Шрифт:
Пасля рэйду, нягледзячы на ламату ў паясніцы, Золатаў быў добры і вясёлы, сам падыгрываў Ігаравым кепікам са сваёй панскай хваробы. Настрой у маёра яшчэ да рэйду ўзняўся. Тры дні назад прынялі радыёграму начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху.
«Усім партызанскім брыгадам і атрадам Беларусі.
Нямецкая разведка ў Мінску арганізавала падстаўны цэнтр партызанскага руху з мэтай выяўлення партызанскіх атрадаў, засылкі ў іх ад імя гэтага цэнтра здраднікаў, правакацыйных дырэктыў і ліквідацыі партызанскіх атрадаў. Гэты цэнтр партызанскімі атрадамі Мінскай зоны выкрыты. Маюцца звесткі аб тым, што ў гэтай зоне, у мэтах нямецкай разведкі, створаны другі цэнтр, які таксама рассылае дырэктывы і людзей і імкнецца звязацца з партызанскімі атрадамі.
Загадваю: у мэтах папярэджання пранікнення ў атрады варожай агентуры партызанскім атрадам з прадстаўнікамі якіх бы то ні было арганізацый з Мінска ў сувязь не ўступаць і ніякіх дадзеных аб дыслакацыі, колькасці, узбраенні і дзеяннях атрадаў не даваць. Завербаваных прадстаўнікоў, якія з’яўляюцца, уважліва правяраць, і тых, хто выклікае сумненні, затрымліваць.
Панамарэнка».
Золатаў лічыў, што немалую ролю ў прасвятленні становішча ў Мінску мела яго нядаўняе данясенне. А гэта апраўдвала яго дзейнасць тут, тлумачыла правалы яго разведчыкаў у Мінску, нельга не праваліцца, калі фашысцкае камандаванне стварыла такую правакатарскую сетку. Апраўдвала перад начальствам яго асабіста — што хапіла ў яго розуму не пайсці самому; добрую спажыву мела б варожая контрразведка.
Здзівіла стаўленне камандавання атрада да шыфроўкі, на яго думку, блізарукае стаўленне, апалітычнае. Брагінскі паціснуў плячамі — не прыдаў радыёграме значэння, маўляў, нас гэта мала датычыць, у нас няма непасрэднай сувязі з Мінскам. Камісар пашкроб патыліцу: «Цёмны лес. Ніякай яснасці — што да чаго». А Ман проста асудзіў: «Седзячы ў Маскве, рабіць такія вывады? Не паспешліва, Нямала ж там сумленных байцоў. I яны пастаўлены пад двайны ўдар».
Для Мана не існуе аўтарытэтаў. Для яго сам таварыш Сталін не аўтарытэт. А неяк пры размове пра Берыю дзіўна скрывіўся камандзір, хоць нічога і не выказаў. Золатаў запомніў гэтую «паганенькую ўхмылачку». Канешне, пра ўхмылачкі радзіраваць не будзеш. Але помніць варта, можа, калі-небудзь спатрэбіцца, для вуснага даклада, калі вернецца ў Маскву, характарыстыкі людзям, з якімі тут сустрэўся, ён павінен даць поўныя, усебаковыя. Між іншым, і ў часе рэйду ў яго з’явіўся штрышок у характарыстыку Мана: шкадуе паліцэйскіх, была магчымасць скасіць іх больш. Падумаеш, здабытак на цэлы дзень — пяць чалавек.
Радавала Золатава радыёграма. Радаваў рэйд. Урэшце, пры ўсім тым ён, Золатаў, удзельнічаў у сапраўднай баявой аперацыі і паводзіў сябе смелым байцом, ініцыятыўным камандзірам. Асабліва цешыла, што ўпершыню за тры месяцы выканаў свой непасрэдны прафесійны абавязак, другую баявую задачу групы — знішчэнне здраднікаў: дапытаў двух захопленых паліцэйскіх і аднаго, зацятага, які на допыце мацюкаў і Саветы, і Сталіна, і партызан, асабіста сам вывеў за хлеў і… шлёпнуў з задавальненнем, якога даўно не меў, толькі хіба гады чатыры назад, калі расстрэльваў пісьменніка, які, падлюга, на судзе адмовіўся ад усіх паказанняў і абвінаваціў яго ў недазволеных прыёмах следства; польскага шпіёна гэта не ратавала, але следчаму было прыемна, калі нарком Наседкін кінуў папрок: «Груба, Золатаў, працуеш».
За другога паліцая заступіліся вяскоўцы: трохі мяшком ляпнуты, пяцёра дзяцей, нікога не пакрыўдзіў. Ман адпусціў яго. У гэтым выпадку Золатаў ухваліў дзеянне спагадлівага камандзіра, у такой сітуацыі павінна быць палітыка і прапаганда, не лічыцца з думкай народа нельга, народ павінен верыць у гуманнасць партызан.
Паясніцу Золатаву ўначы расціралі весела, калектыўна — фельчар Гнядкоў, Баслычыха, сам Ман. Малады зубаскал Кіпень рагатаў:
«Вы не ў тую шчыліну яму спірытус ільеце. Не паможа. Спірт трэба ў рот, а пад хвост — шкіпідар».
У любы іншы час маёр не сцярпеў бы такіх смяшкоў з намёкамі, такой знявагі. А тут на жарт адказваў жартам. I выконваў параду: уліваў туды, куды трэба. I гэта, напэўна, памагло. Праўда, доўга не ведаў, як прымасціцца на мулкай канапе, але потым заснуў.
Моцна спалі ўсе, акрамя Брагінскага.
Баслычыха прынесла снеданне, як звычайна. Капітан зашаптаў:
— Дайце ім паспаць. Сёння зробім выхадны. Пастаўце, мы самі падагрэем.
Але кухарка забрала каструлю з густым бульбяным супам назад. Праз гадзіну прынесла зноў і ў гэты раз з парога грымнула:
— Ану, пад’ём! Разаспаліся як паны! Рабочыя людзі абедаюць у такі час.
Золатаў павярнуўся, і яму зноў стрэліла ў паясніцу, але не востра ўжо, і настрой гэта не сапсавала. Упершыню фамільярна прабурчэў:
— Ну, і чортава ж ты баба, Матрона. Няма ад цябе спакою. Як цябе муж цярпеў?
— Мужа я на руках насіла, у люлечку клала.
— Пакладзе такая, як ты, — бакі забаляць.
— Ты, маёр, што наравісты конь — вернеш заўжды ў свой бок… куды табе хочацца.
— Няма ў цябе, камандзір, дысцыпліны ў атрадзе. Паслухай, як яна прабірае старэйшага.
— А табе хочацца, каб усе стаялі перад табой навыцяжку? Немуштраваныя мы. Зямлю араць умеем.
Ігар падхапіўся па камандзе кухаркі, спаў у штанах, і, босы, рабіў гімнастыку каля печкі.
— Ты мне суп не разлі, скакун. Не наскакаўся ўчора?
Ігар смяяўся, яго развесяліла, што Матрона ўрэшце дабралася і да энкавэдыста, скаблянула і яго, раней яна больш праязджалася па ім, маладым, зрэдку даставалася Аляксею Іванавічу, культурна паводзіла сябе толькі з хворым начальнікам штаба, да яго звярталася, як сялянка да настаўніка, паважліва: Навум Барысавіч.