Шрифт:
Золатаў пашкадаваў, што зачапіў языкатую бабу, але не пакрыўдзіўся за яе наскок, павярнуў на жарт.
Камандзір спаў у споднім, таму пры жанчыне не вылазіў з-пад кажуха.
Бяскрыўдныя сваркі Баслычыхі з Ігарам, з камандзірамі ўзводаў, з партызанамі і з ім заўсёды забаўлялі; жанчына ўносіла ў іх суровае лясное жыццё нейкую хатнюю атмасферу, па якой, напэўна, кожны сумаваў.
Пасля Ігар і Золатаў галіліся. Свяшчэнная працэдура. Але таксама забаўная. Ігар меў звычайную брытву савецкага вырабу. I як Аляксей Іванавіч яе ні напраўляў, не брала яна рыжаватай маладой поўсці. Перад галеннем ён часта жартаваў:
«Навум, завяззай мне канец тугім вузлом».
У Золатава брытва была адменная, нямецкая ці шведская. Але нават Брагінскаму не даваў ён сваёй брытвы, груба жартаваў:
«Дзве рэчы нельга давяраць самаму лепшаму сябру — брытвы і жонкі».
Ігар распаліў печку, нагрэў у кацялку вады і першы прымасціўся перад невялічкім люстэркам.
— Іду на галгофу.
— Вазьмі маю, — раптам прапанаваў Золатаў, здзівіўшы і Кіпеня, і Брагінскага, і Мана, які рэдка калі чаму здзіў ляўся.
Калі Золатаў пачаў галіцца сам, увайшоў камандзір узвода Мазоўка, дзяжурны па лагеры. Былы калгасны брыгадзір любіў армейскі парадак і заўсёды дакладваў бадзёра, гучна. А тут як бы вінавата пашкроб патыліцу:
— Таварыш камандзір, затрыманы невядомы… у самім лагеры ўжо…
Ман устрапянуўся: у лагер прабраўся чужы чалавек? Чэпэ!
— А паставыя твае што рабілі? Спалі?
— Чорт яго знае, як ён прабраўся. Без дакументаў, але з пісталетам… Во «вальтэр» бельгійскі… — не без шкадавання перадаў камандзіру пісталет.
— Вясёленькая гісторыя! — выгукнуў Ігар. — Так ён мог і ў нашу зямлянку ўваліцца, пакуль мы спалі.
— Дык і спытаў у Ляўшына… той каля прыбіральні яго сустрэў… Дзе, кажа, ваш камандзір?
Ман мацюкнуўся.
— Начальніка каравула — пад арышт!
— Кажа, з Мінска, падпольшчык…
Золатаў застыў з брытвай.
— Падпольшчык? — і тут жа сцёр са шчакі мыла, склаў брытву, вочы яго загарэліся, што ў лаўца, які пачуў здабычу. — Ну, во ён, не прымусіў сябе доўга чакаць. Хіба не казаў я, што з’явіцца?
Хто з’явіцца? Адкуль з’явіцца? Нічога ён такога не казаў. Праўда, пасля радыёграмы Панамарэнкі гаварылі пра яго людзей: ніводзін з трох не вярнуўся, не перадаў звестку. I хоць Ман аспрэчваў сцвярджэнне штаба, што немцам удалося сапраўднае падполле замяніць правакацыйным, ён мусіў пагадзіцца, што становішча ў горадзе складанае, і згадзіўся на тое, каб правесці разведку сваімі людзьмі — былымі мінчанамі.
— Сюды яго! — грымнуў Золатаў, адчуўшы сябе гаспадаром становішча — прываліла яго непасрэдная справа, знаёмая, любімая, па якой сумаваў.
Хутка надзеў гімнасцёрку, падперазаў партупею з кабурой на папрузе. Прайшоўся па зямлянцы як бы ўпрысядку, пацёр калені. Следам за ім паспешліва прывялі сябе ў форму астатнія. Толькі Аляксей Іванавіч не ўзброіўся, яго пісталет, які ён звычайна насіў у кішэні, ляжаў пад падушкай.
— Цікава, што за птушка да нас заляцела? — Золатаў ізноў пацёр калені. — Думаю, не верабей.
Забыліся на галенне, на суп, які пачаў кіпець на буржуйцы. Глядзелі на дзверы. Адчыніліся яны, і па насціле ў зямлянку спусціўся каржакаваты малады чалавек са шчаціністай барадой — колькі дзён не галіўся. Вочы яго ўзбуджана блішчэлі, Ігару здалося — радасна, Золатаву — падазрона, так яны ўпачатку гараць у кожнага злачынцы, бо кожны з іх падрыхтаваўся да лжывых паказанняў і ўпэўнены, што яны неабвяргальныя, вочы ў іх патухаюць тады, калі «прыціскаеш да сцяны», і тып такі вымушаны даваць праўдзівыя паказанні.
Шабовіч павітаўся гучна і радасна.
— Добры дзень, таварышы камандзіры! — і памкнуў-
ся павітацца за руку, але гэтага жэсту яго не ўбачылі. Адзін
барадаты адказаў:
— Добры дзень, калі не жартуеш.
Вядома ж, чаму гэта яны павінны вітацца з ім, не ведаючы, хто ён, адкуль.
— Я — Шабовіч, Станіслаў Антонавіч. З Мінска. Член падпольнай арганізацыі.
Золатаў ажно крактануў ад задавальнення — знаёмы прыём, колькі разоў чуў: «Я — стары бальшавік».
Ману таксама не спадабалася такое самаўпэўнекае прадстаўленне — быццам дакументы паклаў на стол. Падпольшчык павінен ведаць, што такое прадстаўленне на вайке, у сітуацыі, у якой ён апынуўся, мала што значыць. I камандзір задаў пытанне, якое, здавалася яму, хоць штосьці магло прасвятліць ці ва ўсялякім разе падказаць гэтаму дзіваку, калі ён наш чалавек, што не з таго трэба пачынаць:
— Як вы знайшлі нас?
— А мяне правёў хлапчук… тутэйшы. Ён тут усе хады знае.
Запунцавеўся і закашляўся Брагінскі: ахова лагера абавязак начальніка штаба.
— А хлопчыка дзе вы знайшлі?
— О, гэта доўгая гісторыя!
— I што вы прынеслі нам? — спытаў Золатаў.
Шабовіч разгубіўся, нават азірнуўся: а што ён павінен быў прынесці?
— Нічога не прынёс. Пісталет. Мяне арыштавала СД. Я ўцёк у першую ж ноч. У горадзе татальная аблава. Заставацца там немагчыма было. I мы пайшлі…