Шрифт:
— Каб можна было распаліць касцёр, я напёк бы зялёнак… запалкі ёсць… Чаго не забыўся ў Чурсіка — запалкі і тытун. А пра нож не падумаў.
Аксана сапраўды як паздаравела. Разгаварылася.
— Баліць табе?
— Баліць, але нямоцна. Я церпялівая.
— Пад вечар перавяжам.
— Не. Лепей да заўтра не чапаць. Сваім хворым мы робім перавязку раз у двое-трое сутак, ты ж знаеш. Эканомім бінты.
I яна заснула. Неяк нечакана, спакойна. Дыхала роўна. I Стась узрадаваўся. I яму варта было б паспаць, прыгрэўшыся на асеннім сонцы. Уначы будзе не да сну. Але заснуць не мог. Думкі варочаліся ў галаве, што цяжкія валуны. Ды і гукі насцярожвалі. То трашчалі недалёка сарокі — ходзіць па лесе нехта, то замукала далёка карова, пратарахцелі колы — там з другога боку ўзгорка. Пайшоў туды і… адкрыў вёску. Яна тулілася ў нізіне паміж узгоркамі, голая, сіратлівая. Але вёсачка ўзрадавала: тое, што трэба, — малая, хат пятнаццаць усяго, у такой не можа быць ні гарнізона, ні паста, самае большае — стараста.
Фурманка праехала ў лес, па той дарозе, што абгінала ўзгорак, на якім яны днявалі. Але на возе было двое мужчын. Такія добраахвотна каня не аддадуць, а браць гвалтоўна, з дапамогай зброі, — неразумна. На такім кані далёка не ад’едзеш.
Добра, што грыбнікі не з’яўляюцца. Позна. Канец лістапада.
Вярнуўся да Аксаны. Яна не спала і была ўстрывожана.
— Ці то я сасніла, ці праўда чула галасы, там, унізе. Я спалохалася, што цябе няма побач.
— Ехала фурманка. Двое мужчын. Але дзіўна, што ты чула галасы і не чула тарахцення воза. Там недалёка вёска, і я падумаў: а ці не схадзіць туды? Пажабраваць. Можа, хто даў бы акраец хлеба ці вараную бульбіну. Трэба падтрымаць твае сілы.
— Не хадзі. Я баюся адна. У горадзе я нічога не баялася. А тут я спакойная, калі ты побач. Вазьмі маю руку, і, пабачыш, я засну зноў.
Сапраўды Аксана зноў скора заснула. Санлівасць яе не падабалася Шабовічу, яўная прыкмета знясіленасці. А што ён хацеў: каб раненне, цяжкія душэўныя перажыванні прыбавілі жанчыне сілы? Сам адчуваў, што траціць яе, уласную сілу. Сядзеў, трымаў Аксаніну руку і нейкія моманты правальваўся ў дзіўны стан, калі не было ні думак, ні адчування навакольнай рэальнасці, свайго цела. Аднак сном гэта назваць нельга, у тым і бяда, што ён не спаў, не мог заснуць. Але самае страшнае было, калі апускаўся яшчэ глыбей у тое падманнае бяздонне, дзе наступала здрадлівая расслабленасць, з якой цяжка было выходзіць; узнімаўся назад, на зямлю, як з марской глыбіні — з кесоннай хваробай: біла ў галаву да звону ў вушах, сціскала ў грудзях, а ногі… на нагах вісела ўся зямля, увесь яе цяжар. Кажуць, пры кесоннай хваробе кіпіць кроў. Дык вось пры «пад’ёмах» са шчаслівай пустэчы кіпела яго кроў, кіпела так, што, здавалася, парве сасуды. А яшчэ палохала адсутнасць таго рою думак, тае фантазіі, якая была ў турме, на камароўскіх гародах, у доме Чурсіка, там з’яўляліся тысячы варыянтаў уратавання. А там жа было ўсяго адно жыццё — яго, а тут, акрамя свайго — жыццё самага дарагога чалавека. Тут цяжкім каменем лёг у галаве адзін варыянт, — як дапаўненне да іх чацвёртага. I як там, у Мінску, ён нічога не мог змяніць у выхадзе Аксаны з горада, так і тут — іншых варыянтаў не існуе. Не думаў нават над дзталямі, бо ніводную з іх немагчыма прадбачыць.
Каб не правальвацца ў гэтую бяздумную бездань, не садзіўся, хадзіў вакол, як вартавы.
Аксана расплюшчвала вочы, знаходзіла яго, усміхалася ўзрадавана і разоў колькі без слоў засынала зноў. Яе пачала стамляць нават размова, разумеў Шабовіч. Сімптом найгоршы. А калі пад вечар прысеў і ўзяў Аксаніну руку, пачуў, што ў яе пачаўся жар.
Апанаваў страх, якога не перажыў ні ў адной сітуацыі.
«Калі гэта гангрэна, я бездапаможны… Божа мой! Што яго прымусіла страляць?»
Перавязваючы, нюхаў рану. Не, гнілі няма, пах свежай крыві і пах яе цела, яе валасоў, незвычайна заўсёды пахлі яе валасы — спрадвечнай жаночай мацярынскай чысцінёй.
У вячэрнім зроку перанёс, хоць яна і супраціўлялася — сама хацела ісці, Аксану ўніз да дарогі. Калі добра сцямнела, пайшоў здзяйсняць свой адзіны варыянт.
Па вуліцы вёсачкі не пайшоў — па гародах, за хлявамі, зноў браў перашкоды — платы, горш, што тут некаторыя былі частакольныя, калы завостраныя.
«Нямірныя тут суседзі, куркулістыя», — вывад такі трохі непакоіў. Але іншага варыянта прыдумаць нельга, хоць тыдзень думай. Трэба знайсці, дзе ёсць конь, а там — будзе што будзе.
Пачуў бадзёрае фырканне., хрумстанне сена. Здзівіўся, што на яго ціхі стук у акно, нават не спыталі — хто. Прайшла, бачыў, высокая жанчына ў сенцы і грымнула засовам.
— Можна да вас?
— Добраму чалавеку — можна.
Яна растварылася, што дух, у цемры сенцаў, а Шабовіч ступіў у хату. За сталом сядзеў барадаты стары ў акулярах у жалезнай аправе і чытаў тоўстую старую кнігу, такой кнігай магла быць толькі Біблія. «Трапіў я, аднак. Калі старавер — вады не дасць», — незадаволена падумаў Шабовіч, ён з недаверам ставіўся да такіх вось набожных старых, бо добра, з маленства, ведаў маскалёў-старавераў.
Дзед глянуў паверх акуляраў, здавалася, без усялякай цікавасці.
— Добры вечар, бацька.
— Вечар добры, сынок.
Увайшла жанчына з сенцаў, прайшла міма яго ў кут да ложка, села, як святая, высокая, худая, пласкагрудая, даць ёй можна было гадоў сорак, такімі мужападобнымі бываюць векавухі, што не выходзілі замуж, не нараджалі. Сказаў ёй:
— Смела вы, аднак, адчыняеце… у наш час.
— Чалавек, які ўваходзіць праз дзверы, — госць.
Шабовіч наблізіўся да стала.
— Біблія?
— Біблія.
— Мудрая кніга, — вырашыў трохі падльсціць, падмазаць.
— Чытаў?
— Каюся. Не чытаў. Ніхто не параіў ды і не даў самую кнігу. Першы раз бачу.
Стары ўздыхнуў.
— Калі вы не пярэчыце, я сяду.
— Сядай. Лаўку не праседзіш.
Шабовіч сеў на ўслон збоку да стала, але, угледзеўшы, што сеў якраз жа напроціў акна, адсунуўся бліжэй да кута, бліжэй да гаспадара, апынуўся тварам у твар.
— Вас там многа? Хтось на мушцы мяне трымае?