Шрифт:
Былы загадчык райза Дзядзюля толькі вясной ужо даведаўся, што за зіму ў другім кутку раёна добры знаёмы яго Манюк (скарочанае яго прозвішча не прызнаваў, лічыў піжонствам, бо добра ведаў вёску, дзе палавіна Манюкоў) арганізаваў свой атрад. Меншы, безумоўна, колькасна, але даволі баявы. Дзядзюля ажно прыраўнаваў: хто мог падумаць, што былы дырэктар спіртзавода такі арганізатар! Чаго добрага, абскача па баявых дзеяннях, бо бліжэй да шашы, да чыгункі. Загарэўся зуб у камандзіра, які лічыў сябе вышэйшым прадстаўніком савецкай улады ў раёне, далучыць атрад Манюка да свайго. Але ўжо дзейнічаў падпольны райком, і ён разважаў інакш: чым больш атрадаў, тым лепш, шырэй партызанскі фронт.
У Дзядзюлі — трэць атрада абкружэнцы. А ў Мана — ніводнага, усе мясцовыя хлопцы, некаторыя служылі ў арміі, але толькі двое ці трое дараслі да камандзіраў аддзяленняў, не вышэй. Сам ён, праўда, камандаваў узводам у кавалерыі. Але калі тое было — дваццаць гадоў назад! Аляксей Іванавіч зайздросціў суседу, вайсковаму ладу ў яго атрадзе, там нават размовы вяліся на іншай мове — па-руску, па-армейску, з веданнем уставаў. А ў яго — што на калгасным сходзе: кожны — стратэг. Вось чаму, калі пазнаёміўся з баявым капітанам, адразу ж вырашыў: пераманіць. Але Дзядзюля вуха трымаў востра. Дружба дружбай, а тытун паасобку. Прыйшлося пайсці адкрыта:
«Уступі мне, Цімох, Брагінскага. У цябе паўатрада камандзіраў, а ў мяне ніводнага. У мяне ён будзе начальнікам штаба, а ў цябе патроны набівае».
Навум Барысавіч загадваў у Дзядзюлі аружэйнай майстэрняй.
Але не за так аддаў Дзядзюля камандзіра. Гандаль быў ганебны. Нельга сказаць, што запрасіў камандзір ужо праслаўленага атрада, камуніст за чалавека — абразліва было б для Брагінскага, ганебна і для яго, Мана, хоць за лыжкі-міскі свае патрончыкі ён браў без пакут сумлення. Але ж гэта — праца рук яго. А Дзядзюля за чалавека запрасіў… сала тры пуды. Ганьба! I таргаваўся, можа, гадзіну. Сышліся на двух пудах. Сала, канешне, не было. Дзе яго ўзяць! Аддаў чортаў гандляр, як кажуць, напавер. Але пра даўжок не забывае, каторы месяц напамінае, пры сустрэчах і нават у баявых пасланнях робіць вучоную прыпіску PS: «А даўжок калі аддасі?» Ці яшчэ горш: «Сумленныя людзі з даўгамі разлічваюцца».
Аляксей Іванавіч успомніў гэтую анекдатычную гісторыю, пра якую ён раскажа пасля вайны, і адказаў сябру ў думцы:
«Во ты ў мяне, Цімашок, палучыш», — і, паклаўшы на стол разец, паказаў «лятучай мышы» дулю. Прысутнасць капітана яго не бянтэжыла.
Брагінскі, як заўсёды, з цікавасцю сачыў за блуканнем думак у вачах камандзіра, здавалася, што яны прасвечваюцца і на лысіне яго, дзе блішчэлі кроплі поту, і нават варушацца ў зарасніку барады. Гэта была яго любімая забаўка з школьных гадоў: па твары адгадваць, пра што чалавек думае; у батарэі сваёй неаднойчы ашаламляў байцоў такімі адгадкамі, нампаліт дывізіёна так і называў яго: фізіянаміст.
Аляксея Іванавіча ні разу не ашаламіў. Той спакойна адказваў: «Правільна, адгадаў. Пра што яшчэ думаць у такой сітуацыі?» А часцей пасміхаўся: «Пацэліў ты, Навуме, у белы свет як у капеечку».
У той вечар Брагінскі асабліва сачыў за камандзіравым тварам. Такая ўвага адцягвала думкі ад болю ў грудзях і сцішала кашаль.
— Аляксей Іванавіч, мне здалося, вы паказалі камусь фігу. Не мне?
Ман засмяяўся.
— Не, мой дарагі начальнік штаба. Не табе. Злосную — Гітлеру. Ласкавую — Дзядзюлю.
— Вясёлая ў вас дружба.
— Вясёлая. Не здзіўляйся. У мяне прывычка. Я ім, раённым работнікам, часта паказваў фігу, калі яны прыязджалі па спірт. Толькі энкавэдэшніку не адмаўляў. Каністры наліваў…
— Баяліся?
— Дрэнна ты думаеш пра свайго камандзіра. Але адкажу табе шчыра. Баяўся. Дзеянні гэтых саўработнікаў немагчыма было ў той час ні прадказаць, ні прадбачыць.
— У які час?
— Калі мяне з наркамата, палячыўшы ў санаторыі, паслалі на спіртзавод. Некаторыя зайздросцілі: пусцілі шчупака ў раку. Але які я шчупак! Нават не акунёк. Плотачка.
Брагінскі ведаў, што больш года, другая палавіна трыццаць сёмага і першая трыццаць восьмага, як бы выпадала з біяграфіі Аляксея Іванавіча. Маўчаў ён пра гэты год. I малады ідэаліст не адразу нават сцяміў, што здарылася. Дзіўна. Чытаў жа пра суды над маршаламі, камандзірамі, ведаў пра арышт камандзіра іх палка, пра самагубства камдзіва. Верыў, што яны завербаваныя фашысцкай разведкай. Верыў да самай вайны. А калі ляжаў ранены ў бальніцы і яму адкрыта, адзін доктар — са злараднасцю, перадаваў пра трыумфальнае наступленне немцаў на Маскву, вера яго ў вышэйшую справядлівасць, у мудрасць правадыра пахіснулася. I тады яму не хацелася жыць. Добра, што Ванда хутка забрала яго ў сваю хату на Старажоўцы. Яе незвычайны аптымізм, а яшчэ больш перакананасць яе маці, работніцы хлебазавода, што нашы ўсё роўна перамогуць, вярнулі яму жаданне жыць і змагацца. А ў атрадах прага жыцця вырасла да таго, што думка пра смерць — не ў баі — ад старой раны аблівала потам. Не кашляў, сціхаў боль — і гэта ўжо было шчасцем. Больш за ўсё баяўся быць абузай для таварышаў.
Брагінскі з замілаваннем любаваўся ўмелымі рукамі разьбяра, з’яўленнем на місачцы адмысловага ўзору — як бы галінкі з гронкамі вінаграду.
— Для каго такая прыгажосць?
— О, брат! — камандзір падняў на растапыраных пальцах бялюткую місачку над галавой, да ліхтара, нібы яна прасвечвалася, як шкляная. — Не пытай. Ёсць у мяне любоў. Сябровачка. Лідачка з Загайкі. Чатыры гадочкі. Ёй місачка. Толькі не выдавай маю любоў. Я — прымхлівы.
Начштаба засмяяўся — ад шчасця, праява пяшчоты да дзіцяці асабліва кранула, свае двое недзе чакаюць яго. Дзе? Але зноў печка пыхнула дымам. I зноў ён закашляўся, праўда, на гэты раз не так пакутліва і працягла.