Вход/Регистрация
Ахвяры
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

«Варыянт», прынесены Чурсіхай, незвычайнай пасыльной — Аксана ведала яе, вадзіў Стась знаёміцца з «сябрамі», — не спалохаў, бадай, узрадаваў: жывы Стась, здаровы. Яна зранку пачула пра начную аблаву, колькі чалавек урачоў і сясцёр не з’явіліся на работу, і ўсю раніцу жыла ў трывозе і напружанасці, невядомасць для яе — самае пакутлівае. Яна любіла яснасць і пэўнасць.

Увогуле Аксана чалавек супярэчлівы. На здзіўленне ўсім, нават бацькам, спакойная, да адчайнасці смелая, з маленства завадатаркай была, але плаксівая. Не ад болю плакала — ад чуллівасці. У маленстве плакала над замерзлай птушкай, над прыдушаным кацянём, рыдала на пахаваннях чужых людзей, магла заплакаць над пакутамі хворага, што доўга перашкаджала ёй стаць хірургічнай сястрой, хоць аперацыйная была яе марай з медтэхнікума. Стась неаднойчы кпіў з яе плаксівасці.

Варыянт радаваў яшчэ і таму, што выйдуць яны са Стасем, не адна, а пасля іх збліжэння, іх жаніцьбы яна неаднойчы ўпотай марыла знайсці бяспечны для ўсіх выпадак перабрацца ў лес, у партызаны.

Цяжкімі былі зборы. Пераважала жаночае: хацелася як можна больш забраць нажытага дабра — бялізны сваёй, кофтачак, спадніц. Але як забраць? Трэба разумная мера; выменьваць ідуць з немалымі мяшкамі, і варта на дарогах да гэтага прывыкла, а на выхадзе з горада па Даўгінаўскім тракце яе ведаюць усе паліцаі. Аднак акрамя адзення нельга не ўзяць лякарства, бінты, якія прыпасла; не з голымі ж рукамі прыйсці ў атрад. Мера, нарэшце, трэба не толькі для аховы, але і для гаспадыні — каб не здагадалася, што кватарантка ўцякае. Гаспадыня — чалавек надзейны, але, калі яе прыціснуць нават у паліцыі, яна, узлаваная, што кватарантка знікла так падманна, можа нагаварыць лішняе — здагадкі свае выкажа пра людзей, якія наведваліся да яе, Аксаны. А многія з гэтых людзей застаюцца ў горадзе, ды некаторыя і да спраў іх падпольных не маюць ніякага дачынення — невінаватыя, а могуць пацярпець.

Бінты, у іх — шпрыцы, таблеткі і лепшае адзенне Аксана накруціла на сваю тонкую талію, ад чаго прыметна папаўнела, а таму мусіла апрануць не цеснаватае паліто, а летні прасторны плашч, урэшце, цяпер гэта нікога не здзіўляе — людзі адзетыя хто ў што, асабліва ў гэты пераходны асенні час, — і ў плашчах і ў кажухах.

Ад таго, што яна мусіць пакрыўдзіць старую добрую жанчыну, Аксана нават паплакала трохі. Чакала, калі гаспадыня адлучыцца некуды, яна не была дамаседкай — збірала навіны, як пчала нектар. Заглянула да яе. I пераканалася, што непаседлівая Ядвіга Паўлаўна нікуды не збіраецца — у яе забалела паясніца, папрасіла Аксану нацерці яе настойкай наготак.

А час ляцеў, кароткі шэры дзень схіляўся на вечар. А трэба ж не толькі выйсці з горада, пакуль відна, але і дайсці да Цнянкі, зрэдку па дарозе ідуць нямецкія машыны, у цемры могуць спыніць адзінокую жанчыну і, калі хочаш, пацікавіцца і мяшком, як і ёй.

Не ведаючы, як выйсці з дому, Аксана расплакалася перад гаспадыняй зусім шчыра. Напалохала старую.

— Што з табой, Аксаначка, дзіцятка маё? З работы прагналі?

— Не.

— Стась? Арыштавалі?

— Не. За што яго арыштуюць? — калі дала волю слязам, не мела ніякай версіі для апраўдання іх, а тут раптам версія з’явілася, самая праўдападобная: — Дзядзька на міне падарваўся.

I як усё стала проста — і збірацца, надзяваць тры кофтачкі і… развітвацца.

Горад Аксане не спадабаўся: многа паліцыі і немцаў на вуліцах, больш, чым раніцою, і ўсе падазрона аглядваюць кожнага прахожага. Яе спынялі двойчы, правяралі аўсвайс. Але мяшка не трэслі, у горадзе і раней гэта рабілі рэдка, часцей — не тады, калі людзі ішлі на мену, а калі вярталіся з вёсак — тады лезлі ў мяшкі, забіралі «калым», самагонку і сала забіралі падчыстую. Тых, хто выходзіў з горада, абшуквалі на кантрольных пастах.

На пасту яе добра ведалі, там каравулы былі пастаянныя, начальнікаў яна купіла за гасцінцы — за самагонку, спірт; Дзядзюля ніколі не адсылаў яе назад з пустымі рукамі, заўсёды несла торбы поўныя, нярэдка пад прадуктамі — міны для групы Стануліна.

Дарога гэта была «няменная», паўночныя раёны лічыліся беднымі, асноўны паток мяшочнікаў цягнуўся на багатую Случчыну. Аднойчы начальнік паста ўчыніў ёй допыт: «Чаму ходзіш сюды?»

«Пан началынік, родныя мясціны, знаёмыя людзі. А свае сваёй больш давяраюць, больш спагадаюць. Ды і не думайце, што тут бядней жывуць. На Случчыне шляхта, яна любіць сваё дабро выстаўляць, а тутэйшыя людзі маюць завядзёнку прыбядняцца».

«Хітрая ты».

«Жыццё ўсяму навучыць».

Жыццё навучае. Але жыццё можа і правучыць. У такім становішчы любы недарэчны выпадак можа паламаць самыя вывераныя планы. Пра гэта Аксана не забывалася і не столькі спадзявалася на сваё ўменне, вопыт, колькі на ўдачу, — «ненадзейную сяброўку сваю», так казала Стасю. «Я малюся ёй, удачы, як багамацеры». Пры сваёй адчайнасці яна мела і прымхлівасць — верыла ў прыкметы. Загадала: будзе на пасту знаёмы тоўсты немец — усё абыдзецца добра.

Спынілі яе незнаёмыя паліцаі, злосныя, прыдзірлівыя, гатовыя вытрасці мяшок. Бадай, ні разу яшчэ яна не палохалася гэтак, бо разумела, што яе правал пагражае Стасю. Не пойдзе ён сам у атрад, вернецца назад у горад, каб знайсці яе сляды. А калі ён пайшоў на гэты, апошні, па сутнасці, варыянт, значыцца, пагроза над ім павісла незвычайная. Пашкадавала, што захапіла бінты і лекі. Увогуле гэта самыя ходкія рэчы для абмену — лекі, але за вынас іх караюць. А яе нечаканае знікненне з бальніцы, безумоўна, звяжацца са знікненнем Шабовіча. Калі яго шукаюць, ёй не адгаварыцца ні хворай цёткай, якой яна і раней амаль адкрыта (на пасту паказвала, чым і заваявала давер’е) насіла лекі, ні менай. Але тут — во ўдача! — з буданчыка выйшаў тоўсты немец. Ледзьве не радасна павітаўся:

«Гутан таг, фрэйлін… фраў…»

Пажмурыўся, што сонны кот, і жартаўліва, робячы выгляд, што абыходзіць цэлую гару, абышоў вакол яе, засмяяўся і паляпаў далоняй па яе мяккім жываце.

«Гут!» — і паказаў свой жывот: маўляў, даганяеш.

Аксана спачатку пахаладзела: во ўліпла, усяго ж месяц назад ішла тут што трэсачка, не паўнеюць гэтак за такі кароткі час. А немец ледзьве не сілком сцягнуў з яе плячэй мяшок — Аксана аблілася халодным потам — паважыў яго, вярнуў ёй і сказаў з папрокам:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: