ігнат.

— Здаўся…

І хто б мог падумаць: калі тое пачалі, а ўжо столькі рабілася не так як трэба. Адзін, аказалася, звужае канаву, другі ўзяў мелка, трэці бераг павёў няроўна. Не вельмі прыемна папраўляць дзядзькоў, але нічога не зробіш, трэба: парадак павінен быць. Дзядзькі, мабыць-такі, бачылі ў ім начальства, амаль не спрачаліся, паслухмяна рабілі тое, што ён казаў. Толькі іншы раз апраўдваліся вінавата, але слухаліся, папраўлялі.

— Мелко! — сказаў Міканор Ларывону.

Той нібы не бачыў, не чуў, ляніва шмякнуў пад ногі Міканору тванню.

— Глыбей трэба! Не меней як паўтара аршыны…

— І так добра!.. — Ларывон зноў кінуў гразі.

— Паўтара аршыны, не меней.

— Правільно! Капай, капай, Ларывон! Не лянуйся! — зарагатаў Яўхім.

Ларывон адрэзаў:

— І етаго хопіць!

— А я кажу — мелко! — не саступаў Міканор.

Ларывон уткнуў рыдлёўку ў твань, нязграбна, рашуча палез з канавы.

— Сам капай, калі мелко!

— Я за цябе капаць не буду! А ты — прыйшоў, дак рабі! Як трэба!

— А не хочаш, дак каціся адсюль! — падтрымаў Хоня. Ён падчапіў весела: — Ды матку за сябе прышлі!

Міканор бачыў, як злосна пачырванеў Ларывон: дапякло ўсё-такі! Толькі знайшоў Бугай у адказ, што мацюкнуўся, але Міканор ужо кончыў спрэчку, ішоў далей. Пачуў яшчэ ўслед за сабой вясёлы рагаток Яўхіма.

Спыніўся між тых, якія масцілі грэблю. Іх цяпер было багата больш, як спачатку. Міканор знарок не назначыў тут старшага, бо ведаў, што і без прызначэння кіраваць ухопіцца Андрэй Руды. І праўда, яшчэ з канавы бачыў Міканор, як Руды завіхаўся, бегаў, камандаваў… Вось і цяпер пануры Пракоп абсякаў сякерай з алешынкі галлё, а Руды мітусліва, горача штосьці даводзіў яму. Але Пракоп, здалося, слухаць не хацеў, адвярнуўся. Андрэй забег на другі бок, наперад.

— Аб чым спрэчка?

— Да от, та-скаць, галіны не ўсе адсякае, — кінуўся з надзеяй к Міканору Руды. — Тыя, каторыя тырчаць уніз ці ўверх, — сячэ. Яны, та-скаць, мяшаюць пакласці дзераво на землю, тырчаць. Ён, следавацельно, ссякае, і — правільно, што ссякае.

Пракоп ужо стаяў, панура сціскаў валасатай рукой сякеру, маўчаў. Міканор перабіў Рудога:

— Дак аб чым жа спрэчка?

— А аб тым, што счышчае галлё ён не ўсё. Тыя, каторыя зверху і знізу, ссякае, а тыя, каторыя па баках, та-скаць, — абсякаць не хоча! Думае, следавацельно, — можно масціць на іх другія друкі і паплеціны. Што, та-скаць, саўсім няправільно!

— Чаму няправільно?

— Дак па іх патом будзеш ехаць, як на спружынах! Падкідваць будзе!

Пракоп з пагардай плюнуў. Было відаць: тое, што казаў Руды, ён лічыў такім глупствам, што і гаварыць не хацеў. Міканор стаяў між іх і адчуваў, што абодва чакаюць яго слова, абодва ўпэўнены ў сваёй перамозе. Яму ніколі не даводзілася масціць грэблю, але тое, што казаў Руды, здалося яму выдумкай. Чаму нельга пакідаць галля, калі з ім дрэвы толькі будуць лепш чапляць адно за адно? «Жыць не можа, кеб не вымудрыць чаго-небудзь!» — падумаў пра Рудога.

— Я думаю, што вы, дзядзько Андрэй, дарэмно баіцеся! — цвёрда заявіў Міканор.

Руды загарэўся:

— Я — дарэмно? Уся новая навука, та-скаць, етай думкі трымаецца! А тое, што робіць Пракоп, ето — шкоднае заблуждзеніе!

Міканор нейкі час рабіў з імі. Тое, што ён быў побач, стрымлівала абодвух, але Міканор адчуваў, што як толькі ён адыдзе, спрэчкі і нелады пачнуцца зноў. Трэба было паставіць некага тут за старшага.

Да Андрэя як да чалавека ў Міканора было больш веры: робіць шчыра, ад усёй душы, Пракоп жа ў вочы ніколі проста не зірне, тоіць нешта, здаецца. І ўсё ж Міканор выбраў за старшага Пракопа: гэтага будуць слухацца! У гэтага будзе лад.

Яшчэ раней заўважыў Міканор, што зямля з бакоў грэблі асыпаецца ў канаву, і падумаў, што трэба сплесці пляценьчык.

— Работа е ў мяне для вас, дзядзько Андрэй, — сказаў Рудому. — Важнецкая, акуратная!..

4

Васіль быў між тых, якія масцілі грэблю. Ён трымаўся Пракопа і, было відаць, стараўся дагадзіць яму. Люба было бачыць Міканору, як хлопец стараўся. Нібы і не ён хацеў быў адкруціцца, паслаць дзеда. Але хутка Міканору кінулася, што Пракоп злосна зіркнуў на свайго памочніка — Дзятлік нібы не бачыў таго, што рабіў. Тады Міканор і заўважыў, што хоць Васіль увіхаўся каля старога са ўсёй нібы душой, ён не так памагаў, як замінаў. Куды больш, чым за Пракопам, Васілёвы вочы сачылі за Ганнай Чарнушкавай. Іншы раз, мусіць, адну яе і бачыў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: