Шрифт:
— Не хачу! — адказаў адным словам Валодзька.
— А етаго во — хочаш? — памахаў яму пугай брат.
Валодзька толькі яшчэ больш нахмурыў бровы. Маці ж усё не траціла надзеі дамовіцца па-добраму:
— Я табе кулеш у чыгунку ў печцы паставіла. Смачны, з малаком… А ў прыпечку яечко вазьмі!.. Можаш узяць!
— Едзьце бо! — сказаў дзед. — Угаворваюць, ей-бо, як пісара валасного!..
Маці падабрала даматканую сваю спадніцу і звычна села на калёсы, спусціўшы з драбінак босыя парэпаныя ногі.
— Дак глядзі ж, кеб пільнаваў добра! Бо ўвечар я прыеду!
Валодзька, здаецца, нічога не хацеў слухацца: ні матчыных добрых слоў, ні дзедавай строгасці, ні братавай пагрозы пугай.
Ледзь калёсы рушылі па вуліцы, ён, набычыўшыся, падтрымліваючы рукой штонікі, што спадалі, маўкліва падаўся ўслед.
— Вярніся, неслух! — пачуў ён дзедаў загад, але і не падумаў спыніцца.
Валодзя ведаў, што дзед не любіў неслухмянасці і што маці таксама не дай Бог увесці ў гнеў, але яму так хацелася ехаць на балота, што і страх не ўтрымліваў, — Валодзька адно для бяспекі трымаўся наводдаль ад воза. Калі калёсы прыпыніліся і брат паказаў, што збіраецца саскочыць, малы адразу стаў таксама, гатовы да ўсяго. Васіль пагразіўся:
— Толькі пайдзі ўслед!
Калёсы спыняліся яшчэ разы тры, і кожны раз то маці, то брат загадвалі вярнуцца, не на жарт абяцалі набіць, і, можа, Валодзька адолеў бы сваё вялікае хаценне, калі б не ўбачыў, што на другім возе, які выехаў услед з сяла, сядзіць разам з бацькам яго найбліжэйшы прыяцель, супольнік ва ўсіх шкодах, Хведзька. Гэта надало Валодзьку порсткасці, і ён яшчэ смялей кінуўся за калёсамі.
— А-а, — закрычаў, душачыся слязьмі, ён, — вазьміце!
Маці злезла з калёс.
— Вярніся! Ідзі дамоў, чуеш!
— Не пайду!
— Не пойдзеш?
Праз некалькі хвілін ён ляжаў на мяккай раллі між кусцікаў бульбы блізка ад дарогі, і ўзлаваная маці моцна і гучна пляскала яго па голых паружавелых палавінках.
— Вернешся?.. Вернешся?.. Вернешся?..
Валодзька, рыючы лбом пульхную зямлю, выў і роў ад болю, ад крыўды, ад злосці, але не гаварыў нічога.
Маці пайшла ад яго, так і не дачакаўшыся хоць слова.
Седзячы ў бульбоўніку, ён цераз завалоку слёз зверавата пазіраў, як яна ішла да воза, як села і паехала, грозна глянуўшы на яго. «Кеб ты… кеб табе… немач!» — кіпела ў ім няўтольная злосць.
Паўз малога па дарозе ехалі і ішлі мужыкі, і амаль кожны падсмейваўся з яго бяды: «Што, усыпалі?» Гэта распальвала яго крыўду. Невясёлы, адзінокі і, як мала хто ў свеце, няшчасны, пацёгся ён дамоў, пацёгся цераз бульбоўнік, цераз агароды, толькі б нікога не сустракаць, нікога не бачыць!..
Калёсы, на якіх сядзелі Васіль і маці, ужо ўязджалі ў лес. Пасля поля тут было ад гушчыні маўклівых, нібы прытоеных, хмурных хваін цемнавата і сыра, хоць лясок і рос на пясчаніку. Ранішняе сонца, што чырвоніла хвойнік угары, яшчэ не магло прабіцца да нізу, да зямлі, і на рэдкай траве тут мутна трымалася раса, а на пяску значыліся вільготныя цемнаватыя плямы. Не зважаючы на расу і сырасць, адчувалася ўжо набліжэнне дзённай задухі.
— Душно будзе, — сказала маці.
Неўзабаве яны дагналі Чарнушкаў. Можна было б ехаць за імі, аддаючы знак пашаны дзядзьку Цімоху, як старэйшаму, і, можа, у іншых абставінах Васіль так і зрабіў бы, але побач з дзядзькам сядзела задзіра Гануля, яго дачка, Васілёва равесніца. Гэтая задзіра ў апошні час Васілю проста жыць не давала, пры кожнай сустрэчы, калі б ні трапіўся ён — смяялася ці нават здзекавалася з яго. От жа толькі пазаўчора пры ўсіх абсмяяла. «Васіль, а чаму ето ў цябе вочы не адзінакія — адно, як вада, светлае, а другое — як жалудок! І валасы унь — ззаду як не чорныя, а спераду — рудзенькія! Як у цяляці рабого». Стаяла і рагатала пры ўсіх! Каб не праўду казала, яшчэ б нішто, а то ж праўда ўсё — розныя вочы, як на грэх, і валасы ад сонца наперадзе зарудзеліся! Усё нялюдскае нейкае!..
Ці ж мог пасля ўсяго гэтага Васіль паслухмяна цягнуцца за Чарнушкамі? Ледзь маці ўправілася сказаць дзядзьку Цімоху, што, мусіць, будзе задуха, як Васіль, тузануўшы Гуза лейцамі, чапляючы калёсамі за нізкае галлё падлеску, порстка аб'ехаў Чарнушкаў, пакінуў ззаду. Ён знарок не паглядзеў на Ганну, але і не пазіраючы на яе, Васіль адчуваў сябе ў поўнай меры шчаслівым. Вось як ён «абступіў» яе, задзіру.
Хто яна, гэта ганарліўка, якая так абыходзіцца, нібы яна не толькі нараўне з ім, а Бог ведае што. Каб яна была і праўда кім-небудзь асаблівым, тады б і трываць можна было б, а то ж хто — усяго бацькава дачка. І гэтак абыходзіцца з ім, з чалавекам самастойным, гаспадаром! Што ж, ён паказаў ёй!..
Тут, калі Васіль быў увесь напоўнен слодыччу адплаты, стары, вельмі пацёрты хамут раптам разышоўся, і аглобля зашоргала па рудых Гузавых нагах. Васіль трывожна саскочыў. Нічога страшнага не было: проста парвалася супоня.
Васіль хутчэй звязаў парваныя канцы, але калі паспрабаваў, пацягнуўшы з усяе сілы, ці моцна завязаны вузялок, той разышоўся. Прыйшлося зноў звязваць. Калі, паружавеўшы ад натугі, сцягваў супоню на хамуце, побач зарыпелі калёсы дзядзькі Цімоха.
— Што такое?