Вход/Регистрация
Ахвяры
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Не хапай. Так у цябе ненадоўга хопіць сілы. Пакуль я іду сама…

Пакуль… А потым? Ведаў, што неўзабаве яму прыйдзецца несці яе. Але Аксане пра гэта не сказаў.

Заміналі мяшок і вінтоўка, асабліва вінтоўка; ён не служыў у арміі і насіў вінтоўку хіба на ваеннай падрыхтоўцы ў медтэхнікуме, вучэбную, з дзіркай у дуле, без патронаў. Тры абоймы ляжалі ў паліцэйскага ў шынялі. Стась пералажыў іх у сваю кішэню. Хацелася паглядзець пасведчанне. Але не мог павярнуць нябожчыка — лепш не бачыць яго твару, каб не прыдаваўся. Так лягчэй: забіў ворага, не чалавека — як на фронце.

Аксана згадзілася з ім: лепш не бачыць.

— Вечнай памяці яму не будзе. Разумны чалавек праехаў бы міма такіх начлежнікаў. Колькі цяпер блукае па свеце людзей! Дзе ж ім заначаваць? А ён усвоіў фашысцкую формулу: страляй у кожнага падазронага. Стрэліў…

— А ў яго, напэўна, дзеці. Што іх прымушае ісці на такую службу?

— Ненавідзяць уладу нашу.

— За што? У мяне дзядзьку арыштавалі ў трыццаць восьмым. Помніш, як мяне хацелі выключыць з тэхнікума? Добра, што ён жыў далёка, на Урале, і я толькі малая бачыла яго. Ён муляр, завод будаваў…

— Не гавары многа — траціш сілы.

— Не бойся. Сілы ў мяне хопіць.

А крок збівала часцей і часцей, цяжэй павісала на яго руцэ.

Выйшлі ў бор. Але пад соснамі раслі чарніцы, на іх след заставаўся яшчэ больш выразны — зялёная сцежка.

А потым адкрылася поле. Землі тут камяністыя, бедныя, але краявіды незвычайныя. Нехта назваў мясціны тутэйшыя беларускай Швейцарыяй — вядомая з падручнікаў геаграфіі Беларуска-Літоўская града. Поле нешырокае, сотні тры-чатыры крокаў, а далей зноў лес, узбіраўся на круты ўзгорак малады бярэзнік. Але поле засеяна азімінай, і на рунь сеў больш густы іней, чым у лесе. Узышло сонца, і поле ажно іскрылася, зіхацела, сляпіла вочы.

«Божа мой, якое-яно, жыццё!» — упершыню з душэўным смуткам падумала Аксана.

— На такім полі сцежка ад слядоў будзе відна вунь з той гары, за дзве вярсты.

Паспрабавалі абысці азіміну і выйшлі на торную дарогу, пясчаную. Небяспечна ісці па ёй, але сляды на пяску хутка растаюць. I Шабовіч рызыкнуў. Падхапіў Аксану падпашкі і ўподбег рушыў па дарозе. Прабеглі так да лесу ў падэшвы ўзгорка і… апусціліся на зямлю.

I — дзіўна — ён дыхаў не так цяжка, як Аксана, быццам не ён нёс яе, а яна яго.

— Цяжка табе ісці?

— Цяжка, — шчыра прызналася яна, вінавата ўсміхаючыся засмяглымі вуснамі. — Ногі млеюць, і галава кружыцца.

— Далей не пойдзем.

У вачах яе адбілася здзіўленне: а што будзем рабіць?

— Удзень правядзём разведку. А ўначы я паспрабую дастаць каня і воз. Па-добраму не дадуць — забяру па законах ваеннага часу.

Яны ўглыбіліся ў лес, ледзьве не на вяршыню ўзгорка. У лесе гэтым трапляліся зялёнкі.

— Глядзі, зялёнкі! Так позна.

— Не падабаецца гэта мне. Могуць з’явіцца грыбнікі.

— Гэта не страшныя людзі — дзеці, кабеты, — сказала Аксана.

— Дзеці раззвоняць на ўсю ваколіцу.

— Тыя дзеці, што ходзяць па грыбы, не раззвоняць. Дзеці цяпер разумныя.

Аксана прагна аблізвала вусны. Паліць яе. А дзе дастаць вады на гэтай гары?

— Пайду пашукаю ваду.

— А ў што?

Сапраўды — у што? Ніякай пасудзіны. У фуражцы не данясеш, а ўсё астатняе тканіна. Адна стограмовая шкляначка з маззю. Мазь можна перакласці ў паперу ад бінтоў. Але колькі ў такой шклянцы тае вады!

Аксана засмяялася, і ў такім стане яна здольная смяяцца, толькі вусны балюча перасмыкаліся.

— У мяшку ёсць галошы. Новыя. Глыбокія. Я ўзяла іх для праўдападобнасці, што іду выменьваць, а ў сапраўднасці хацела прынесці падарунак Алёне. Яе маўклівасць і нейкая дзіўная адчужанасць даўно непакоілі мяне. Я ж ведаю, яна любіць мяне… Але толькі ўчора зразумела — баіцца. Ворагаў баіцца і… мяне… Любіць і баіцца. Во як бывае!

Шабовіч спусціўся з галошамі ў нізіну і знайшоў балацянку; вада ў ёй была рыжая, пахла прэлым лісцем. Але ўсё ж гэта вада. Ён сам напіўся з задавальненнем і, здаецца, ажыў, падужэў. Ды яшчэ знайшоў журавіны, узрадаваўся, набраў іх у кішэню плашча.

Галошы нёс перад сабой, як свяшчэнную каштоўнасць, ступаў асцярожна, каб не распляскаць ваду. Аксана ажно засмяялася, убачыўшы, як ён нясе. Піла яна прагна. А журавінам узрадавалася, што дзіця, якое ўпершыню ўбачыла дзівосную ягаду.

— Якая я непрактычная. Нічога не ўзяла паесці. Але я спадзявалася на цётку. А калі яна так сустрэла, на ўсё забылася. Дзіўна, што дзядзька не здагадаўся. А я падужэла, Стасік. Я падужэла. Здаецца, ніколі не піла такой смачнай вады. Гумай пахне, як бальнічныя шклянкі лекамі. Дзякую табе. З такім рыцарам можна і ў лесе пражыць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: